Па кропельцы ў бюджэт

Лета пакрысе забівае беларускі эканамічны цуд. Насельніцтва імкнецца з’ехаць на адпачынак з краіны. У сувязі з гэтым назіраецца павышаны попыт на валюту. А ўрад працягвае шукаць грошы, дзе толькі можна. І дзе нельга таксама. 



Вясновыя месяцы дадавалі аптымізму Нацбанку: насельніцтва, апынуўшыся ў вымушаных прастоях, панесла здаваць у банкі валюту з кубышкаў. Але зараз назіраецца адваротная сітуацыя. Ізноў пайшло вымыванне валюты з краіны.

Як сведчыць статыстыка, у чэрвені грамадзяне краіны прыкметна павялічылі куплю валюты. Валавая купля яе склала $507,8 млн. — на 29% больш, чым у маі ў наяўным выразе, то бок, паперкамі. Безнаяўная купля валюты таксама павялічылася. Насельніцтва  набыло безнаяўнымі зялёнымі $148,6 млн. (на 33,3% больш), а прадало толькі $49,4 млн. (на 9,9% менш).

Лічбы ліпеня-жніўня па пакупцы валюты насельніцтвам будуць, напэўна, яшчэ менш аптымістычныя для Нацбанка. Між тым, напачатку жніўня краіна павінна выплаціць па еўрабондах каля $1 млрд. Не выключана, што сітуацыя з дэвальвацыяй можа здарыцца нават раней за прэзідэнцкія выбары. І не кажыце, што мы вас не папярэджвалі.

У той жа час урадаўцы спрабуюць не дапусціць такога сцэнару і шалёна шукаюць грошы. Як звычайна, як мы неаднаразова казалі, звыклым чынам. Напрыклад, Мінфін Беларусі пасля прыкметнага перапынку вяртаецца да рублёвых запазычанняў на ўнутраным рынку краіны. На мінулым тыдні гэтая ўстанова анансавала прамы продаж кароткатэрміновых рублёвых аблігацый з аб'ёмам эмісіі 1,5 трлн. рублёў. Тэрмін звароту аблігацый усталяваны ў 140 дзён. Даходнасць, якую абяцаюць улады, роўная бягучай стаўцы рэфінансавання Нацбанка РБ — 25% гадавых.

Адначасова з гэтым абвешчаны і выпуск валютных аблігацыяў. Фіксаваная стаўка па іх усталяваная на ўзроўні 7% гадавых. Гэта вышэй, чым сёння прапануюць банкі па валютных укладах (у сярэднім 5–6%, у лепшым выпадку — 6,5%).

Яшчэ адзін цікавы момант — калі ў 2012 і 2013 гадах аблігацыі прадаваліся толькі праз Беларусбанк, то на гэты раз у спісе ўжо 11 банкаў і УП «АСБ Брокер». Хочаце аблігацыі — калі ласка, запрашаем у бліжэйшы банк. Усё для людзей.

Для чаго Мінсфін збірае грошы? Эксперты лічаць, што гэтыя выпускі каштоўных папераў патрэбныя, каб прафінансаваць чаканы дэфіцыт бюджэту, або рэфінансаваць раней узніклыя рублёвыя даўгі перад суб’ектамі гаспадарання (напрыклад, перад «Беларуськаліем»). То бок, у бюджэце, хутчэй за ўсё, утварылася дзірка, пра якую мы пакуль што мала што ведаем.

Але ёсць і яшчэ адна версія. Грошы патрэбныя не на пэўную «дзірку», а проста іх зусім няма. Экспарт паваліўся, замежныя крэдыторы не спяшаюцца развязваць гаманцы, інвестары ў краіну таксама не кідаюцца. Прыходзіцца збіраць з міру па нітцы — $50 млн. з аблігацый, яшчэ кропельку з «дармаедаў», у крайнім выпадку можна што-небудзь прыватызаваць, ну і «братэрская» Расія, дасць Бог, не кіне.

Гэтыя кропелькі выліваюцца ў цікавыя рашэнні. Вось яшчэ адно: 2 ліпеня Аляксандр Рыгоравіч падпісаў указ пра электронную чаргу на мяжы. Здавалася б, зручна: указ дазваляе браніраваць час уезду ў аўтамабільныя пункты пропуска праз дзяржмяжу як фізічных, так і юрыдычных асобаў. Але ёсць нюанс. За гэта, аказваецца, трэба плаціць, бо ўказ рэгулюе і «спагнанне платы за браніраванне ў сістэме электроннай чаргі». Заплаціць за тое, што ты стаіш у чарзе — крутая прыдумка, не спрачаюся.

Не, канешне, раней на гэтым зараблялі грошы тыя, хто прафесійна займаў чаргу, а потым прадаваў гэтае месца тым, хто спяшаецца. Але каб такое зрабіць на дзяржаўным узроўні — гэта дзесяць балаў за вынаходніцтва!

Але калі ўжо сказалі «а», трэба казаць і «бэ». Давайце аформім «прафесійных стаяльшчыкаў у чарзе» як індывідуальных прадпрымальнікаў, прымусім іх плаціць падаткі і кожнаму дадзім касавы апарат. А тое ў перыяд адпачынкаў гэты бізнэс квітнее. Тым больш што працаваць яны будуць толькі летам, калі памежныя пераходы запруджаныя грамадзянамі, што мараць пра мора. А гэта — менш за 183 дні ў год. У астатні перыяд ім можна налічыць падатак на дармаедства.

Шукаючы адной рукой грошы ў кішэнях беларусаў, другой рукой улада змяншае паступленні ў бюджэт. На гэтым тыдні Мінгандаль на 90 дзён спыніў працу 177 крамаў «Дабраном», якія, як сцвярджаюць эксперты, падкантрольныя «Еўрагандлю» (сетка «Еўраопт»). Крамы будуць зачыненыя з 21 ліпеня 2015 года.

Закрыццё гэтых крамаў у Мінгандлі тлумачаць тым, што ЗАТ «Дабраном» несвоечасова разлічвалася з пастаўшчыкамі за пастаўленую прадукцыю. Запазычанасць арганізацыі за пастаўленыя тавары, у тым ліку мяса, малако і хлеб, склала звыш 30 млрд. рублёў.

З-за гэтага Мінгандаль вырашыў спыніць працу, а значыць, і выплаты падаткаў у бюджэт, 177 крамаў. Цікава, ці не перавысяць страты падаткаў суму запазычанасці? Там увогуле, у Мінгандлі, хто-небудзь думае пра дзяржаўны бюджэт і інвестыцыйную прывабнасць Беларусі?

Канешне, з такімі метадамі працы інвестары ў краіну не заявяцца. Больш за тое, збягуць тыя, што ўжо былі. І ўжо пачынаюць бегчы. Некаторыя — у літаральным сэнсе гэтага слова.

У інтэрнэце на тыдні з’явіўся цікавы загаловак: «Больш за 200 чалавек збіраюцца бегчы праз мяжу з Гродна ў Друскінінкай». Адразу ўзнікла думка, што на беларускай мяжы сабраўся натоўп нелегалаў, альбо што нашы грамадзяне масава шукаюць шчасця ў суседняй ЕСаўскай Літве. Але тэкст быў больш аптымістычны.

Ад Гродна да Друскенікаў акурат 42 кіламетры, а гэта — марафонская дыстанцыя. У нядзелю, 19 ліпеня, і ладзіцца такі забег. На пачатак месяца зарэгістравалася 234 спартсмены з 14 краін. Міжнародны марафон стартуе ў 8.00 ад Лядовага палаца ў Гродна, а скончыцца на цэнтральнай плошчы Друскінінкая. На мяжы бегуноў ніхто не спыняе — пашпартны кантроль яны праходзяць яшчэ да старту.

Першыя шэсць чалавек у абсалютным першынстве сярод мужчын і жанчын атрымаюць грашовыя прызы. А каб ім давалі літоўскае грамадзянства, магчыма, марафонцаў было б разы больш.

Каментаваць