Пад тытунёвую фабрыку ўплывовага бізнесоўца змянілі межы Мінску — Tut.by

Частку тэрыторыі Мінску — 1,48 га ў прамысловай зоне Шабаны — на чарговай сесіі Мінскага савету дэпутатаў вырашылі перадаць у склад Мінскага раёну, паведамляе «Радыё Свабода».

Ілюстрацыйнае фота

У публікацыі БелТА аб перадачы тэрыторыі не тлумачылі прычынаў рашэння — адзначалася толькі, што «гэта прамысловая зона, жылыя будынкі на ёй адсутнічаюць» і што «ўчастак размешчаны побач з дзейнай вытворчасцю тытунёвай кампаніі, якая будзе рэалізоўваць інвестыцыйны праект» (70% прадукцыі кампаніі ідзе на экспарт). Плануецца стварыць 200 працоўных месцаў, чаканы аб’ём інвестыцый — 100 млн беларускіх рублёў (ад каго — не ўдакладняецца).

Саму прамзону «Шабаны» ўключылі ў склад Мінску ўсяго 10 гадоў таму.

Партал Tut.by сцвярджае, што праект звязаны з бізнесоўцам Аляксеем Алексіным, якому Аляксандр Лукашэнка ў снежні мінулага года даручыў стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках. Паводле парталу, «дзве інфармаваныя крыніцы» расказалі, што праект рэалізуе кампанія, падкантрольная Алексіну, пад яго «падрыхтаваны праект указу прэзідэнта».

Алексін, верагодна, адзін з найбагацейшых людзей Беларусі. У рэйтынгу часопісу «Ежедневник» ён займае 6-е месца сярод самых паспяховых і ўплывовых бізнесоўцаў (перад ім Машэнскі, Добкін, Тапузідзіс, Кіслы і Луцэнка).

Сярод ягоных актываў — беларускія «Белнафтгаз» і «Энэрга-Оіл» (нягледзячы на назву, кампанія звязаная не толькі нафтай, але і гатэльным, банкаўскім і тытунёвым бізнесам), літоўская Neonafta ды іншыя нафтавыя кампаніі, МТБанк, маладзечанская мясная кампанія «Вялес-Міт», шэраг аб’ектаў нерухомасці, лагістычныя кампаніі ў Беларусі і гандлёвыя фірмы ў Латвіі, рэстарацыя «Старое рэчышча» і іншае. Да 2012 году быў партнёрам Юрыя Чыжа.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць