Падаруначкі пад ялінку

Па ўсім свеце ўжо запалілі агні на калядных ялінках. Беларусь таксама, як зараз модна казаць, «у трэндзе». Кіраўніцтва краіны ўжо заклапацілася пра тое, каб даць людзям спакойна адсвяткаваць Каляды і Новы год. Праўда, потым прыйдзецца разбірацца з вынікамі гэтых святкаванняў.



Аляксандр Лукашэнка загадаў цэнам не расці да Новага года і даручыў выканаўчым уладам забяспечыць выкананне гэтага загаду. «Мы напярэдадні святаў, самых любімых у людзей, — Новага года і Калядаў. Чалавек хоча годна іх сустрэць. Вы выдатна разумееце, хоць Мінск багацейшы за іншых рэгіёнаў краіны, але людзі тут розныя — багатыя, сярэднія і бедныя. Трэба не забываць, што Новы год — гэта перш за ўсё стол, застолле, і людзі заслужылі, пражыўшы і адпрацаваўшы гэты цяжкі год, каб цэны ў крамах былі нармальныя. Галоўнае, каб яны не падскочылі ў гэты перыяд», — сказаў Лукашэнка, выклікаўшы на даклад кіраўніка Мінгарвыканкама Андрэя Шорца.

«Не толькі ў Расіі, як мы гэта заўважылі, хочуць рукі нагрэць, але і ў нас дзялкі такія ёсць, хай іх няшмат, але ні ў якім разе нельга даць падставу, каб яны працавалі на ўздым цэнаў», — незадаволена бурчаў беларускі кіраўнік.

Мэр Мінска паслухаўся кіраўніка дзяржавы. Як ні дзіўна, тычыцца гэта зусім не харчоў. Найперш, не адбылося чаканага ў першай дэкадзе снежня падаражання праезду ў гарадскім транспарце. Ён як быў, так і застаўся на ўзроўні 4.000 рублёў. А гэта важна не толькі для Мінска, але і для ўсёй краіны, таму што ўслед за Мінскам зазвычай падымаюцца кошты на праезд і ў рэгіёнах.

Мінгандаль Беларусі загадаў галіновым міністэрствам, канцэрнам, абласным і Мінскаму гарадскому выканкамам «абвясціць мараторый на павелічэнне адпускных і рознічных цэн на спажывецкія тавары ў перадсвяточныя і святочныя дні (да 15 студзеня 2015 года)».

За невыкананне парадку цэнаўтварэння, а таксама заканадаўства аб гандлі і грамадскім харчаванні да парушальнікаў будуць прымацца самыя жорсткія меры, аж да закрыцця гандлёвых аб’ектаў і аб’ектаў грамадскага харчавання.

Гэта найбольш прыемная навіна для тых камерцыйных структураў, якія ў сферы гандлю не працуюць, але робяць для сваіх супрацоўнікаў навагоднія «карпаратывы». Калі раней кошты на такія вечарыны пад Новы год узляталі да нябёсаў, то зараз усё — мараторый. А хто заломіць «нябёсны кошт», дык тым і «жорсткія меры» аж да закрыцця.

Увогуле, Аляксандр Рыгоравіч, пэўна, любіць рабіць падарункі. Асабліва, калі гэтыя падарункі, па-першае, вырашаюць старыя праблемы, створаныя чыноўнікамі, а па-другое, тычацца ўсяго грамадства. Прынамсі, зараз ён жорстка, як кажуць, «па самыя памідоры» «ўставіў» міністру аховы здароўя Васілю Жарко за ягоныя навацыі з рэцэптамі.

Раней было як? Доктар выпісвае рэцэпт — і хадзі з ім у аптэку паўгады, альбо колькі спатрэбіцца для курсу лячэння. Згодна з новымі правіламі, адзін раз лекі купіў — пакінь рэцэпт у аптэцы. Калі табе трэба набыць лекі яшчэ раз — бяжы да ўрача па новы рэцэпт.

Зразумела ж, такая сістэма выклікала абурэнне. Улічваючы кошт лекаў у аптэках, пенсіянеры, пажылыя людзі, і не толькі яны, набывалі лекі «ўраздроб»: па пласцінцы таблетак, па пакуначку парашку. А зараз кожны паход за лекамі ператвараецца ў вандроўку «аптэка — паліклініка — аптэка». На новую пакупку патрэбны новы рэцэпт, а гэта азначае ледзь не штотыднёвае наведванне паліклінікі.

«Гэта ваша вядомая пастанова выклікала цэлую буру эмоцый у нашым грамадстве. Людзі пачалі скардзіцца, што Міністэрства аховы здароўя займаецца не тым, чым трэба, Мінздароўю трэба заняцца ўмовамі лячэння, а не усталяваннем бюракратычных перашкод», — заявіў Лукашэнка, выклікаўшы да сябе Жарко.

«Людзі настроеныя вельмі негатыўна! І нельга супрацьпаставіць іх думцы нічога! Навошта гэта было ўводзіць напярэдадні рознага роду вірусаў, эпідэмій, вострага перыяду захворвання? Нагрузка на лекараў павялічылася пры выпісцы. І шмат іншых пытанняў і праблем», — вазіў тварам па сталу міністра беларускі кіраўнік, падкрэсліўшы: Мінздароўя не павінна баяцца прызнаць, што здзейсніла памылку, прыняўшы рашэнне аб новым парадку водпуску лекавых сродкаў у аптэках.

Жарко паспрабаваў патлумачыць, што Мінздароўя адзначае значны рост аб’ёму спажывання лекавых сродкаў. У выніку аналізу сітуацыі яны прыйшлі да высновы, што частка лекавых сродкаў рэцэптурнага спісу адпускаецца без рэцэпту. Паводле слоў Жарко, часцей за ўсё гэта адбываецца ў камерцыйных структурах.

Дзівак гэты Жарко! Канешне, лекавыя сродкі рэцэптурнага спісу павінны адпускацца па рэцэптах — з гэтым ніхто не спрачаецца. Але сітуацыя, калі рэцэпт людзі павінны пакідаць у аптэцы, якраз і вядзе да таго, што «частка лекавых сродкаў рэцэптурнага спісу адпускаецца без рэцэпту»! Ну, напрыклад, аптэкарка альбо фармацэўт ведаюць: чалавек 10 год да іх прыходзіў па адны і тыя ж лекі, і заўсёды з рэцэптам. А зараз, то бок мінулым разам, рэцэпт, згодна навацыям Жарко, у яго забралі. І што, ведаючы чалавека 10 год, яны не дадуць яму лекі без рэцэпту? Тым больш, што ведаюць: рэцэпт у яго ёсць, проста яны самі ў яго гэты рэцэпт мінулым разам забралі…

А тое, што пайшоў значны рост спажывання лекавых сродкаў… Улічваючы кошты на лекі, Жарко наадварот павінен радавацца і дакладаць Лукашэнку, колькі грошай у казну з гэтага патрапіла, а не абмяжоўваць продаж пігулак ды парашкоў.

Можа, Аляксандру Рыгоравічу адразу выдаць адмысловы дэкрэт, якім забараніць чыноўнікам выдаваць шкодныя для насельніцтва пастановы, а насельніцтву дазволіць не выконваць неразумныя загады чыноўнікаў? Раз і назаўсёды…

Каментаваць