Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Падаткі: змяніць радыкальна

Беларуская дзелавая супольнасць прапануе вырашыць адразу дзве праблемы — беспрацоўя і развіцця бізнесу ў краіне — за кошт радыкальнага рэфармавання падатковай сістэмы Беларусі. Гэта можна зрабіць вельмі хутка, але для такога рэфармавання неабходная палітычная воля.

Фота politeka.net

Злачынцы праз непаразуменні

Падаткі ў Беларусі — тэма надзвычай хваравітая. Падатковая сістэма выбудаваная так, што займацца бізнесам, не дапускаючы падатковых парушэнняў, практычна не рэальна. Гэта на сваёй прэс-канферэнцыі пацвердзіў і намеснік міністра па падатках і зборах Уладзімір Муквіч. Ён распавёў, што ў 2016 годзе падаткавікі правялі каля 15 тысяч выязных праверак арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў. Парушэнні знайшлі ў 98 працэнтах выпадкаў. Для параўнання: у 2008 годзе парушэнні выяўляліся ў 78% выпадкаў.

Зразумела, што наўрад ці 98 працэнтаў бізнесоўцаў свядома парушаюць падатковае заканадаўства. Такога ўзроўню злачыннасці проста не бывае ў прыродзе. А значыць, гэта сама падатковая сістэма ў краіне пабудаваная такім чынам, што дапускае самыя розныя тлумачэнні адных і тых жа сітуацый. Шмат якія прадпрымальнікі сведчаць: адно і тое ж палажэнне Падатковага кодэкса два розныя падатковыя інспектары часцяком тлумачаць дыяметральна па-рознаму.

Фізічным асобам не нашмат прасцей. Паводле дадзеных міжнароднай аўдытарскай кампаніі “PricewaterhouseCoopers”, прамыя і ўскосныя падаткі, якія выплачваюцца імі, у сукупнасці складаюць больш за 54,8% ад прыбыткаў — гэта больш, чым у любой з суседніх краін.

Тыя, хто глядзеў 3 лютага цяперашняга года так званую «Вялікую гутарку з прэзідэнтам», напэўна памятаюць, як старанна вылучаў Аляксандр Лукашэнка з запрошаных госцяў эканаміста, дырэктара «Цэнтра Мізэса» Яраслава Раманчука. Як літаральна прасіў таго падаваць свае прапановы па ўдасканаленні эканомікі.

І вось цяпер Раманчук высунуў свае радыкальныя прапановы па рэфармаванні падатковай сістэмы Беларусі. Само па сабе гэта не было б навіной, але прапановы Раманчука катэгарычна падтрымала Рада па эканамічнай палітыцы пры Бізнес-саюзе прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара Макса Куняўскага (БСПН).

 

Толькі тры падаткі

У чым жа сутнасць прапаноў кіраўніка «Цэнтра Мізэса»? Ён лічыць мэтазгодным адмовіцца ад ПДВ і, па аналогіі з амерыканскай сістэмай, замяніць яго падаткам на раздробныя продажы. Паводле яго меркавання, для эфектыўнага і справядлівага падаткаабкладання дастаткова ўсяго трох падаткаў: з раздробных продажаў, акцызаў і падаходнага падатку з фізічных асоб.

Падатак з раздробных продажаў пры цяперашнім іх аб’ёме і стаўцы ў 20 працэнтаў забяспечыць паступленні ў бюджэт у памеры 5 мільярдаў долараў. Столькі ж дадуць акцызы на алкаголь, тытунь і энергетычныя тавары. Каля 3,5–4 мільярдаў прынясе падатак з фізічных асоб па стаўцы 10 працэнтаў. Разам дзяржаўны бюджэт атрымае каля 14 мільярдаў долараў, або 30 працэнтаў да ВУП.

Такая падатковая нагрузка прыкладна на 25 працэнтных пунктаў ніжэй за цяперашнюю. Тым не менш, як паказваюць папярэднія разлікі, кансалідаваных у бюджэце сум хапіла б для паўнавартаснага забеспячэння дзяржвыдаткаў ужо ў цяперашнім годзе.

Рэформа радыкальна знізіць падатковую нагрузку на бізнес і падвысіць яго канкурэнтаздольнасць, у тым ліку на міжнародным узроўні. Акрамя таго, значна знізяцца выдаткі на падатковае адміністраванне, бо разабрацца з падлікам і выплатай трох падаткаў змогуць нават людзі без адмысловай бухгалтарскай адукацыі. Пакуль жа з прычыны цяжкасцяў падатковага адміністравання штогадовыя выдаткі эканомікі толькі на ўтрыманне бухгалтэрыі ацэньваюцца ў 3,36 мільярда долараў. А бухгалтар у Беларусі — самая масавая прафесія. Хіба гэта нармальна?

«Магчыма, шмат хто палічыць такія прапановы занадта рэвалюцыйнымі, аднак у БСПН лічаць, што ў іх аснове ляжыць правільны, рацыянальны падыход. Па меркаванні чальцоў нашай Рады па эканамічнай палітыцы, не варта баяцца новых ініцыятыў. Пераход на тры падаткі дае дзяржаве тую жа суму прыбыткаў, але раўналежна вырашае праблемы роўнасці, нейтральнасці і ўніверсальнасці падаткаў. Ліквідуюцца неправамерныя палёгкі ў цэлага шэрагу прадпрыемстваў і галін», — адзначыла сустаршыня і дырэктар БСПН Жана Тарасевіч.

 

Аналаг «рэформы Мазавецкага»

Адным з прамых наступстваў такой падатковай рэформы стане развіццё малога і сярэдняга бізнесу, у тым ліку ў рэгіёнах. А гэта, у сваю чаргу, дапаможа вырашыць праблему з беспрацоўем — як гэта адбылося ў Польшчы ў 1989–1993 гадах. Там у 1991 годзе пасля «рэформаў Бальцаровіча» без працы засталося мноства супрацоўнікаў нерэнтабельных дзяржпрадпрыемстваў. Але яшчэ ў 1989-м у краіне адбыліся «рэформы Мазавецкага», якія далі зялёнае святло дробнаму прыватнаму бізнесу. Як вынік, у 1991–1993 гадах менавіта прыватны сектар працаўладкаваў («паглынуў») большасць новых беспрацоўных.

Зразумела, як і любая рэформа, прапанаванае спрашчэнне падатковай сістэмы патрабуе дэталёвага асэнсавання і ўдакладненняў. Напрыклад, неабходна неяк ўпісаць яго ў фармат супрацы ў ЕАЭС. Акрамя таго, узнікае пытанне, як быць з міжнароднымі дамовамі аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання. Скасаванне падатку на прыбытак можа прывесці да таго, што гэтыя сумы з замежных уласнікаў беларускіх прадпрыемстваў пачнуць спаганяць іншыя дзяржавы.

Хутчэй за ўсё, апісаную падатковую ініцыятыву не ўспрыме беларускае Міністэрства па падатках і зборах, бо яна пакіне без працы даволі шмат падаткавікоў-кантралёраў. Аднак такая рэформа рэальна здольная перазапусціць эканоміку Беларусі — калі, вядома, на тое будзе палітычная воля кіраўніка дзяржавы.

У БСПН маюць намер працягнуць абмеркаванне магчымай падатковай рэформы. «Мінфін, падаткавікі выступаюць у тым сэнсе, што, маўляў, калі нешта закранём, пачнём змяняць, то заўтра ўсё абрынецца. Цяпер наша задача падрыхтаваць грамадства, уладу, каб было ўсведамленне, што трэба нешта змяняць», — лічыць ганаровы старшыня БСПН Георгій Бодняў.


Каментаваць