Падмена паняццяў: Крызіс перавытворчасці

Здаецца, шмат якія праблемы Беларусі абумоўленыя тым, што ўлада думае адно, гаворыць другое, а робіць трэцяе. У традыцыйным стылі «кепскі народ» на сустрэчы з маладзёнамі Аляксандр Рыгоравіч раптам пачаў казаць пра лянівых беларусаў.



Выступаючы на форуме «Традыцыі. Моладзь. Будучыня», наш правадыр заявіў: «У нас ёсць тысячы, дзясяткі, сотні тысяч выдатных, сумленных, самаадданых работнікаў. Іх пераважная большасць. Але нямала і гультаёў, і п’яніц, і разгільдзяяў. Можна са мной не згаджацца і спрачацца, але ёсць аб’ектыўныя факты. Наша прадукцыйнасць працы хранічна адстае не толькі ад еўрапейскіх краін і ЗША, але і ад многіх азіяцкіх дзяржаў», — сказаў Лукашэнка.
 
Літаральна ў маі гэтага года Лукашэнку давялося заняцца пытаннем разгрузкі складоў, бо колькасць тавару на іх перавысіла ўсе разумныя межы. Хіба такое магчыма было б пры тым, што ў нас «нізкая прадукцыйнасць працы». Некаторыя эканамісты, напрыклад, Леанід Заіка, нават казалі пра новы беларускі крызіс — крызіс перавытворчасці. 
 
«Тое, што зараз адбываецца ў Беларусі, згодна з усімі асноўнымі эканамічнымі тэарэтыкамі, ад Маркса да Кейнса, — класічныя паказчыкі эканамічнага крызісу, а канкрэтна крызісу адноснай перавытворчасці. У 2013 годзе мы атрымалі рэзкае павелічэнне таварных запасаў, памяншэнне збыту прадукцыі на знешніх рынках на 20%, неадэкватны стан унутранага рынку. Пры гэтым прадпрыемствы працягваюць вырабляць прадукцыю, якую ніхто не купляе. А значыць, каб прадаць прадукцыю, трэба зніжаць на яе кошты, і гэта зніжэнне ўжо заўважна на знешніх рынках. Гэта і ёсць класічны крызіс адноснай перавытворчасці», — казаў Заіка ў маі гэтага года.
 
Прапанова ж Лукашэнкі разгрузіць склады і прызначыць адказныя за гэта групы таварышаў, ад супрацоўнікаў міліцыі да міністраў, ні да чаго не прывяла. Таварныя запасы павялічыліся да 75% ад месячнага выпуску, а былі на ўзроўні 40%. «Мы выпускаем прадукцыю, якая нікому не патрэбна. У гэтым годзе мы прадалі за мяжу тавараў на 20% менш. Хлопцы, вы выраблялі прадукцыю, якая неканкурэнтная, дарагая, высокія выдаткі. Адны дурні выраблялі тавары, цяпер іншыя дурні думаюць, куды іх падзець», — канстатаваў Заіка.
 
Выйсце з крызісу перавытворчасці такое ж класічнае, як і сам крызіс. Трэба перастаць вырабляць тыя тавары, якія не карыстаюцца попытам, і пераводзіць прадпрыемствы на новыя рэйкі, выпуск новай прадукцыі, якая попытам карыстаецца. Але замест таго, каб пачаць выпускаць танныя легкавікі і смартфоны, беларускі ўрад запускае праграму мадэрнізацыі прадпрыемстваў, якія па-ранейшаму будуць ствараць старую, нікому не патрэбную прадукцыю.
 
Для гэтага патрэбныя, перш за ўсё, грошы. Але чаму б тады не дапусціць на беларускі рынак інвестараў? Чаму мы кіруемся формулай «хай кепскае, затое сваё»?
Таму што замежны інвестар, праводзячы перапрафіляванне прадпрыемстваў, непазбежна выкіне з працы тых самых гультаёў, п’яніц і разгільдзяеў. А гэта азначае значнае павелічэнне беспрацоўя, пагаршэнне статыстыкі, павелічэнне выдаткаў на службы занятасці ды дапамогу па гэтым беспрацоўі і як факт — канец «сацыяльна арыентаванай» дзяржавы (не блытаць дзяржаву з краінай!).
 
Дадатковы момант у «прадукцыйнасці працы» і крызісу перавытворчасці ў тым, што мы не можам нават атрымаць грошы за ўжо, нібыта, прададзеную прадукцыю. Пра гэта і казаў Лукашэнка 9 кастрычніка на нарадзе па сацыяльна-эканамічным становішчы краіны: «Галоўнае — гэта грошы ў краіну, а не тавар за мяжу выкінулі і паставілі там недзе пад плотам. Куды хочаце вязіце, але грошы павінны ў краіну паступіць».
 
Знешняя дэбіторская запазычанасць беларускіх прадпрыемстваў па стане на 1 верасня 2013 года, згодна дадзеным Белстата, дасягнула 50,8 трыльёна рублёў. Гэта каля 5 мільярдаў долараў. І ў той час, калі нам не сплочваюць такія грошы, мы вядзем перамовы аб чарговых крэдытах альбо з МВФ, альбо з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭс. Падаецца, варта было б адправіць нашых гультаёў і алкаголікаў з паяльнікамі і прасамі да тых, хто не хоча разлічвацца па рахунках — і разгільдзяі былі б пры справе, і грошы б у краіну паступілі.
 
Тут, канешне, ёсць небяспека ў тым, што, калі мы будзем выбіваць запазычанасці «актыўнымі сродкамі», то больш наш неліквід ніхто не купіць. Але яго і так няшмат хто купляе.
«Прадукцыйнасць працы» выклікае і яшчэ адну праблему, на якую наракалі эканамісты.
 
Праблема палягае ў тым, што памер заробку беларусаў ніяк ад гэтай прадукцыйнасці не залежыць. Заробак у нас — паказчык не тое што сацыяльны, а валюнтарысцкі. Прэзідэнт сказаў: 500 долараў у эквіваленце — кроў з носу, зрабі яго, нават калі ты выпускаеш лапці замест красовак.
 
Нават Мінэканомікі прызнала, што ў студзені-жніўні рост заробкаў апераджаў тую ж прадукцыйнасць працы на 17,3%. А ўсе мы ведаем, да чаго прыводзіць у эканоміцы наяўнасць незаробленых грошай. Найперш, гэта інфляцыя, ад якой людзі хаваюць свае зберажэнні ў валюце. Што, адпаведна, выклікае той самы попыт на валюту, які правакуе дэвальвацыю.
 
Але ж зніжэнне заробку ў адпаведнасці з прадукцыйнасцю працы ў так званай «сацыяльнай дзяржаве» амаль немагчымае. За невыкананне патрабаванняў прэзідэнта не адзін чыноўнік не тое што з працы зляцеў — у турму патрапіў. Хай гэтае невыкананне было хоць тройчы, хоць пяцікратна выкліканае патрабаваннямі эканомікі. Прасцей выпусціць неліквідную прадукцыю і панабраць крэдытаў на выплату заробку, у спадзяваннях, што гэтыя крэдыты з’ядуць інфляцыя з дэвальвацыяй, чым сумленна працаваць і плаціць рэальна столькі, колькі было не створана (!), і нават не прададзена (!!!) прадукцыі, а столькі, колькі за яе атрымана грошай.
 
На выхадзе Аляксандру Рыгоравічу не трэба было б наракаць на нізкую прадукцыйнасць працы. Яму б трэба было ўвогуле дзякаваць гультаям, п’яніцам і разгільдзяям за тое, што не стварылі яшчэ больш той прадукцыі, якую мы не можам прадаць. А калі ўжо і прадалі, то за якую не можам атрымаць грошы. Канешне, згаданым Лукашэнкам катэгорыям грамадзян таксама трэба штосьці есці, але пра гэта клапоціцца «сацыяльная дзяржава».
 
Для той структуры гаспадаркі, якая маецца зараз у нас, гэтая прадукцыйнасць і так занадта вялікая. Праблема ў самой сістэме «сацыяльнай дзяржавы», якая, каб не дапусціць беспрацоўя, не дазваляе перапрафіляваць прадпрыемствы. Яны выпускаюць прадукцыю, якая ляжыць на складах, бо яе не купляюць, а калі «купляюць», то не разлічваюцца. А «сацыяльная дзяржава» ўсё роўна плаціць заробкі і дае грошы тым прадпрыемствам, якія робяць прадукцыю, якая не прадаецца, а калі прадаецца, дык… Ну, вы зразумелі, так?
 

Каментаваць