Падтрымка прадпрымальніцтва патрабуе дзяржрэгулявання?

Дзяржаўнае рэгуляванне толькі замінае бізнесу? Сярод самой бізнес-супольнасці ёсць тыя, хто так не лічыць.


У Мінску прайшоў круглы стол з грувасткай назвай «Роля інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва ў развіцці дзелавой ініцыятывы, малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь», які быў арганізаваны Рэспубліканскай канфедэрацыяй прадпрымальніцтва.

Галоўнай тэмай абмеркавання стаў Указ № 338 ад 19 верасня 2017 г. "Аб падаткавым кансультаванні", які можа пакінуць без працы цэлы шэраг індывідуальных прадпрымальнікаў і дробных бізнесоўцаў.

Арганізатары і галоўныя госці канферэнцыі.


Згодна з Указам № 338, які уступіць у сілу 1 студзеня 2019 года, займацца падаткавым кансультаваннем змогуць толькі атэставаныя спецыялісты. А для атрымання атэстата, акрамя здачы адмысловага экзамену, спатрэбяцца даведкі ад нарколага, аб адсутнасці судзімасці і нават... з псіхіятрычнага дыспансэра! Дарэчы, каб здаць экзамен давядзецца яшчэ праслухаць спецыяльныя курсы.  

Што гэта значыць для бухгалтараў і для бізнесу ўвогуле? Адназначна, выдаткаванне грошай на курсы і экзамен. А што яшчэ? Навошта рэгуляваць яшчэ гэту сферу? Хтосьці лічыць, што Указ спрацуе на карысць і падвысіць якасць кансалтынгу.


Андрэй Пракопчык, дырэктар ААА «Інтэлект кансалтынг» з Бабруйску мяркуе, што зноў дзяржава хоча зарэгуляваць усе што можна, ускладніўшы жыццё тым, хто сёння больш-менш паспяхова займае сваю нішу рынку. Аднак падчас палемікі бізнесоўца з Ірынай Бабчонак, дырэктаркай Дэпартамента па прадпрымальінцтву Міністэрства эканомікі кіраўніцтва круглага стала калегу не падтрымала. Падобна на тое, што прадпрымальніцкую супольнасць задавальняе такое ўзмацненне дзяржаўнага рэгулявання?

Пракаментаваць указ і ўвогуле сітуацыю ў сферы падатковага кансультавання мы папрасілі дырэктара Цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва «Бізнес кансалтынг» Яўгена Бабанава, які займаецца бухгалтарскімі паслугамі, падаткавым кансультаваннем і дапамогай у арганізацыі і рэгістрацыі бізнесу.

Яўген Бабанаў падчас выступу

— Сярод часткі бізнесоўцаў есць пэўная незадаволенасць Указам: людзі скардзяцца на бюракратыю. Наколькі гэта абгрунтавана?

— Тут нічога звышнатуральнага няма – у патрабаванні гэтых даведак. Патрабаванні такія ж, як і да аўдытараў: вышэйшая адукацыя (юрыдычная ці эканамічная), досвед працы не менш 3-х год пасля яе, пошліна 5 базавых за экзамен.

У нас вельмі шмат людзей аказвае бухгалтарскія паслугі на аўторсінгу. З 1 студзеня 2019-га яны ўсе мусяць альбо атрымаць атэстат падатковага кансультанта, альбо змогуць толькі весці і здаваць справаздачнасць – а не разлічваць падаткі. Канешне, такі бухгалтар нікому не патрэбны.

— Чыя гэта была ініцыятыва?

— Гэта была ініцыятыва Міністэрства па падатках і зборах — такія палаты падаткавых кансультантаў існуюць даволі даўно. У нас гэта рэалізоўвалася па нямецкім прыкладзе, з прыцягненнем нямецкіх кансультантаў. У Расіі, напрыклад, гэта ніяк не рэгулюецца. У нас жа – абралі сярэдні варыянт.

— Як увогуле рэалізацыя гэтага Указу паўплывае на бізнес? У сваім выступе вы казалі, што кансультантаў стане нашмат меней, бо не ўсе здолеюць прыстасавацца да строгіх умоў закону.

— Шмат было артыкулаў у інтэрнэце на гэтую тэму, некаторыя турбуюцца, што ім у падатковай будуць настойліва рэкамендаваць падпісвацца на паслугі падатковых кансультантаў — па аналогіі з рознымі дзяржаўнымі часопісамі і электронным дэклараваннем. Але гэта немагчыма – падатковыя кансультанты будуць незалежныя ад падаткавай інспекцыі. Ім прыйдзецца проста пацвердзіць кваліфікацыю.

Таксама баяліся, што падаткавая інспекцыя хоча сябе разгрузіць і зняць з сябе адказнасць. Гэта таксама не так — ніхто не разгружае падаткавую, яны ўсё так жа мусяць даваць адказы падаткаплацельшчыку на любы запыт. Нават думаю, што ад падаткавага кансультанту адказы будуць прыходзіць хутчэй і больш канкрэтныя. Бо дзяржворганы часам адказваюць недастаткова канкрэтна і дэталёва. А гэта, магчыма, дадатковая матывацыя звяртацца да падаткавых кансультантаў. Таму гэта таксама не аргумент супраць увядзення такога інстытута.

Аднак варта заўважыць і мінус: пакуль такія атэстаты атрымлівае вельмі няшмат спецыялістаў. Па маіх адзнаках, праходзіць экзамен каля 30-40% тых, хто праходзіць адпаведныя курсы. І можа стацца так, што да 1 студзеня ўзнікне недахоп атэставаных спецыялістаў.

Увогуле закон аб падаткавым кансультаванні — гэта і падняцце нашага ўзроўню ў міжнародных рэйтынгах, і, магчыма ў будучым — інстытут абароны правоў нашага бізнесу. Палата падаткавых кансультантаў ужо створаная — але там пакуль вельмі нешмат людзей, бо мала хто прайшоў экзамен. Але я думаю, што статус і кваліфікацыя ў падаткавых кансультантаў у гэтай палаце будуць большыя, чым у тых, хто вядзе кансультацыі зараз. Акрамя таго, талковы падаткавы кансультант дапаможа аптымізаваць падаткаабкладанне ў рамках заканадаўства. І таму ў выпадку праверак, думаю, будзе меней пытанняў. Таму гэта добра — і для бізнесу, і для дзяржавы — як для паляпшэння збіральнасці падаткаў, так і ў плане рэйтынгаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-06-16 02:19:34
У спадара Карягіна я некалі вучыўся на курсах (1990 ці 91). Ён прымаў у мяне іспыт і маю адпаведную корачку. Астатняе не хочацца каментаваць. Бо вы шчэ нядаўна выйшлі з лесу ці высунуліся з балота, каб разважаць пра бізнес ці прадпрымальніцтва. Клізма вашым бізнесменам патрэбна, а не дзяржрэгуляванне.

Каментаваць