«Падумайце пра народ, а не пра тое, каб выкалаціць з нас паболей грошай»

З 7 сакавіка жыхары Слуцка ездзяць у сталіцу на аўтобусах мінскага перавозчыка ЧТУП «Флэшэкспрэс». Аднак, нягледзячы на аднаўленне перарванага транспартнага злучэння са сталіцай, случчане не хаваюць варожасці да новага перавозчыка, якога называюць «штрэйкбрэхерам», і працягваюць ставіць подпісы пад калектыўным зваротам пра вяртанне маршрутак.

Як і слуцкія індывідуальныя перавозчыкі, яны спадзяюцца на добрую волю і літасць кіраўніцтва краіны, якое дазволіць ажыццяўляць індывідуальным прадпрымальнікам нерэгулярныя перавозкі па ранейшых правілах. Як паведаміў адзін з былых перавозчыкаў, на 11 сакавіка толькі ў Слуцку сабраны больш за 20 000 подпісаў жыхароў горада і раёна.


Чаго хочуць людзі, якія ставяць свае подпісы? Перш за ўсё, вярнуць звыклы і зручны транспарт. Многія случчане выказаліся, што яны нават гатовыя ўдзельнічаць у акцыях пратэсту і чакаюць, што іх нехта пакліча на мітынг.


Жыхары вёскі Варкавічы, якая знаходзіцца непадалёк ад Слуцка, не хаваюць ані свайго абурэння, ані сваіх прозвішчаў. Яны лічаць, што за 15 гадоў створаны бізнес, які існаваў у інтарэсах грамадзян, а зараз усё будзе «спушчана кату пад хвост», і грамадзяне застануцца ў разбітага карыта.

Напрыклад, Уладзімір Аркадзьевіч, які жыве ў вёсцы Варкавічы, лічыць, што новы закон разбурае яго жыццё.

— Працую ў Мінску, у 8 гадзін павінен быць ужо на працы. Першая маршрутная таксоўка адпраўлялася на Мінск у 5-30, і я добра паспяваў. Зараз брыгада ездзіць у камандзіроўкі без мяне. Калі таксоўкі не адновяць сваю працу, застануся без працы, — скардзіцца мужчына.


Шматдзетная маці Вольга Мацвеенка абураецца, што яе сыну, студэнту Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, цяпер няма на чым дабірацца да Горак.

Больш за ўсё ад новага закону пацярпелі малазабяспечаныя людзі, пенсіянеры, інваліды і дзеці, — гаворыць жанчына. — Вялікая дзяржаўная машына не здолее прыстасавацца пад нашыя патрэбы, бо буйныя транспартныя кампаніі занадта неразваротлівыя, і яны не будуць цікавіцца патрэбай майго сына.
А так было добра раней! Папярэдне заказваў сабе месца, садзіўся з сумкай наўпрост каля інтэрнату, кіроўца нават дапамагаў уладкаваць сумку. Сын без клопатаў даязджаў да самай вёскі. Як цяжка адвыкаць ад добрага! 


Жыхары распавялі, што адна жанчына з іхняй вёскі зламала нагу, дык кіроўца таксоўкі нават заязджаў да яе ў двор.


Валянціна Сцепановіч агрэсіўна выказалася супраць дэпутатаў парламента, бо лічыць, што яны прымаюць законы супраць свайго народу і не даюць яму права выбару.

— Ці праводзілася якое-небудзь сацыялагічнае апытанне сярод народа? Чаму выбірае толькі той, хто сам не карыстаецца паслугамі таксовак? — абураецца жанчына. — Хацелася б, каб і дэпутаты, і ўлада нас пачулі. Калі б яны мяне пачулі, я б ім сказала: «Падумайце пра народ, а не пра тое, каб выкалаціць з нас паболей грошай».


Віктар, яшчэ адзін суразмоўца з вёскі Варкавічы, лічыць, што ўлада павінна была заняцца стварэннем дастойных рабочых месц у Слуцку, а не стварэннем перашкод на шляху перамяшчэння працоўнай сілы.

Зразумела, што ў тэндары на пасажырскія перавозкі будуць удзельнічаць прадпрымальнікі з вялікімі фінансамі, слуцкія іпэшнікі з імі не могуць спаборнічаць, — выказвае сваю думку суразмоўца. — Конкурс адкладзены на тры месяцы, каб збіць напружанне. Хай бы існавалі і вакзалы, і іх аператары, але б дазволілі і індывідуальным прадпрымальнікам аказваць такую паслугу, як перавоз па 10-15 чалавек на таксоўках. Звычайных дарагіх таксовак жа ніхто не адмяняе, хай бы былі і такія таксоўкі. Яны фактычна выконвалі сацыяльную паслугу, бо былі выгадныя насельніцтву.

Відавочна, што новы закон аб перавозках наносіць балючы ўдар па інтарэсах розных груп насельніцтва. На пытанне аб магчымым удзеле ў акцыі пратэсту супраць адмены рэйсаў маршрутных таксовак жыхары вёскі выказаліся пазітыўна.


У нядзелю, 11 сакавіка, каля 16 гадзін дня на слуцкім аўтавакзале было шматлюдна. Бацькі дапамагалі сваім дзецям, студэнтам, пакаваць сумкі ў грузавыя адсекі перапоўненага рэйсавага дзяржаўнага аўтобуса.

— Ну вось, загрузіліся ў карыта, дай Божа, каб не развалілася ў дарозе, — крытычна выказалася ў адрас далёка не новага аўтобуса адна з мацярок.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Владимир
  • 2018-03-12 12:21:53
Частные маршрутные такси ясно показали, что только свободный частный перевозчик может обеспечить высокое качество перевозок и их низкую стоимость. Государственные автопредприятия, и вокзалы даже и близко не приближаются к этому. Получается, что они не нужны, а, значит, не нужен и Минтранс, и Администрация президента, которая не смогла решить ставшую перед людбми проблему по-человечески, да и непонятно почему не вмешался гарант конституции так радеющий за народ. Получается, чтобы страна жила хорошо нам не нужны эти структуры. Они нужны только для того чтобы там неплохо "харчевались" чиновники которые там работают.

Каментаваць