Пайшоў з жыцця Андрэй Тур

У аўторак у Мінску на 63-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы памёр адзін з самых вядомых чыноўнікаў-эканамістаў, ліберал старой школы Андрэй Тур.


Андрэй Тур быў сярод вышэйшых службовых асоб краіны з 1995 года. І быў намеснікам пры ўсіх міністрах эканомікі да 2011 года. У 27 гадоў ён абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 39 — доктарскую. Ён быў адным з доўгажыхароў сярод намеснікаў міністра, займаючы гэтую пасаду да лістапада 2011 года.


На пытанне: «Чаму Тура не мяняюць?» Эксперты давалі адназначны адказ: «Першае — высокая кваліфікацыя. Другое, а можа, самае галоўнае, — толькі ён мог паднесці непапулярныя эканамічныя рашэнні як прагрэсіўныя».


Андрэй Тур выступаў за шэраг прагрэсіўных ініцыятыў, у прыватнасці, не без яго ўдзелу пабачыла свет прэзідэнцкая дырэктыва № 4 аб лібералізацыі. Яго часта можна было бачыць на мерапрыемствах, арганізаваных бізнес-саюзамі. Ён ахвотна ішоў на дыялог з прадстаўнікамі дзелавых колаў.


У 2011-м годзе Тура прызначылі намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Гэтага шчасця Тур пазбавіўся ў канцы 2013-га, пасля разносу на «Барысаўдрэве».


У апошнія гады Андрэй Тур быў загадчыкам кафедры ў БНТУ, нядаўна перанёс аперацыю на сэрцы.


У Андрэя Тура засталіся жонка і дачка.


Рэдакцыя «Новага часу» выказвае спачуванні родным, блізкім і калегам Андрэя Мікалаевіча.

Каментаваць