Палітэканомія ў лазні

Просты люд у нашых шыротах выпівае і закусвае, так бы мовіць, святкуе ад каталіцкіх Каляд да старога Новага года. Але для асэнсавання і ўдакладнення фактычных вынікаў гаспадарскай і фінансавай дзейнасці патрабуецца нашмат болей часу.



Канстанцін Скуратовіч


На гэтым полі шчыруюць чыноўнікі, эксперты, палітыкі. І, дзіўная рэч, у чыноўнікаў і афіцыйных палітыкаў вынікі гэтыя, па-першае, — выключна выбітныя, а па-другое, дасягнутыя дзякуючы іх чуйнаму кіраўніцтву. Асобныя ж недахопы і пэўныя правалы тлумачацца ці выпадковым збегам абставін, ці ўздзеяннем адмоўных аб’ектыўных фактараў, ці падкопамі ворагаў.

У адрозненні ад палітыкаў, экспертныя агенцтвы імкнуцца да большай рэальнасці, каб зразумець логіку развіцця тых ці іншых працэсаў і выбудаваць верагодную мадэль развіцця сітуацыі ў перспектыве. Прыкладам, міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor’s у сваёй справаздачы адзначыла, што «стабілізацыя макраэканамічных акалічнасцяў у Беларусі застаецца няўстойлівай». Па меркаванні экспертаў, краіна да гэта яшчэ адчувае наступствы тых шокавых падзей на фінансавым рынку і рэзкай дэвальвацыі нацыянальнай валюты, якія адбыліся яшчэ пазалетась.

З імі не пагаджаюцца сам Лукашэнка і, зразумела, яго ўрад, якія называюць вынікі сваёй дзейнасці ў мінулым годзе збольшага станоўчымі. У прыватнасці, пазітыўна яны ацэньваюць палітыку ўрада па абмежаванні імпарту і пашырэнні беларускага экспарту.

Звернемся, аднак, да лічбаў. Прыкладам, імпарт легкавікоў. За студзень—кастрычнік 2012 года ў Беларусь было завезена 68 тысяч легкавых аўтамабіляў, або 25,1% ад колькасці, імпартаваных за 10 месяцаў 2011 года. Пры гэтым сярэдняя цана аўтамабіля склала 11 082 долараў, перавысіўшы кошт 2011 года на 24,7% (8 085 долараў). Пры гэтым імпарт аўто з Расіі павялічыўся ў 2,74 разы і дасягнуў 8 тысяч штук. Але імпарт з далёкага замежжа, тым часам, зменшыўся да 60 тысяч (22,4%).

Вось такая палітычная эканомія. З аднаго боку, катастрафічна зменшыўся ўвоз «іншамарак», пры тым, што сярэдняя цана істотна ўзрасла. Адзначым, што беларускі экспарт таксама ўзрос, але да гэтага часу яшчэ не дазволіў падвысіць заробкі ў народнай гаспадарцы да ўзроўню пачатку 2011 года. А сёння на календары ўжо 2013 год.

Па-другое, хаця ўвоз у Беларусь расійскіх аўто істотна павялічыўся, але, як і раней, яны складаюць відавочна меншую частку легкавікоў, якія імпартуюцца. Па-трэцяе, палітыка ўрада па стымуляванні продажу расійскіх аўтамабіляў не дасягнула мэты, але дазволіла Беларусі разлічваць на атрыманне ад Расіі крэдытаў і розных іншых прэферэнцый.

Як мяркуюць замежныя аналітыкі, хаця 2012 год быў абвешчаны ўрадам перыядам макраэканамічнай стабільнасці, ён на практыцы праводзіў тую ж палітыку, скіраваную на стымуляванне эканамічнага росту, якая праводзілася да 2010 года і прывяла да валютна-фінансавага крызісу напачатку 2011 года.

Як лічаць знешнія эксперты, галоўнай рызыкай для эканомікі Беларусі з’яўляецца вяртанне да практыкі выканання дырэктыўных паказчыкаў, якія набываюць для ўрада большы прыярытэт, чым макраэканамічная стабільнасць.

Дарэчы, гэта праблема, як адзначаюць сацыяльныя псіхолагі, з тых, калі на першы план дыскусіі выходзяць не рацыянальныя аргументы, а эмацыянальная рэакцыя, што грунтуецца на мінулым вопыце, на сваім абмежаваным досведзе. Так і чуецца знакамітая некалі фраза спартыўнага каментатара Мікалая Озерава — «Такі хакей нам не патрэбны», якая трансфармавалася ў сучасных кіраўнікоў у фразу: «Такая дэмакратыя, такая рынкавая эканоміка нам не патрэбныя». Асацыяцыя з хакеем тут невыпадковая. Пад патранажам Лукашэнкі быў арганізаваны спецыяльны калядны хакейны турнір, на якім традыцыйна беларуская каманда перамагае ўсіх, уключна з канадскімі прафесіяналамі.

Гэтак жа і ў палітычнай эканоміі.

Марцін Гілман, які быў шматгадовым прадстаўніком Міжнароднага валютнага фонду ў Расіі, распавядаў, як выканаўчы дырэктар МВФ Камдэсю, не меўшы ніякага захаплення ні рускай лазняй, ні паляваннем, аднак, не адмаўляўся прымаць такія запрашэнні ад прэм’ера Чарнамырдзіна, каб кожны раз давесці да гаспадара аргументы на карысць рэформы расійскай эканомікі. Чарнамырдзін, як адзначыў Марцін Гілман, быў гатовы вучыцца, у адрозненні ад былога савецкага старшыні Савета міністраў Мікалая Рыжкова. Той лічыў, што яго палітыка, дзякуючы якой абвалілася савецкая эканоміка, была адзіным «правільным курсам».

Прыкладна гэтак жа і ў сучаснай Беларусі хапае прагназістаў, якія вераць у правільнасць курса і ў расійскія газ і нафту, а яшчэ — у амаль дармавыя крэдыты. І ніякія лазні ім не дапамогуць. Хаця іх і не запрашаюць.

Каментаваць