Памылка Роя Мядзведзева

Апошнім часам Аляксандр Лукашэнка ўсё часцей прымярае на сябе ролю мудрага і адначасова прагматычнага палітычнага дзеяча. Сапраўднага гаспадара зямлі беларускай.

Імідж рупліўца за народнае дабро Лукашэнка пачаў ствараць з дапамогай БТ з першага дня свайго існавання ва ўладзе. І пры гэтым кожная прыдатная акалічнасць выкарыстоўвалася яго іміджмэйкерамі для замацавання гэтага ўражання сярод народа. Узяць хоць бы прыдуманы студэнтамі анекдот, як прэзідэнт па тэлефоне бульбу перабіраў. І смешна, і пазітыўна.



Апошнім часам Аляксандр Лукашэнка ўсё часцей прымярае на сябе ролю мудрага і адначасова прагматычнага палітычнага дзеяча. Сапраўднага гаспадара зямлі беларускай.

Імідж рупліўца за народнае дабро Лукашэнка пачаў ствараць з дапамогай БТ з першага дня свайго існавання ва ўладзе. І пры гэтым кожная прыдатная акалічнасць выкарыстоўвалася яго іміджмэйкерамі для замацавання гэтага ўражання сярод народа. Узяць хоць бы прыдуманы студэнтамі анекдот, як прэзідэнт па тэлефоне бульбу перабіраў. І смешна, і пазітыўна.

Такія, як кажуць зараз, мэсі­джы асабліва ўздзейнічаюць на людзей не надта дасведчаных, але часам кранаюць за душу нават вядомых і прынцыповых іншадумцаў. Прыкладам, усім добра вядомага Роя Мядзведзева. Яго кампліментарныя Лукашэнку высновы ахвотна цытуюцца беларускімі СМІ. Літаральна гэтымі днямі БелТА паведаміла з прэс-канферэнцыі, якую вядомы расійскі гісторык даў Маскве: «Беларусь з’яўляецца краінай, якая па ўсіх эканамічных паказчыках займае першыя месцы ў СНД. Яна першая, пачынаючы з узроўню прадукцыйнасці працы і завяршаючы сельскай гаспадаркай».

Мядзведзеў, як бачым, застаўся сацыялістам па сваіх меркаваннях і дысідэнтам па паводзінах. Бо як, як паведамляе БелТА, высока ацэньвае факт захавання Беларуссю савецкай эканамічнай спадчыны, якая не была разбурана, а, наадварот, істотна ўмацавана. І таму, па яго дадзеных, у Беларусі рэальны сектар эканомікі на 80 працэнтаў перавышае паказчыкі 1990 года, у той час як Расія да гэтага часу не дасягнула ўзроўню 1990 года. Увогуле, усе паказчыкі ў Беларусі, на здзіўленне, лепшыя, чым у Расіі.

Мы ж адзначым, што дадзеныя, на якія спасылаецца паважаны гісторык, не яго, не здабытыя коштам уласнага навуковага аналізу, а ўзятыя з дадзеных афіцыйнай беларускай статыстыкі. Што тычыцца высноў, то яны, мусіць, належаць самому Мядзведзеву, слыннаму гісторыку, але недасведчанаму эканамісту.

Беларусы кажуць: возьмеш у рукі — рэч маеш. А спадар Мядзведзеў не звярнуў ніякай увагі на тое, што сярэдні заробак у Беларусі склаў па выніках мінулага года 351 долар, а ў Расіі — 630 долараў. І гэта пры тым, што паказчык сярэдняга заробку для такой агромністай па тэрыторыі, насельніцтву, рэгіянальных, прыродных, культурных ды эканамічных асаблівасцях краіны, якой ёсць Расія, з’яўляецца паняццем у вышэйшай ступені абстрактным. Да таго ж, на думку Мядзведзева, Расія — эканамічна адсталая ў параўнанні з Беларуссю краіна. Таму нашы сярэднія заробкі трэба параўноўваць з тымі адносна кампактнымі расійскім рэгіёнамі, якія па эканамічнаму ўзроўню больш-менш адпавядаць дасягнутаму Беларуссю. Гэта, мусіць, Маскоўская ды Ленінградская вобласці, калі ж гаворка пра Мінск — то тыя ж Масква і Пецярбург. З нафтагазаздабываючымі правінцыямі Цюменню і Сургутам параўноўваць не будзем, бо на думку Роя Аляксандравіча, яны ў прамысловым сэнсе з’яўляюцца недаразвітымі.

Тое ж самае робіць і Белстат. Прыкладам, ён бесперапынна «маніторыць» кошты харчовых тавараў у Маскве і Мінску, але ніколі не параўноўвае заробкі.

Масква, зразумела, пры ўсіх сваіх дасягненнях значна далей ад Парыжу і значна бліжэй да якога-небудзь Лагоса, але ўжо даўно сярэдні заробак гараджан перавысіў 1000 долараў. Мінгарвыканкам толькі днямі рапартаваў, што ў беларускай сталіцы ўдалося выйсці на заробак у 500 долараў, які Лукашэнка абяцаў да канца года выплачваць па ўсёй краіне. Калі будуць грошы, ён, безумоўна, так і зробіць. А грошы будуць, калі хто-небудзь дасць пазыку, бо сама беларуская эканоміка зарабляць іх у такой колькасці, каб усім хапала, не можа.

Магчыма, з гэтай высновай хтосьці не пагодзіцца, таму патлумачым. Рой Мядзведзеў сказаў, і гэта вельмі спадабалася пры­хільнікам рэжыму, што Беларусь сёння (трэба разумець, і раней) з’яўляецца эканамічным лідэрам СНД. Але ж межамі гэтага палітычнага новаўтварэння ўсё лідэрства і абмяжоўваецца. Таму на зробленую ў Беларусі (адносна якасную, адносна танную і г.д. прадукцыю, акрамя прадуктаў нафтаперапрацоўкі) прамысловую прадукцыю можна знайсці пакупнікоў толькі ў гэтым самым СНД. І хоць не факт, што яны знойдуцца ў дастатковай колькасці, але відавочна, што з кожным годам іх становіцца меней. Бо якой бы таннай ні была беларуская прадукцыя, ёй наканавана быць даражэйшай за кітайскую, а што тычыцца адносна лепшай якасці, то яна ўжо нават у параўнанні з кітайскай часцяком выглядае малаякаснай.

А эканомікі ў Расіі, Казахстане ды іншых былых суседзяў па савецкай камуналцы капіталістычныя. Урады гэтых краін не захочуць (а галоўнае — не змогуць) змусіць прыватных пакупнікоў ды фірмы купляць беларускае на той падставе, што нейкі там расійскі гісторык высока цэніць стан беларускай эканомікі.

Іншая справа, калі б аднавіўся Савецкі Саюз, калі б усталяваўся адзіны цэнтральны ўрад, ён бы аднавіў дзяржаўную манаполію і прымусіў усіх спажываць выключна толькі сваё.

Што б сказала жонка мужу, калі б ён дзень і ноч круціўся на працы, а дадому вяртаўся з пустымі кішэнямі, здагадацца проста. Такая, на жаль, побытавая сітуацыя стала звычайнай для ўсёй беларускай эканомікі з лета 1994 года. А зараз яна яшчэ пагоршылася. Як сведчаць дадзеныя Белстата, у першым квартале 2010 года — у параўнанні з мінулым (крызісным!) — выдаткі на вытворчасць у бягучых цэнах павысіліся амаль на чвэрць. Пры гэтым больш за ўсё павысіліся матэрыяльныя выдаткі, тэмп росту якіх адпавядаў тэмпу росту коштаў паліва і энергіі, але кошты сыравіны і камплектуючых павялічваліся яшчэ хутчэй.

У выніку ў росце адставалі сацыяльныя артыкулы — выдаткі на аплату працы і адлічэнні на сацыяльныя патрэбы. Праўда, падвышэнне рэальных заробкаў статыстка зафіксавала, але яе ўдзельная вага ў структуры сабекошту вытворчасці зменшылася з 15,5% да 14,1%.

Такім чынам, грошай на падвышэнне заробкаў няма.

Што можа быць горай? Горай можа быць тое, што ўзровень залежнасці беларускай эканомікі ад пастаўшчыкоў сыравіны і камплектуючых яшчэ больш павялічыўся. Удзельная вага імпартнай сыравіны ў вытворчых выдатках прамысловасці павысілася з 32,4% да 41,6% (у матэрыяльных выдатках — з 43,7% да 54,5%).

Адначасова выдаткі на 1000 вырабленай прадукцыі павялічыліся з 914 да 926 рублёў. Вось гэтыя 74 рублі з кожнай вырабленай тысячы і ёсць новая вартасць, якую стварае беларуская прамысловасць. А ў сельскай гаспадарцы ўвогуле на 1000 рублёў валавой прадукцыі выпадае 1171 рубель выдаткаў.

Такім чынам, кожны вучань чацвёртага класа, ведаючы памеры валавой вытворчасці, зможа вызначыць суму страт, якую прыносіць Беларусі яе сельская гаспадарка. Каб іх пакрыць, трэба браць грошы ад прамысловасці, а на рахунку прадпрыемстваў хоць шарам пакаці.

Добры ж вучань заўважыць, што велічыня агульных эканамічных страт Беларусі наўпрост залежыць ад памераў гаспадарчай дзейнасці. А гэта сведчыць не столькі пра росквіт эканомікі, колькі пра яе фактычнае банкруцтва.

Каментаваць