Партыя новага тыпу

Па гарадах і райцэнтрах прайшла хваля справаздачных сходаў нізавых арганізацый РГА «Белая Русь». Палітычным лозунгам «бягучага моманту» стаў слоган: «Белая Русь» — арганізацыя рэальных спраў.

Па гарадах і райцэнтрах прайшла хваля справаздачных сходаў нізавых арганізацый РГА «Белая Русь». Палітычным лозунгам «бягучага моманту» стаў слоган: «Белая Русь» — арганізацыя рэальных спраў.


Як кажуць, просценька, але з густам. Гэтая арганізацыя з’яўляецца крывёй ад крыві, плоць ад плоці «вертыкалі ўлады». Калі менш лаяльным да рэжыму арганізацыям (у лепшым выпадку) не аказваецца ніякая матэрыяльная і маральная дапамога, а хаця б не практыкуецца іх паліцэйскі пераслед, то яны і за гэта славяць Пана Бога.


«Белая Русь» жа паводле персанальнага складу — тыя ж вертыкальшчыкі. Каб не быць галаслоўнымі, спашлемся на паведамленне аб справаздачны сходзе, якое змясціла раённая газета «Смалявіцкі край». У працы справаздачнай канферэнцыі прынялі ўдзел 44 дэлегаты, сярод якіх старшыні сельскіх выканкамаў, намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай працы прадпрыемстваў і арганізацый раёна, а таксама старшыня райсавета Аляксандр Ляхоўскі. Мерапрыемства мусіла адбыцца ў чацвер, 31 мая. Такім чынам, 44 чыноўнікі-функцыянеры змарнавалі два працоўных месяца аднаго работніка, і, з улікам сярэдняга заробку па раёну, прынеслі бюджэту 5 800 000 рублёў непасрэдных страт.


У Беларусі налічваецца 118 раёнаў, многія з якіх нашмат буйнейшыя за Смалявіцкі. Прынамсі, Мінскі раён мае 169 тысяч насельніцтва — у чатыры разы болей. А гарадскія раёны сталіцы налічваюць яшчэ большую колькасць жыхароў. Калі 6 мільёнаў сярэдніх непасрэдных страт, якія прынесла справаздачная канферэнцыя невялічкага раёна, памножыць на іх агульную колькасць, мы атрымаем 708 мільёнаў рублёў. І гэта варта лічыць разліковым мінімумам. На самай справе выдаткі (калі ўлічыць нашмат вышэйшыя за сярэднія заробкі гарадскога чыноўніцтва) сягаюць за мільярд.


Вось так, яшчэ нічога не зрабілі, яшчэ толькі падступаюцца да стварэння партыі новага тыпу, якая мае доступ да ўсіх дзяржаўных рэсурсаў, а ўжо спустошылі нашы кішэні на цэлы мільярд!


Трэба абавязкова дадаць, што «Белая Русь» карыстаецца дзяржаўнымі рэсурсамі напоўніцу, але не мае магчымасці рабіць гэта ў самоце і адзіноце. У яе «прычэпе» БРСМ, Саветы ветэранаў, Саветы жанчын, розныя паўдзяржаўныя фонды, як, прыкладам, перажыўшы і халодную вайну, і савецкую ўладу Фонд міру. Кожнаму трэба даць, каб не згубіць статус «арганізацыі рэальных спраў».


І вось зараз з гэтай грамадскай арганізацыі спрабуюць зрабіць партыю. Партыю ўлады, якая, мусіць, мроіцца бацькам-заснавальнікам у выглядзе ці то бальшавіцкага падполля, якое прыйшло да ўлады, ці то ў выглядзе сталінскага ордэна мечаносцаў, у якім малодшыя падпарадкоўваюцца старэйшым. А ўсе разам служаць правадыру і гатовы выканаць кожны яго загад.


Дзіву даешся той жывучасці, з якой прабіваюць сабе дарогу вось такія бальшавіцкія ідэйкі, згодна з якімі партыі ўлады належыць будучыня і тое сёння, што табе больш патрэбна ці проста падабаецца. І нават нельга сказаць, як некалі, — цеснае кола гэтых рэвалюцыянераў, надта яны ад народа далёкія. Не, гэтыя зусім не далёкія. Мусіць, галоўная іх хіба і наша бяда — у іх страшэннай блізкасці да народа. Нават тая дзяячка, што параіла дзяўчатам ды кабетам не шлёндраць па вячэрніх вуліцах, а сядзець дома і варыць боршч, мае нейкія здольнасці да рэфлексіі. У многіх энтузіястаў ператварэння грамадскай арганізацыі ў палітычную партыю такой здольнасці няма. Узятыя разам і паасобку, без уліку іх палітычных і партыйных меркаванняў, яны выглядаюць як людзі сур’ёзныя і разумныя.


Прыкладам, медыкі Добрушскай райбальніцы, якія выказалі гэтую палітычную ініцыятыву, першымі ў краіне і аднагалосна за яе прагаласавалі. Магчыма, яны зрабілі так таму, што любяць Лукашэнку, ці таму, што ім загадалі таго любіць, ці таму, што вырашылі такім чынам падрыхтаваць для яго палітычную пастку.


Справа ў тым, што дзяржчыноўнікі не маюць па закону права быць сябрамі палітычных партый. Тое, што можа падыйсці Лукашэнку-пенсіянеру, зусім не стасуецца з яго цяперашняй пасадай. Тое ж самае можна сказаць і пра астатні грамадскі актыў «Белай Русі», які амаль цалкам рэкрутаваны вертыкальнымі структурамі. Выкарыстоўваць іх у якасці свядомага матэрыялу для партыйнага будаўніцтва немагчыма. Бо, згодна з Канстытуцыяй, у Беларусі няма месца для партыі новага тыпу, высокі статус у якой даваў бы больш улады, чым пасада ў адміністрацыі.


Але гэта не значыць, што такая партыя не можа быць створана людзьмі, якіх пазбавілі магчымасці займацца палітыкай. Сумнеўна, што ў падполлі, але цалкам верагодна, што дзе-небудзь за межамі Беларусі.


Прыклады таму былі паўсюль у гісторыі, сярод якіх аказалася даволі шмат паспяховых.

Каментаваць