Паскакаў рубель у пляскі

Беларускі рубель другі дзень запар б’е артырэкорды. Адносна тутэйшай валюты выраслі ўсе “кошыкаўцы” — еўра, долар і рубель расійскі. Прычым еўрапейская і амерыканская грашовыя адзінкі пабілі рэкорды.

 



Так, 19 жніўня на Беларускай валютна-фондавай біржы ў выніку чарговых таргоў долар вырас адразу на 164 беларускія рублі і дасягнуў свайго афіцыйнага (былі моманты, калі на “чорным рынку” амерыканская валюта каштавала і 18 тысяч рублёў) гістарычнага максімуму — 16 423 беларускія грашовыя адзінкі. Тое ж самае зрабіў і еўра, за які цяпер афіцыйна даюць ужо 18 198 рублёў. Падаражэў  на 3,23 беларускага сабрата і расійскі рубель, які ў сераду каштуе 249,93 нашага рубля.

Відавочна, што ўлада ўжо не мае магчымасцяў даць рады дэвальвацыйным працэсам. Можна меркаваць, што з апошніх высілкаў трымаецца новае кіраўніцтва Нацыянальнага банку, якое незалежныя эксперты называюць прарынкавым, і імкнецца рабіць валютныя інтэрвенцыі на БВФБ. Можа быць і так.

Аднак можна зрабіць і такую выснову, што ў рэгулятара проста няма сродкаў для падтрымання нацыянальнай грашовай адзінкі. Інакш як патлумачыць, што нават за пару-тройку месяцаў да галоўная палітычнай кампаніі пяцігодкі кіраўніцтва краіны адважваецца на дэвальвацыю ва ўмовах, калі нават заробкі падаюць. І павышэнне з 1 верасня на 5 адсоткаў пенсіяў істотнай ролі не адыграе, хіба што Лукашэнка па старой звычцы вырашыў перад выбарамі падкарміць свой надзейны электарат — пенсіянераў.

З аднаго боку, відавочна, што дзеючая ўлада як ніколі ўпэўненая ў сваёй перамозе ў кастрычніцкай электаральнай кампаніі: апазіцыя раздзярбаная, народ — у палітычным каматозе на тле ўкраінскіх падзеяў ды расійскай пагрозы ўсяму і ўсім. Хоць айчынныя фінансы “спяваюць рамансы”. У той жа час, вялікая колькасць насельніцтва зараз “запахвае” на сваіх лецішчах альбо ў вёсках у сваякоў, ці бавіць час у адпачынку, магчыма, пакуль яшчэ не ведаючы, што адбываецца ў валютна-фінансавай сістэме радзімы. Калі даведаюцца — пральецца не адна сляза “ўдзячнага народца”.

А “ўнікальная беларуская сацыяльна-эканамічная мадэль”, створаная бяззменным правадыром, праз дваццаць гадоў свайго існавання, тым часам, без сумневу, загадвае доўга жыць. Пра гэта сведчыць не толькі чарговая імклівая дэвальвацыя беларускай валюты, але і тое, што валавы ўнутраны прадукт нашае краіны, паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэта (Белстат), за студзень-ліпень 2015 года ў рэальнай выяве зменшыўся на 4 адсоткі параўнальна са студзенем-ліпенем 2014 года.

Так што можна зрабіць выснову, што і беларускі рубель, і айчынная эканоміка ў цэлым ляцяць ў тартарары. З чым і віншую дзяржаўнае кіраўніцтва. Вось толькі людзей шкада. І наступныя пакаленні.      

Каментаваць