Паўкроку да дэфолту

Натхнёныя поспехам забароны замежнага піва падчас ЧС па хакеі ў Мінску, беларускія чыноўнікі плануюць перанесці гэты досвед на ўсю краіну і на ўсе тавары. Але такое рашэнне, калі яно будзе прынятае, пагражае абвалам валютнага рынку, паўторам 2011 года і дэфолтам эканомікі.



Імпарт — гэць!

 
Беларускія ўлады разглядаюць магчымасць з 1 ліпеня ўвесці выключнае права дзяржавы на ўвоз тавараў, аналагі якіх вырабляюцца на тэрыторыі рэспублікі, — то бок, фактычна замарозіць імпарт. Як патлумачылі ў Міністэрстве прамысловасці, праект дакумента накіраваны на падтрымку беларускіх вытворцаў прамысловых тавараў, а таксама на скарачэнне спажывецкага імпарту. 
 
 
Інстытут спецімпарцёра, які плануецца ўвесці з 1 ліпеня, стане паўгадавым эксперыментам, падчас якога беларускія ўлады хочуць вывучыць уплыў мер нетарыфнай абароны мясцовых вытворцаў на зніжэнне спажывецкага імпарту. «Паглядзім, наколькі меры будуць эфектыўнымі ў плане зніжэння спажывецкага імпарту, павышэння цікавасці да айчыннай прадукцыі», — паведамілі БелТА ў Мінпраме.
 
То бок, чарговае глупства: «давайце што-небудзь прыдумаем, а потым паглядзім, ці будзе яно працаваць». Гэта было б даравальна, калі б такія эксперыменты не ставіліся б на людзях.
 
 

А суддзі хто?

 
Згодна з праектам дакумента, статус спецімпарцёра тэрмінам на паўгода будзе прадастаўлены 12 прамысловым прадпрыемствам: «МАЗ», МТЗ, «Белшына», «Гарызонт», «Атлант», «Гомсельмаш» і некаторым іншым.
 
 
МТЗ будзе выступаць спецімпарцёрам сельгастэхнікі і абсталявання, «Гомсельмаш» — камбайнаў, «Гарызонт» — бытавой тэхнікі, радыё-, тэле- і відэаапаратуры, «Атлант» — халадзільнікаў і пральных машын. МАЗу будзе прадастаўлена выключнае права ўвозу ў Беларусі ўсіх аўтамабіляў, у тым ліку легкавых, як з краін далёкага замежжа, так і з Расіі, і Казахстана.
 
 
Варта заўважыць цікавую дэталь: спецімпарцёрамі становяцца наўпроставыя канкурэнты замежных вытворцаў. Зразумела, гэтыя канкурэнты зацікаўленыя не ў тым, каб на паліцах крамаў быў разнастайны выбар прадукцыі і цэнавая канкурэнцыя, а наадварот, каб канкурэнцыі іх таварам увогуле не было.
 
 
А калі няма канкурэнцыі, то і кошты можна ўсталёўваць якія заўгодна, і на якасць пляваць: калі зламалася, напрыклад, лядоўня, то ўсё роўна іншай маркі на рынку не будзе, прыйдзецца набываць такую ж.
 
 
Ладна, яшчэ тэлевізары: паканкуруюць віцебскі «Віцязь» і мінскі «Гарызонт». Хай сабе «Гомсельмаш» з «Лідсельмашам» на рынку сутыкнуцца, тут выбар ёсць хаця б з двух. Але што тычыцца лядоўняў і пральных машынаў, то вытворца ў нас адзін — «Атлант». Шыны ў нас стварае толькі «Белшына», а МАЗ займаецца выключна грузавікамі. У выніку на паўгады беларускія прадпрыемствы становяцца манапалістамі на рынку.
 
 

Дэфіцыт

 
Цікава, уводзячы статус «спецімпарцёра», хто-небудзь запытаўся ў таго ж «Гарызонта» альбо «Атланта», ці здолеюць яны задаволіць попыт насельніцтва на сваю прадукцыю, калі не будзе іншай? Асабліва ў сённяшняй сітуацыі, калі шмат у каго «накрыліся» планы па адпачынку ў Крыме, і з’явілася дастаткова багата «вольных грошай», якія збіраліся на гэты адпачынак, а зараз могуць быць скіраваныя на буйныя пакупкі?
 
 
Сітуацыя з «піўной забаронай» тут паказальная. Канешне, улада пляскае ў ладкі: піўзаводы «падняліся», імпарт украінскага піва шляхам увядзення ліцэнзавання амаль спынены, трэба працягваць у тым жа рэчышчы! Але, напрыклад, у сегменце безалкагольнага піва — папросту правал. Беларускага безалкагольнага толькі два гатункі — «Златы базант» ды «Лідскае 0». У выніку забароны зараз безалкагольнае цяжка знайсці на паліцах у крамах. Асабліва гэта тычыцца прадукцыі ў бляшанках. То бок, скарацілі імпарт — атрымалі дэфіцыт у немалым сегменце рынку.
 
 
Цікавая зараз сітуацыя з МАЗам, якому плануецца даць статус «спецімпарцёра» прадукцыі, якая ўвогуле серыйна ў Беларусі не ствараецца. А канкрэтна — імпарт легкавікоў. Гэта значыць, што ўсе аўтасалоны і фірмовыя цэнтры павінны будуць працаваць праз МАЗ. Маючы такую манаполію на рынку, можна спыняць вытворчасць і займацца выключна аўтагандлем. Калі ўсе легкавікі праходзяць праз аднаго пастаўшчыка, да таго ж дзяржаўнага, — самі ведаеце, да чаго гэта прыводзіць.
 
 

Па шляху да 2011-га

 
Такая «забарона на імпарт» можа дзейнічаць толькі ў краінах з закрытымі межамі, — як у СССР. У нас межы адкрытыя і дазволеныя купля і продаж валюты.
 
 
У выпадку падпісання гэтага ўказа краіна сутыкнецца з праблемамі, якія мы бачылі ў 2011 годзе: народ кінецца скупляць валюту і паедзе за таварамі ў Еўропу ці ў суседнюю Расію. У 2011 годзе Аляксандр Рыгоравіч тлумачыў, што людзі ездзілі скупаць аўто, пакуль мытная пошліна не падвысілася да ўзроўню расійскай. Зараз жа людзі паедуць за аўтамабілямі, таму што ў Беларусі іх проста не будзе.
 
 
У мяне ёсць знаёмыя, якія падчас «піўнога эмбарга» ездзілі «на піва» ў Вільню. Але колькі яны там пакінулі грошай? Аўтамабілі — гэта вам не бляшанкі з півам. Тут размова ідзе пра вываз сотняў тысячаў, калі не мільёнаў долараў. І ўсё гэта будзе маленькімі ручаінкамі перацякаць праз мяжу, тым больш, што з Расіяй у нас яе фактычна няма. А заводаў, якія ствараюць там аўто сусветных брэндаў — дзясяткі.
 
 

Такім чынам

 
Эксперымент па «замарозцы імпарту» можа прынесці за сабою даўно забыты ў Беларусі «дэфіцыт» і выклікаць адток валюты з краіны ў значным памеры, што, безумоўна, адаб’ецца на золатавалютных рэзервах Беларусі.
 
 
ЗВР у нас па стане на 1 чэрвеня — 5,4 мільярда долараў. Па знешніх міжнародных пазыках мы ў гэтым годзе павінны аддаць тры мільярды. Любы «эксперымент», які можа адбіцца на валютным рынку, у такіх варунках з’яўляецца неапраўданай рызыкай і можа прывесці да таго, што новы год мы сустрэнем з «нулявым» ЗВР і — прывітанне, дэфолт!
 

Каментаваць