Пекін, Ісламабад і беларускія схемы

Якая сувязь паміж канфліктам у Паўднёва-Кітайскім моры і візітам Лукашэнкі ў Пекін? Што сабой уяўляе «Новы Шаўковы шлях»? Чаму кіраўнік Беларусі пасля Кітая адправіўся ў Пакістан? Адказы на гэтыя пытанні звязаныя паміж сабой.

«Новы Шаўковы шлях» як спосаб зарабіць

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей у Варшаве зрабіў нечаканую прапанову свайму польскаму калегу Вітальду Вашчыкоўскаму: далучыцца да рэалізацыі глабальнага праекта «Новы Шаўковы шлях», які прасоўвае Кітай і на якім імкнецца зарабіць Беларусь. А Мінск, маўляў, дапаможа палякам — пралабіруе іх інтарэсы ў Пекіне.

Паездка Лукашэнкі ў Кітай таксама суправаджалася шматлікімі расповедамі афіцыйных асоб рознага калібру пра тое, колькі разнастайных выгод Беларусь атрымае ад удзелу ў «Новым Шаўковым шляху». Літаральна кожны заяўляў, што Беларусь у праекце еўразійскага транспартнага калідора — ключавы гулец, бо непасрэдна злучае ЕАЭС і Еўрапейскі саюз. А значыць, залаты дождж на нашу краіну пральецца ўжо ледзь не заўтра, засталося толькі крышачку пачакаць.

Пры гэтым усе неяк сарамліва замоўчвалі, што тады прамысловы парк «Вялікі камень», які пафасна прызначаны быць аазісам найвышэйшых прамысловых тэхналогій, хутка ператворыцца ў просты (хоць і вельмі буйны) афшорны склад для кітайскіх тавараў на мяжы з Еўропай. У такім выглядзе ён кітайцам сапраўды патрэбны. А будаваць высокатэхналагічныя вытворчасці ў інтарэсах беларусаў — навошта гэта кітайцам?

Адкуль наогул паходзіць ідэя стварыць «Новы Шаўковы шлях»? Традыцыйна грузавыя плыні паміж Еўропай і Азіяй ідуць морам. Але адначасова расце попыт і на новыя транзітныя рашэнні — сухапутны транспарт. Самыя розныя аналітыкі слушна заўважаюць, што гэты праект — вынік нарастання напругі ў кітайска-амерыканскіх адносінах. У 2014 годзе па аб’ёме ВУП Кітай стаў другой эканомікай свету. Каб захаваць сусветнае лідарства, ЗША пачалі вяртаць «на радзіму» прамысловыя вытворчасці, раней перанесеныя ў Кітай (пры гэтым сабекошт тавараў не расце дзякуючы шырокаму ўжыванню робатаў і мексіканцаў). А калі значная частка амерыканскіх кампаній закрые свае вытворчасці ў Кітаі, ЗША пачне ствараць праблемы для кітайскіх тавараў на шляху ў сваю краіну.

ЗША ўжо цяпер ціснуць на Кітай праз падтрымку яго супернікаў у рэгіёне. І асабліва ў Паўднёва-Кітайскім моры, дзе ў Кітая тэрытарыяльны канфлікт абсалютна з усімі краінамі, але найперш — з В’етнамам. Менавіта праз Паўднёва-Кітайскае мора праходзіць суднаходны шлях, па якім перавозіцца 70 працэнтаў кітайскага таварнага экспарту ў большасць краін свету, і перш за ўсё — у Еўропу, другі па велічыні рынак для кітайскіх тавараў.

Атрымліваецца, што дастаўка кітайскіх тавараў у Еўропу па моры і так абыходзіцца дорага, а ў выпадку абвастрэння адносін з ЗША можа наогул стаць немагчымай. І вось тут з’яўляецца «Новы шаўковы шлях», што забяспечыць досыць танны транзіт кітайскіх тавараў на захад па сушы.

Саму ідэю рэанімаваць старажытны «Шаўковы шлях» упершыню агучыў у 2013 годзе старшыня КНР Сі Цзяньпін. Кітай ад самага пачатку вырашыў не разменьвацца на дробязі — і стварыць адну з самых маштабных інфраструктурных сетак у свеце, ад Ціхага акіяна да Балтыйскага мора, адзіны калідор для прамых паставак тавараў з Усходу на Захад. Для рэалізацыі праекту ў Кітаі заснавалі «Фонд Шаўковага шляху» з бюджэтам у $40 мільярдаў. Праект прадугледжвае стварэнне некалькіх сотняў інфраструктурных аб’ектаў эканамічнага пояса «Шаўковага шляху»: лагістычных хабаў, чыгунак, аўтатрас і індустрыяльных паркаў.

«Беларусь — гэта лагістычнае перакрыжаванне. Мы знаходзімся на ключавых транспартных маршрутах, якія злучаюць Заходнюю Еўропу з Усходам, Чарнаморскае ўзбярэжжа з краінамі Балтыйскага мора, — кажа намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта па эканоміцы Мікалай Снапкоў. — Сёння на тэрыторыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» ідзе актыўнае стварэнне «сухога порта» і комплекснага лагістычнага цэнтра. Відавочныя дзве вузлавыя пляцоўкі эканамічнага пояса Шаўковага шляху: акруга Урумчы у Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне КНР і Беларусь».

Мінск выдатна разумее, што на маршруце «Новага Шаўковага шляху» Беларусь апынулася ў ролі гарляка бутэлькі — самога вузкага месца, якое злучае Еўразійскі Саюз з Еўрапейскім саюзам. Украіну Кітай як краіну-транзіцёра не разглядае з-за ідучай там вайны. А ў Беларусі — стабільнасць, і Пекіну абыякава, што хаваецца за гэтай стабільнасцю: ён сам не лепшы.

Так што зараз Лукашэнка папросту прадае свой «гарляк бутэлькі», ствараючы анклаў кітайскай эканомікі ва Усходняй Еўропе. Гэта, апроч іншага, стала чыннікам палітычнага пацяплення ў адносінах паміж Мінскам і Брусэлем: цяпер Беларусь як бы дэмакратызуецца, дзякуючы чаму ЕС зняў з краіны эканамічныя санкцыі. Самой Беларусі прадаваць у Еўропу асабліва няма чаго, а вось кітайцы магчымасць гандляваць праз Беларусь выкарыстаюць напоўніцу.

Па некаторых ацэнках, калі «Шаўковы шлях» сапраўды пачне працаваць, праз Беларусь можа пайсці каля 10 працэнтаў таваразвароту паміж ЕС і КНР. Гэта велізарная лічба: сёння таваразварот Кітай—ЕС складае каля 600 мільярдаў долараў, гэта значыць праз Беларусь пойдзе транзіт на 60 мільярдаў долараў. І далей таваразварот яшчэ будзе расці.

Таму Кітай укладае грошы ўжо сёння. Толькі на стварэнне інфраструктуры першай чаргі «Вялікага каменя» Кітай вылучыў больш за 100 мільёнаў долараў. У 2017-м гэтая інфраструктура будзе дабудаваная, і тады ў парк павінны пайсці новыя інвестыцыі. Так, найбуйнейшая лагістычная кампанія Кітая “China Merchants” плануе інвеставаць у лагістычны цэнтр да 2020 года больш за 500 мільёнаў долараў. І ўжо цяпер яна поўным ходам вядзе будаўніцтва ўласнай інфраструктуры, хаця агульная інфраструктура парка яшчэ не пабудаваная.

 

Роля і месца Пакістану

Кітай разлічвае, што «Шаўковы шлях» прывяжа суседнія краіны да Кітаю, што дасць перавагу ў дужанні з галоўным геапалітычным супернікам у рэгіёне — Індыяй. А зараз успомнім, што пасля сустрэчы з Сі Цзіньпінам Аляксандр Лукашэнка адразу адправіўся ў Пакістан. Тое ж самае было паўтары гады таму: у маі 2015-га Сі Цзіньпін наведаў Мінск, кіраўнік Беларусі атрымаў пачак крэдытаў і наўпроставых фінансавых уліванняў — і адразу паляцеў у Ісламабад.

Пакістан — ні ў якой ступені не канкурэнт Кітаю. Але ён — яго геапалітычны саюзнік у Азіі, найперш як магутны фактар, які стрымлівае Індыю. Насельніцтва Індыі сёння расце нашмат хутчэй, чым насельніцтва Кітая; колькасць іх жыхароў зраўняецца ў 2020 годзе. Індыя меншая па плошчы, але мае лепшае геаграфічнае становішча — напрыклад, у яе амаль няма супернікаў у Індыйскім акіяне. А вось марскія амбіцыі Кітая моцна абмежаваныя не вельмі прыязнымі да яго краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі. Да таго ж Індыя мае асаблівую ласку як амерыканскіх, так і еўрапейскіх палітычных і бізнес-эліт, якія не супраць падтрымаць галоўнага суперніка Кітая ў рэгіёне.

Прычым тут Беларусь? Сам Лукашэнка падчас візіту ў Пакістане сказаў вельмі выразна і ў дадзеным выпадку праўдзіва: «Рост вашай эканомікі, павелічэнне яе магчымасцяў па замежным укладанні капіталаў, ствараюць спрыяльныя перадумовы для таго, каб Беларусь стала для Пакістану інвестыцыйным акном у Еўропу». На самай справе, гістарычна так склалася, што ў Еўропе (за выключэннем Вялікабрытаніі) Пакістан не вельмі любяць — яго справядліва ўспрымаюць як агрэсіўную краіну і крыніцу ісламскага фундаменталізму. Ну а пра стаўленне еўрапейскіх эліт да Індыі ўжо казана.

Так вымалёўваецца яшчэ адна схема: Беларусі прыходзіцца адпрацоўваць кітайскае фінансаванне не толькі прадстаўленнем сваёй тэрыторыі пад перавалку кітайскага шырспажыву. А яшчэ і становячыся апорнай кропкай ва Усходняй Еўропе для палітычнага пратэжэ Кітая — Пакістана. Ну і прасоўваючы інтарэсы «шляху» далей на Захад — хаця б у Польшчу.


Каментаваць