Пенсійны ўзрост павышаць нельга

Ёсць, як мінімум, тры прычыны, якія дазваляюць заяўляць пра тое, што павышэнне пенсійнага ўзросту з'яўляецца неабгрунтаваным рашэннем. Яно зусім будзе не на карысць нашай эканоміцы. І вось чаму.

 



Прычына першая: дэмаграфічная

Цалкам абапіраючыся на дадзеныя Белстата, прывяду ўсяго некалькі цікавых статыстычных фактаў.

У 1955 годзе ў БССР нарадзілася 194 345 чалавек. У канцы 2014 года ў Беларусі ў 59-гадовым узросце знаходзіліся 129 916 чалавек. Калі не ўлічваць міграцыі, то атрымліваецца, што 33,2% насельніцтва не дажыло да 60-годдзя.

У 1950 годзе ў БССР нарадзілася 197 164 чалавек, у канцы 2014 года ў Беларусі ў 64-гадовым узросце было толькі 109 510 чалавек. Гэта значыць на пачатак 2015 года не дажыло да 65-годдзя 44,5% насельніцтва.

Такім чынам, павелічэнне пенсійнага ўзросту на 5 гадоў азначае, што 11,3% насельніцтва пазбавяцца магчымасці дажыць да пенсійнага ўзросту.
 

Прычына другая: кадравая

У апошнія гады ў Беларусі назіраецца паступовае зніжэнне колькасці занятага насельніцтва. За 2015 год скарачэнне колькасці работнікаў склала больш за 60 тысяч чалавек. Прычым асноўная частка скарачэнняў прыпадае на буйныя арганізацыі з дзяржаўным капіталам. Прадпрыемствы вымушаныя скарачаць колькасць работнікаў у пагоні за ростам прадукцыйнасці працы і зніжэннем сабекошту вырабленай прадукцыі. Пры гэтым усплёску беспрацоўя мы не назіраем. Чаму?

Для адказу на пытанне варта зірнуць на ўзроставую структуру насельніцтва. На пачатак 2015 года ў Беларусі пражывала 83 972 54-гадовыя жанчыны і 57 700 59-гадовых мужчын. Такім чынам, у 2015 годзе пенсійнага ўзросту дасягнула 141 872 чалавекі. У 16-гадовым узросце на пачатак 2015 года было толькі 91 238 чалавек. Колькасць памерлых у працаздольным узросце ў 2014 годзе складала 24 367 чалавек. З гэтых дадзеных з пэўнай умоўнасцю (частка грамадзян сыходзяць на пенсію па выслузе, частка па інваліднасці) можна ўсталяваць, што па дэмаграфічных прычынах працаздольнае насельніцтва Беларусі за год скарацілася прыкладна на 75 тысяч чалавек. Гэта нават больш, чым фактычнае скарачэнне занятага насельніцтва.

У выніку павелічэнне пенсійнага ўзросту створыць каласальную нагрузку на беларускі рынак працы. Знайсці працу ва ўмовах эканамічнага крызісу стане неверагодна складана. Горш за ўсё давядзецца моладзі, паколькі знайсці сабе месца працы без неабходнага вопыту значна складаней. У выніку мы будзем мець масавы адток моладзі за мяжу ў пошуках працы. Многія з гэтых маладых людзей будуць страчаныя для беларускай пенсійнай сістэмы назаўсёды, паколькі нават пры ўмове вяртання ў краіну напрацоўваць мінімальны 20-гадовы працоўны стаж у іх ужо не будзе ні часу, ні жадання.

Прычына трэцяя: эканамічная

Для тых, каму двух першых прычын недастаткова, прывяду, мабыць, самы важкі аргумент — эканамічны.

Для гэтага неабходна памятаць пра тое, што сродкі, прызначаныя для выплаты пенсій, — не падарунак ад дзяржавы. Яны пералічваюцца намі ж і нашымі працадаўцамі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) з кожнай нашай зарплаты.

Таму прапаную зірнуць на сумы, якія мы адлічваем на пенсію на працягу свайго працоўнага жыцця, і супаставіць іх з фактычнай велічынёй пенсій, якія нам выплачваюць.

Вызначыць сярэднюю велічыню пенсійных унёскаў у Беларусі не так проста. Справа ў тым, што ўнёскі на пенсійнае страхаванне пералічваюцца як самімі работнікамі, так іх працадаўцамі, а велічыня ўнёскаў залежыць ад памеру заработнай платы супрацоўніка. Таму для чысціні эксперыменту будзем выкарыстоўваць унёскі на пенсійнае страхаванне, якія выплачваюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Справа ў тым, што ІП сам вызначае памер свайго даходу, з якога ён будзе выплачваць унёскі. Аднак памер даходу не павінен быць меншы за суму мінімальных заробкаў за год. Такім чынам, ІП абавязаны выплацiць у ФСАН унёсак у памеры не менш за 35% мінімальнай заработнай платы. Пры гэтым выразна вызначана, што 29% прызначаюцца на страхавыя ўнёскі па пенсійным забеспячэнні.

У цяперашні час памер мінімальнай заработнай платы складае 2 300 000 рублёў. Такім чынам, мінімальны памер штомесячных унёскаў прадпрымальнікаў на пенсійнае страхаванне складае 667 000 рублёў. На сённяшні дзень гэта крыху больш за $ 32.

Прымаючы пад увагу, што сёння за размяшчэнне доўгатэрміновых укладаў у валюце беларускія банкі прапануюць ад 4% гадавых, разлічым, якую б суму здолелі назапасіць прадпрымальнікі, калі б страхавыя ўнёскі па пенсійным забеспячэнні размяшчалі на доўгатэрміновым валютным укладзе. Абярэм тры тыповыя сітуацыі.

Прадпрымальнік з 20-гадовым стажам

Разгледзім сітуацыю, пры якой прадпрымальнік-мужчына пачынае сваю дзейнасць у 21 год і працягвае яе на працягу наступных дваццаці гадоў. Такім чынам, ужо да 41 года жыцця ён напрацаваць неабходны мінімальны страхавы стаж і зможа прэтэндаваць на атрыманне пенсіі па ўзросту ў 60 гадоў.

Разлік назапашанага ўкладу са штомесячным унясеннем плацяжу па $ 32 (сённяшні памер пенсійных унёскаў) паказвае, што да заканчэння працоўнай дзейнасці прадпрымальнік змог бы назапасіць $ 11 775.

Па аналогіі з пенсіяй выкажам здагадку, што скарыстацца назапашанай сумай прадпрымальнік зможа толькі пры дасягненні 60-годдзя. Тады за астатнія 19 гадоў да надыходу пенсійнага ўзросту, сума на ўкладзе вырасла б да $ 24162.

Гэты прадпрымальнік змог бы разлічваць на мінімальны памер працоўнай пенсіі, адпаведны 20-гадоваму страхавому стажу. На сённяшні дзень яе велічыня складае ўсяго 1 584 770 рублёў. У пераліку на долары гэта менш як $ 77.

А вось зараз самае цікавае. Штомесячная сума налічаных працэнтаў па валютным банкаўскаму ўкладу пад 4% гадавых з назапашаных $ 24162 складае $ 80. Такім чынам, прадпрымальнік, які адлічвае ў маладосці страхавыя ўнёскі, не верне свае грошы ніколі, нават калі пражыве 200 гадоў. Фактычна з надыходам 60-гадовага ўзросту дзяржава дае яму магчымасць забіраць толькі працэнты са свайго ўкладу. Ды і то не ўсе.

Прадпрымальнік з максімальным 45-гадовым стажам

Разгледзім сітуацыю, пры якой прадпрымальнік-мужчына будзе ажыццяўляць выплату ўнёскаў на працягу 45 гадоў, што дасць яму магчымасць на атрыманне максімальна высокай пенсіі. На сённяшні дзень яна складае 4 384 260 рублёў, або $ 212.

За ўсю сваю працоўную кар'еру «прадпрымальнік-працаўнік» змог бы назапасіць на ўкладзе $ 48 464. Калі б ён затым вырашыў здымаць са ўкладу па $ 212 у месяц (памер належнай ад дзяржавы пенсіі), то гэтай сумы хапіла б яму на 36 гадоў. Прычым ён быў бы ўпэўнены, што ў выпадку, калі яму не давядзецца дажыць да гэтага шаноўнага ўзросту, банкаўскі ўклад перайшоў бы па спадчыне сваякам.

Прадпрымальнік з мінімальным стажам

Разгледзім сітуацыю, пры якой прадпрымальнік-жанчына пачне дзейнасць у 35 гадоў і будзе ажыццяўляць яе на працягу дзесяцігоддзя. Для жанчын дзесяцігадовы стаж зусім не малы, паколькі многія з іх жадаюць яшчэ паспець нарадзіць і выгадаваць дзяцей, атрымаць адукацыю.

За дзесяцігадовую працоўную кар'еру прадпрымальніца змагла б назапасіць на ўкладзе $ 4724. Да 55 гадоў гэтая сума за кошт назапашаных адсоткаў вырасла б да $ 7047. Штомесячная сума налічаных працэнтаў па валютным банкаўскаму ўкладу пад 4% гадавых з сумы $ 7047 складае $ 23.

У 55-гадовым узросце такая жанчына зможа разлічваць толькі на сацыяльную пенсію ў памеры 397 830 рублёў. На сённяшні дзень гэта менш як $ 20. Такім чынам, прадпрымальніца з 10-гадовым страхавым стажам таксама ніколі не верне свае грошы, а зможа толькі здавольвацца адсоткамі з віртуальнага ўкладу.

Што ўсё гэта азначае?

Гэта азначае, што грамадзяне Беларусі сёння атрымліваюць пенсію значна меншую, чым маглі б. Раней гэта можна было спісаць на той факт, што вялікая частка пенсійных унёскаў пенсіянераў загадала доўга жыць разам з СССР. Але з кожным годам велічыня пенсійнага фонду, сфармаванага ў незалежнай Беларусі, павінна становіцца ўсё большай. А значыць, беларусы маюць права чакаць альбо паступовага павелічэння пенсій, альбо скарачэння памеру пенсійных унёскаў.

Але паколькі замест гэтага нам кажуць аб неабходнасці павышэння пенсійнага ўзросту, то ўзнікае простае пытанне: «А дзе ж пенсійныя ўнёскі беларусаў за апошнія 25 гадоў?» Калі іх стала не хапаць нават на цяперашні памер пенсій, то гэта азначае, што сродкі былі выкарыстаныя надзвычай не эфектыўна. Калі ж гэта не так, то павелічэнне пенсійнага ўзросту павінна суправаджацца альбо істотным ростам памеру пенсій у доларавым выражэнні, альбо сувымерным скарачэннем велічыні пенсійных унёскаў.

Абмеркаванне:

  • Аляксандр
  • 2016-03-26 21:34:30
Думаю,што пасля павялічэння пенсійнага ўзросту краіна згубіць сельскіх працаўнікоў. І так там мужака ў 60 гадоў сустрэць цяжка, не дажываюць...

Наконт горада скажу, што збяжыць моладзь таму, што не зможа найсці працу (пенсіянеры не пакінуць свае цёплыя месцы)...Вось тады пабачым!

Каментаваць