Нафтавы бізнэс — пляма на рэпутацыі

Агенцтва «Bloomberg» мае рацыю, калі ставіць Беларусь у тройку самых нафтазалежных краін свету, якія вельмі хутка падвышалі долю нафтавай галіны ў вытворчасці ВУП. Але больш цікава, што, амаль не маючы ўласнай нафты, Беларусь стала адным з асноўных экспарцёраў нафтапрадуктаў на сусветны рынак.



Эксперты не памыляюцца, калі сцвярджаюць, што чвэрць стагоддзя таму Беларусь амаль нічога не зарабляла на пастаўках нафтапрадуктаў, а хутка заробіць на гэтай справе амаль 13 мільярдаў долараў.

Чвэрць стагоддзя таму Беларусь атрымлівала на перапрацоўку 20 мільёнаў тон нафты, што адпавядала магчымасці заводаў у Мазыры і Наваполацку.

А яшчэ раней (у 1975 г.) здабыла 8 мільёнаў уласнай нафты. Пасля, калі здабыча пачала скарачацца, павялічваліся пастаўкі з «саюзнага фонду». У першы год натуральнага эканамічнага суверэнітэту Беларусь здабыла 2 мільёны тон уласнай нафты і атрымала ад Расіі 20 мільёнаў тон. Столькі ж перапрацоўваюць зараз беларускія заводы. Зараз Беларусь спажывае 21–22 мільёны тон нафты, якія купляе ў Расіі і 1,5 мільёна тон уласнай. Чакаецца, што Расія падвысіць квоты яшчэ на 1 мільён.

Аднак шчасця не было ні тады, ні зараз. Што змянілася? Прыкладам, тады бензін каштаваў менш за бутэльку ліманаду. Усё паліва належала прадпрыемствам, таму вадзіцелі, каб прыпісаць тона-кіламетры, пасля рэйсу злівалі паліва за любым кустом. Гэта на той выпадак, калі начальнікі вырашыць замерыць расход бензіну. На казённым бензіне ездзіла ўсё начальства — хто б у іх запытаўся. Але і шарагоўцы мелі магчымасць ездзіць на дурніцу.

Танны бензін — не гарант шчасця. СССР разваліўся, і кожны пачаў па-свойму шукаць паратунку. Лукашэнка, стаўшы ў 1994 годзе прэзідэнтам, паўтараў — мне дасталіся пустыя засекі.

Дзіва было, каб яны былі поўнымі. Па-першае, зменшыліся патрэбы прамысловай вытворчасці па палітычных матывах, па-другое, пачаўся пераход да рынку, які ўводзіў паўсюль жорсткія стандарты эканомікі, па-трэцяе, тавары і фактары вытворчасці трэба было купляць, а грошай ні ў каго не было. Можна было б назваць яшчэ тысячу розных акалічнасцей, але ўрад Гайдара палічыў — выратавацца можна толькі праз продаж сыравіны. Таму ўрад Ельцына падвысіў кошты і тарыфы для айчынных прадпрыемстваў, каб вызваленую сыравіну прадаць за мяжу.

Зразумела, што «пад раздачу» трапіла і беларуская прамысловасць. Урад Кебіча вёў з гайдараўцамі перамовы, каб для браткоў-беларусаў усталявалі такія ж кошты, як і для расійскіх прадпрыемстваў, і дамовіліся, што для сваёй эканомікі Беларусь атрымае ільготны мінімум. Астатняе павінна купляць па сусветных коштах. Карацей, у 1993 годзе Беларусь атрымала ў Расіі не 20, а толькі 12 мільёнаў тон нафты. Вядома, шмат якія прадпрыемствы амаль спынілі працу. Але асобныя вытворчасці праявіла добрую жывучасць. Прыкладам, на МТЗ у 1993 годзе выпусцілі 82,4 тысячы трактароў. Няблага, калі параўнаць з максімальным выпускам — 101,3 тысячы машын у 1969 годзе.

Быццам бы механізм адпрацавалі. Не такі, як хацелі, а такі, які атрымаўся. Для Беларусі вызначаецца квота льготнай нафты для ўнутраных патрэб, а за астатняе трэба плаціць большыя кошты, каб прадаваць нафтапрадукты на вольным еўрапейскім рынку. Год ад года болей і з добрымі прыбыткамі.

Па афіцыйных дадзеных, Беларусь купляе ў Расіі нафту па 391 долару за тону, а сваю прадае амаль па двайной цане (766 долараў). Значыць, павінна добра зарабляць на экспарце нафтапрадуктаў. Мусіць, выгодная справа. Калі экспарт нафтапрадуктаў Беларусь падвысіла з 7,8 мільёна тон у 2000 годзе да 15–17 мільёнаў тон у 2010–2011 гадах, то нафтавалютная плынь хлынула ў бюджэт?

Хлынула. У выглядзе тых паперак, якія сведчаць, што беларусы своечасова разлічваюцца за нафту, якую купляюць у Расіі. Купілі нафту, перапрацавалі, прадалі бензін, разлічыліся з прадаўцамі, пазычылі грошай, каб купіць...

Вось такая праца і такія заробкі. Ці не таму Лукашэнка сцвярджаў, што нафтавы бізнэс у Беларусі не вельмі прыбытковы. Бо не мы іх доім, а яны нас, таму ён і кінуўся ў авантуру з растваральнікамі.

Зарабіць — не зарабіў, але нафтавую пляму пасадзіў. І на гарнітур, і на рэпутацыю. І першая, і другая цалкам натуральныя...

Каментаваць