Прадпрымальніцкае дэжа-вю

Было зразумела — прадпрымальнікі пачуюць не тое, што хочуць. Бо ўсур’ёз разлічваць на таго, хто марыў калісьці «паціснуць руку апошняму прадпрымальніку» не выпадае.



Праблемаў у ІП вельмі багата. Гэта і сертыфікаты на прадукцыю, і суправаджаючыя дакументы на тавар, якіх не выдаюць ані на адным рынку краін Мытнага саюза, і забарона наймаць працоўных больш чым тры чалавекі, і гэтак далей. Адказныя чыноўнікі гадамі не заўважаюць гэтыя праблемы. Была спадзяванка выключна на кіраўніка дзяржавы.

Усур’ёз разлічваць на таго, хто марыў калісьці «паціснуць руку апошняму прадпрымальніку» не выпадае. Але прадпрымальнікі хацелі атрымаць ад Аляксандра Рыгоравіча хаця б надзею на тое, што ім дадуць працаваць. Ці атрымалася?

Лукашэнка на сустрэчы з ІП абвінаваціў іх у тым, што ў «няроўных умовах» з прадпрымальнікамі апынулася ўся лёгкая прамысловасць Беларусі. Прадукцыя, якую вырабляе цэлая галіна, аказваецца менш канкурэнтаздольнай у параўнанні з таварамі, якія ІП прывозяць з-за мяжы.

Але гэта праблема прадпрымальнікаў ці лёгкай прамысловасці? Галіна атрымлівае шалёныя датацыі, мае прыярытэтны доступ да крамаў і складоў, але не ў стане канкураваць з замежнымі аналагамі, якія ўвозяцца ў краіну ІПшнікамі ледзьве не паштучна. І проста страшна падумаць, калі б прадпрымальнікі і лёгкая прамысловасць апынуліся б у сапраўды роўных умовах. Каб прадпрымальнікі атрымалі такія ж датацыі, такі ж доступ да крамаў, такую ж арэндную плату… Лёгкая прамысловасць сканала б не проста хутка, а імгненна.

Лукашэнка панаракаў, што прадпрымальнікі вязуць свой тавар з-за мяжы. Але што рабіць прадпрымальнікам, як не везці тавар з-за мяжы? Альтэрнатывы ж няма.

Аляксандр Рыгоравіч параіў закупацца на беларускіх аптовых базах, але сам адразу ж вызнаў, што там «дарагі і бедны асартымент». Кіраўнік краіны адразу ж запатрабаваў стварыць на гэтых базах асартымент не горш, чым на маскоўскіх рынках.

«Лукашэнка, звяртаючыся да прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова, пацікавіўся, ці магчыма стварыць на аптовых базах Беларусі асартымент, які быў бы не горш, чым на маскоўскіх рынках. Па словах Кабякова, гэта магчыма, але ўзнікнуць пэўныя складанасці. «Вы гэта зробіце, — сказаў Лукашэнка. — І калі толькі яны (прадпрымальнікі) скажуць, што там не будзе нейкіх шлапакоў або красовак, то вы за гэта адкажаце», — цытуе беларускага правадыра БелТА.

Між тым, Лукашэнка ўжо даўно даручаў стварыць у Беларусі аналаг Чаркізаўскага рынка ў Маскве, дзе можна набыць усё оптам і танна. Па апошнім такім даручэнні, айчынны «Чаркізон» павінен быў пачаць працу ў Болбасава Аршанскага раёна 1 ліпеня 2014 года. У гэтым яму кляліся тадышнія прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч і віцэ-прэм’ер Пётр Пракаповіч. Зараз няма ні Мясніковіча, ні Пракаповіча, ні «Чаркізона».

На гэтым пазітыўныя рашэнні для прадпрымальнікаў скончыліся. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў у адносінах да ІП «дзейнічаць гнутка, ужываючы эканамічныя механізмы вырашэння праблем, пры рэгуляванні асобных відаў прадпрымальніцкай дзейнасці». «Мы павінны выслухаць прадпрымальнікаў, якія ў іх прапановы па рашэнні пастаўленых імі ж пытанняў, і па выніках абмеркавання павінны прыняць рашэнні з перспектывай гэтага віду бізнесу ў краіне», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Калі Лукашэнка кажа пра «перспектывы гэтага віду бізнесу», то ён ужо адмовіўся ад жадання паціснуць руку апошняму прадпрымальніку?

На жаль, такога ад яго не дачакаешся, лічыць кіраўнік прадпрымальніцкага аб’ядання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. Увогуле, уся гэтая сітуацыя ў яго выклікае дэжа-вю і невясёлы смех.

«Роўна 10 гадоў таму, 1 сакавіка 2005 года, мы дамагліся такой жа сустрэчы. Тады, падчас прадпрымальніцкага мітынгу на Кастрычніцкай плошчы Мінска, побач са мной стаяў той жа самы Кабякоў, які атрымаў ад Лукашэнкі тыя ж самыя даручэнні — стварыць аптовыя базы, улічваць інтарэсы ўсіх бакоў, прыняць рашэнні па бізнесу. За 10 год Кабякоў не зрабіў нічога, і мне з цяжкасцю верыцца, што зараз ён нешта зробіць за паўгады», — кажа Шумчанка.

Сама сустрэча Лукашэнкі з прадпрымальнікамі, па словах Шумчанкі, з’яўляецца «пазітыўным крокам», але ён вельмі сумняваецца, што гэтая сустрэча будзе мець нейкі жаданы для прадпрымальнікаў вынік. «Казаць і рабіць — гэта розныя рэчы. На сустрэчы не было вырашана галоўнае пытанне — вызваленне нашых прадпрымальнікаў ад неабходнасці мець дакументы на тавар, якія не выдаюць нашым ІП ані ў Расіі, ані ў Казахстане. Сутнасць жа сказанага: «рэформы Пракаповіча» ў адносінах да ІП працягнуцца. Гэта перавод прадпрымальнікаў на гандаль айчыннымі таварамі, перавод ІП на айчынныя аптовыя базы, і ўсё гэта будзе рабіцца не эканамічнымі, а адміністрацыйнымі метадамі. У выніку сітуацыя ў прадпрымальніцкай сферы не зменіцца, і мы будзем бачыць тое, што бачым зараз — напаўпустыя гандлёвыя цэнтры», — лічыць Шумчанка.

Каментаваць