Прагназуецца незваротнасць

Да 1 лютага мусіць быць распрацаваны і ўнесены на разгляд урада праекта плана мерапрыемстваў па рэалізацыі дырэктывы № 4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь».



Да 1 лютага мусіць быць распрацаваны і ўнесены на разгляд урада праекта плана мерапрыемстваў па рэалізацыі дырэктывы № 4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь».

Намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур паведаміў, што распрацоўкай гэтага дакумента займаецца адмыслова створаная пры Мінэканомікі экспертная група, у якую ўваходзяць прадстаўнікі бізнэс-саюзаў, органаў мясцовага кіравання. «Яны мусяць сабраць прапановы па рэалізацыі дырэктывы ад прадстаўнікоў органаў дзяржкіравання, бізнэс-супольнасцяў, грамадзян», — растлумачыў Андрэй Тур. Такая праца, паводле яго слоў, мусіць спрыяць змяненню мышлення ў прадстаўнікоў тых структур, якія маюць цесныя кантакты з бізнэсоўцамі, напрыклад, гэта тычыцца маёмасных узаемадачыненняў.

Дзе гарантыі?


Цягам гэтага года Мінэканомікі плануе падрыхтаваць законапраект аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве, у якім будуць прапісаныя правы дзяржавы і правы ўласнікаў, аб’екты і сферы дзейнасці, формы і спосабы партнёрства. «Фармаванне заканадаўчай базы па дзяржаўна-прыватнаму партнёрству мусіць зняць недавер да ўлады з боку бізнэсу, які выклікала сітуацыя з канцэрнам «Пінскдрэў», — заявіў Тур. Нагадаю, 3 студзеня Аляксандр Лукашэнка ўказам №2 прызначыў дзяржканцэрн «Беллесбумпрам» кіруючай кампаніяй холдынгу «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў». 10 студзеня падаў у адстаўку генеральны дырэктар «Пінскдрэва» Ларан Арыніч, была распушчаная наглядальная рада. То бок вядуцца размовы аб гарантыях уласнікаў, і адначасова дзяржава ўмешваецца ў кіраванне прадпрыемствам, не маючы ніводнай яго акцыі.

Намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур з прыняццем дырэктывы №4 звязвае спадзяванні на развіццё прадпрымальніцва, якое «ў цяперашніх умовах мусіць быць задзейнічана ў поўнай меры». Чыноўнік нагадаў, што ў дакуменце ёсць пункты, датычныя ліквідацыі адміністрацыйных бар’ераў, стварэння інтэрнэт-рэсурсаў для бясплатнага атрымання дакументаў у электронным выглядзе, прынцыпу «аднаго вакна», якое такім будзе насамрэч, і «не трэба будзе хадзіць месяцамі, выбіваючы даведкі». Таксама Тур звярнуў увагу на крокі па лібералізацыі ў часткі кантрольнай дзейнасці. «Цяпер кантрольная дзейнасць мусіць насіць найперш папераджальны характар, а праверкі не павінны парушаць вытворча-гаспадарчую дзейнасць суб’ектаў гаспадарання», — паабяцаў Тур. Намеснік міністра эканомікі зазначыў, што падпісанне дырэктывы робіць немагчымым «адкат назад і адступленне ўладаў ад лібералізацыі».

Старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін, апроч Грамадска-кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта, цяпер уваходзіць і ў кансультатыўную раду пры Мігарвыканкаме, якая займаецца выпрацоўкай адпаведных рэкамендацый для ўраду па развіцці бізнэсу. Уладзімір Карагін гаворыць, што ад удзелу ў дзейнасці такіх структур «амбівалентныя адчуванні», але ўсё ж гэта дазваляе «выходзіць на больш высокі ўзровень улады і ўжо такім метадам вырашаць некаторыя пытанні». Суразмоўца зазначае, што ёсць прыклады як эфектыўных, так і не эфектыўных пляцовак дыялогу паміж уладамі і прадпрымальнікамі. «Трэба выпрацоўваць культуру дыялогу. Цяпер дыялог пачаўся, а механізмаў яго вядзення мы не маем. Я ўвесь вольны час выдаткоўваю на пасяджэнні, і хочацца выніку. Думаю, што калі людзі ўдзельнічаюць у стварэнні законаў, то потым яны іх не баяцца. Да ўрада цяпер нельга ісці з лозунгамі, трэба несці разлікі, аналітыку. На гэты год наша задача — распрацаваць законапраект аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве, бо той, што ёсць, спісаны з расійскага ўзору і не падыходзіць пад беларускія рэаліі», — гаворыць старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін.

Пенсійная рэформа

Сёлета Мінэканомікі плануе распрацаваць палажэнне аб пераразмеркаванні пенсійнай нагрузкі з наймальнікаў на работнікаў. Гэтая праца зойме некалькі месяцаў, але ўводзіцца новая пенсійная сістэма будзе не адзін год. Пераразмеркаванне нагрузкі па пенсійным страхаванні паміж наймальнікамі і працаўнікамі прадугледжана дырэктывай №4. Прадугледжваецца знізіць для суб’ектаў гаспадарання памер адлічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, якія цяпер складаюць 35 працэнтаў ад фонду заработнай платы прадпрыемства.

Таксама дырэктыва №4 прадугледжвае рэкамендацыйны характар прымяненне Адзінай тарыфнай сеткі для прыватных прадпрыемстваў, што павінна спрыяць увядзенню больш гнуткіх умоў аплаты працы работнікаў.
 

Каментаваць