Пралом замест заслоны

Паслухаў неяк на кухні беларускае радыё. Пасля 19 снежня яно, мусіць, застаецца ледзь не адзінай крыніцай пазітыўнай інфармацыі. Перадавалі рэпартаж пра поспехі аграпрамысловага комплексу.



Паслухаў неяк на кухні беларускае радыё. Пасля 19 снежня яно, мусіць, застаецца ледзь не адзінай крыніцай пазітыўнай інфармацыі. Перадавалі рэпартаж пра поспехі аграпрамысловага комплексу.

Па завядзёнцы савецкіх часоў, аддалі належнае планам на будучыню, распавялі пра тое, што ўжо зроблена ці робіцца. У слухачоў такая інфармацыя не выклікае недаверу, бо на самай справе ў краіне будуюцца і новыя фермы, і перапрацоўчыя цэхі, на якіх устанаўліваецца сучаснае замежнае абсталяванне. Прынамсі на Верхнядзвінскім малочным заводзе ўведзены цэх па вытворчасці цвёрдых сыроў па аўстрыйскай тэхналогіі і на аўстрыйскім абсталяванні. Можна сказаць, цэх-аўтамат, дзе вытворчасць кантралюецца кампутарамі, і таму амаль выключаны чалавечы фактар. Нарэшце прыходзяць да нас цэхі-аўтаматы, якія абяцалі толькі пры камунізме.

Журналіст і яго суразмоўцы сыпалі лічбамі, разважалі пра дыверсіфікацыю экспарту і гэтак далей, паводзілі сябе як тыповыя тэхнакраты. Пра чалавечы фактар, мусіць, нечакана для самога сябе выказаўся прадстаўнік Мінсельгасхарчу. Ён лічыць, што беларуская харчовая прадукцыя набывае неблагія перспектывы на рынках трэціх краін, дзе пакуль што вельмі моцныя пазіцыі мае КНР. Але ж у гэтай краіне з кожным годам падвышаецца ўзровень жыцця (растуць заробкі), таму кітайскія прадукты хутка губляюць перавагу ў цэнавай канкурэнцыі.

Не думаю, што Мінсельгасхарч усур’ёз разлічвае палажыць на лапаткі шматмільённага кітайскага вытворцу. Больш цікава іншае — фактычна чыноўнік прызнаецца, што заробкі беларусаў ужо адстаюць ад кітайскіх. Таму мы можам заняць тую нішу недарагіх тавараў, у якой да гэтага часу панавалі кітайцы.

Вядома, што колішні старшыня Савета Міністраў СССР пасля правалу перабудовы рытарычна пытаўся сам у сябе: «Чаму мы не пайшлі па шляху кітайцаў, хто нам не дазваляў рэфармаваць эканоміку на кітайскі манер?» Дасведчаныя людзі яму адказвалі, што гэта было немагчыма з прычыны амаль поўнай адсутнасці кітайцаў у краіне. Гэта значыць, людзей, якія могуць без выходных працаваць па 10–12 гадзін на суткі за жменьку рыса і адзін долар заробку.

Адчуйце пікантнасць моманту — беларусы ўсё яшчэ з пагардай паглядаюць на бедных кітайцаў, хоць на самай справе ўжо даўно вартыя жалю. Магчыма, у параўнанні з жыхарамі Паднябеснай, у нас яшчэ застаюцца такія-сякія перавагі. Але, мусіць, не надта вялікія. Што тычыцца нашых бліжэйшых суседзяў, то па ўзроўню жыцця мы знаходзімся крышку вышэй за ўкраінцаў. А ўсім астатнім прайграем. Прыкладам, наша сярэдняя заработная плата, якую неймавернымі высілкамі ўлады падцягнулі да 500 долараў, адпавядае мінімальнаму сацыяльнаму стандарту ў Польшчы.

Няма ніякага сумневу, што з цягам часу гэта адставанне будзе павялічвацца. Бо на самай справе матэрыяльны стан людзей залежыць ад мэтаў, якія былі пастаўлены. Тая ж Польшча ўступіла ў Еўрасаюз для таго, каб забяспечыць сваім грамадзянам еўрапейскі ўзровень і якасць жыцця. І гэта мэта не супярэчыць, а цалкам адпавядае палітычным мэтам Еўрасаюзу.

Вось і атрымліваецца, што жалезную заслону паміж Беларуссю і «свабодным светам» мы яшчэ не дэмантавалі, а на яе месцы ўжо пашыраецца і паглыбляецца пралом. Багатым у нас нецікава. Нам, бедным, ехаць да багатых няёмка. Як бы сябе не паводзіў, а тым здаецца, што прыехаў грошы прасіць. Вось такія сумныя наступствы ад рэалізацыі нашай унікальнай сацыяльна-псіхалагічнай мадэлі.



Што праўда, прадукцыя, калі мы яшчэ зможам вырабляць, павінна быць больш таннай, і нейкія грошы ў дзяржавы будуць. Невялікія. Хай нікога не зводзяць у падман велізарныя лічбы, з дапамогай якіх прапаганда стварае афіцыйны партрэт беларускай эканомікі. Сумы мільярдныя, але грошай не хапае, каб залапіць прарэхі на цікавых месцах.

Прыкладам, кажуць, што ад гандлю харчовымі таварамі дзяржава атрымала шмат валюты. Насамрэч, за 11 месяцаў мінулага года іх было экспартавана на 2,6 мільярда долараў. Але ж і імпарт тавараў харчовага або сельскагаспадарчага прызначэння склаў 1,4 мільярда долараў. Такім чынам, перавышэнне экспарту над імпартам — толькі 1,2 мільярда долараў. А з сумы валютнай выручкі трэба выключыць сабекошт сельскагаспадарчай ды харчовай прамысловасці, выдаткі рэалізацыі, удакладніць здабыткі (калі ад іх пасля гэтага нешта засталося) інвестыцыйнымі ўнёскамі ў сельскую гаспадарку, параўнаць рэшту з сумай пратэрмінаванай запазычанасці сельгасарганізацый. І толькі пасля гэтага рабіць высновы — выгодны для нас экспарт сельгаспрадукцыі ці гэта толькі сродак атрымоўваць нейкую валюту для розных хітрых патрэбаў улады.

Насамрэч, стан сельскай гаспадаркі дрэнны. Але і ў іншых галінах справы не нашмат лепшыя. Адмоўнае сальда ў гандлі таварамі, прыкладам, за 11 месяцаў склала больш за 8 мільярдаў долараў. За год будзе больш за 9 мільярдаў. Менавіта на такую велічыню сума імпарту тавараў, што неабходныя для нармальнага функцыянавання і развіцця эканомікі, перавышае суму выручкі ад продажу беларускіх тавараў за мяжой. Не вядома да гэтага часу, як там будзе з нафтай і газам, але кожнаму відавочная нізкая эфектыўнасць нашай эканомікі. Кожнаму, хто вывучаў палітэканомію ў савецкай школе ці вучыўся пазней па заходніх падручніках, відавочна і асноўная прычына такой «безгаспадарчасці». Усе — ад прыбіральшчыцы да міністра — усё робяць з-пад палкі, робяць тое, што загадана, робяць абы як, абы з рук збыць.

Верагодна, таму год ад года не выконваецца паказнік змяншэння рэсурсаёмістасці вытворчасці ВУП. За мінулы год ён павінен быў істотна зменшыцца, а ўдалося эканоміць толькі на 1%.

Міхаіл Мясніковіч, які ўзначаліў урад падчас усіх гэтых палітычных пературбацый, зараз павінен ламаць галаву, хто і на якіх умовах дасць Беларусі 5–6 мільярдаў долараў, якія патрэбныя, каб утрымаць эканоміку ад натуральнага развалу. А чым аддаваць, калі зарабіць не ўмеем, дый не хочам? Жывем, працягваючы руку кожнаму, у каго ёсць грошы. Пры гэтым красамоўна трымаем яе далонню ўверх.

 

Каментаваць