Прамысловая вытворчасць працягвае скарачацца

За студзень—ліпень 2016 года аб'ём прамысловай вытворчасці ў Беларусі, паводле даных афіцыйнай статыстыкі, склаў 45,1 млрд. дэнамінаваных рублёў і знізіўся на 2% у параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года.


У студзені—чэрвені адставанне ад леташняга паказчыка складала 1,6%, у студзені—маі — 1,9%, у студзені—красавіку — 2,5%, у студзені—сакавіку — 4,3%, у студзені—лютым — 5,6%, у студзені — 6,8%.


Па выніках сямі месяцаў зніжэнне аб'ёму выпусканай прамысловай прадукцыі зафіксаванае: у вытворчасці коксу і прадуктаў нафтаперапрацоўкі — на 3,1%; у вытворчасці хімічных прадуктаў — на 10,7%; у вытворчасці гумовых і пластмасавых вырабаў — на 8,9%; у металургіі — на 4,8%; у вытворчасці транспартных сродкаў і абсталявання — на 2,7%; у забеспячэнні электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам — на 2,7%; у водазабеспячэнні — на 7,6%.


Тым не менш у шэрагу галін прамысловасці аб'ём прамысловай вытворчасці за сем месяцаў бягучага года перавысіў узровень аналагічнага перыяду 2015 года: у горназдабыўной — на 0,6%, харчовай прамысловасці — на 1,1%, вытворчасці тэкстыльных вырабаў, адзення, вырабаў са скуры і футра — на 3,3%; вытворчасці вырабаў з дрэва і паперы, паліграфічнай дзейнасці і тыражаванні запісаных носьбітаў інфармацыі — на 9,1%, асноўных фармацэўтычных прадуктаў і фармацэўтычных прэпаратаў — на 5,5%, вытворчасці электраабсталявання — на 7,8%, у вытворчасці вылічальнай, электроннай і аптычнай апаратуры — на 1,9%, машын і абсталявання — на 8,4%.


Віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, выступаючы на Беларускім прамысловым форуме ў красавіку гэтага года, выказаў здагадку, што да канца года прамысловасць выйдзе з фазы падзення. "Мы недацягваем пакуль да 100%. Але трэба адзначыць, што пры гэтым з месяца ў месяц прамысловасць дадае па 1,5%. Таму ёсць надзея, што на заданне гэтага года (тэмп росту больш за 100%) мы выйдзем, а значыць, і выйдзем з рэцэсіі", — заявіў чыноўнік.


Спад прамысловай вытворчасці ён патлумачыў уплывам у першую чаргу знешніх фактараў: "Беларусь — краіна з адкрытай эканомікай, калі 65% ВУП прадаецца на знешнія рынкі, і не можа не залежаць ад знешніх фактараў, калі ў свеце адбыўся крызіс, калі ў Расіі, на нашым асноўным рынку, рубель абваліўся, попыт на нашу прадукцыю знізіўся".


Пры гэтым Сямашка прызнаў, што адмоўныя паказчыкі работы прамысловасці абумоўленыя ў тым ліку неканкурэнтаздольнасцю беларускай прамысловай прадукцыі на іншых (акрамя расійскага) рынках збыту. "Тая прадукцыя, якую шмат гадоў мы пастаўлялі на рынкі постсавецкай прасторы, не стала больш запатрабаванай на іншых рынках. Гэта адбылося з-за таго, што не ўсе прадпрыемствы займаліся інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасцю, шмат у каго асноўныя фонды засталіся зношанымі. Гэта і адбілася на праблемах, з якімі сёння сутыкаемся", — адзначыў ён.


Марына Носава, БелаПАН


Каментаваць