Прыблізна 80% паступленняў у бюджэт Мінска забяспечаны недзяржаўным сектарам

77,9% паступленняў у кансалідаваны бюджэт Мінска за першы квартал 2013 года забяспечаны недзяржаўным сектарам эканомікі.



Паводле інфармацыі прэс-цэнтра Міністэрства па падатках і зборах, у структуры паступленняў па катэгорыях плацельшчыкаў лідарамі з'яўляюцца арганізацыі недзяржаўнага сектара эканомікі — 75,4%, на арганізацыі дзяржаўнага сектара эканомікі прыпадае 22,1% паступленняў, на індывідуальных прадпрымальнікаў — 1,6%, на іншых фізічных асоб — 0,9%.

За першы квартал 15,6 трлн. рублёў даходаў дзяржаўнага бюджэту сфарміравана за кошт паступленняў плацяжоў ад плацельшчыкаў Мінска, у тым ліку ў рэспубліканскі бюджэт паступіла 7,7 трлн. рублёў. Асноўная частка плацяжоў (97,8%) сфарміравана за кошт плацяжоў, выплачаных у добраахвотным парадку.

Кансалідаваны бюджэт Мінска на 36,7% сфарміраваны паступленнямі падатку на дададзены кошт. Значныя аб'ёмы плацяжоў па падатку на прыбытак (27,8%), падаходным падатку (11,7%), акцызах (5,4%), падатку на нерухомасць (2,2%), зямельным падатку (1,7%).

26,6% кансалідаваных даходаў горада забяспечаны плацельшчыкамі Савецкага раёна, істотны ўнёсак у фарміраванне даходаў бюджэту зроблены плацельшчыкамі Маскоўскага (13,1%) і Першамайскага (12,6%) раёнаў.

У рэйтынгу найбуйнейшых плацельшчыкаў сталіцы — ААТ "Белтрансгаз", ЗП "Лукойл-Беларусь", РУП "Мінск Крышталь", ТАА "Трайпл", ЗАТ "Мінскі завод вінаградных він", ТДА "Белнафтагаз", ЗАТ "Беларуская нафтавая кампанія", ТАА "Тытунь-інвест", СЗАТ "Энерга-Ойл", ЗТАА "Газпрамнафта-Белнафтапрадукт", ЗП "Слаўнафтахім", ВА "Белэнерга", ЗАТ "Паціо", ААТ "Крыніца", РУП "Мінскаблгаз", якімі ў сукупнасці забяспечана 41,5% кансалідаваных даходаў горада.

На 1 красавіка 2013 года колькасць плацельшчыкаў падаткаў, збораў (пошлін) склала больш за 300 тысяч, у тым ліку 55.133 арганізацыі, 64.589 індывідуальных прадпрымальнікаў і 186.884 фізічныя асобы.

 

Каментаваць