Прыватызацыя: «для сваіх» і тэрмінова

Беларускі ўрад вырашыў правесці прыватызацыю ў краіне па ўласных правілах. Для таго, каб забяспечыць сябе і сваіх сваякоў прыбытковай уласнасцю нават пасля змены рэжыму. Можна выказаць здагадку, што гэта — новая форма сацыяльнай дамовы.

 


Нестандартна — на першы погляд

Калі вельмі доўга — дзесяцігоддзямі — пішаш пра беларускую эканоміку, то міжволі пачынаеш бачыць за радкамі чарговага ўказу або законапраекту тое, па якой прычыне ён быў падрыхтаваны і чые інтарэсы за ім стаяць. Часам бачыш, што дакумент — вынік залішняй чыноўніцкай стараннасці, памножанай на дурноту. Менавіта такі, напрыклад, Дэкрэт №3 — аб «дармаедах». Часам бачыш, што гэтае адлюстраванне чыноўніцкай бездапаможнасці, спроба перакласці праблему на чужыя плечы. Гэта большасць дамоваў з Расіяй аб пастаўцы энерганосьбітаў.

А бывае, што проста скрозь радкі дакумента бачнае жаданне яго аўтараў забяспечыць сытае і нябеднае існаванне сваім дзецям ды іншым сваякам. У дадзеным выпадку гэта праект указу кіраўніка дзяржавы, які абвяшчае мараторый на праверкі да канца 2020 года і шырокія падатковыя палёгкі для фірмаў, якія працуюць у сферах рытэйла, грамадскага харчавання і бытавых паслуг. А заадно — моцна спрошчаныя ўмовы прыватызацыі для прадстаўнікоў падобнага бізнесу. Гэты дакумент падрыхтавала Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Праект прадугледжвае ўвядзенне да 31 снежня 2020 года мараторыя на правядзенне планавых праверак кампаній, што працуюць у некалькіх сферах бізнесу, у якіх доля прыватнага капіталу на сёння вельмі вялікая. Адзінае — мараторый не закране праверак санітарнага і пажарнага нагляду, кантролю за выкананнем ліцэнзійных патрабаванняў і ведамаснага кантролю.

Арганізацыям і ІП указ дазволіць самастойна ўсталёўваць рэжым працы належных ім аб’ектаў (за выключэннем тых, якія адчыненыя з 23.00 да 7.00), а таксама ствараць стацыянарныя аб’екты незалежна ад таго, ці ўвайшлі яны ў зацверджаныя выканкамамі схемы размяшчэння.

Прадугледжваюцца значныя падатковыя палёгкі для тых, хто займаецца бізнесам на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў і ў сельскай мясцовасці. Паводле праекту, фірмы і ІП, якія валодаюць крамамі і павільёнамі з гандлёвымі месцамі да 100 квадратных метраў, гандлёвымі месцамі на рынках, аб’ектамі грамадскага харчавання з колькасцю месцаў да 50, а таксама тыя, хто аказвае бытавыя паслугі, атрымліваюць права не выплачваць ПДВ і падатак на прыбытак, а індывідуальныя прадпрымальнікі — падаходны падатак з фізічных асоб. Стаўка падатку пры выкарыстанні спрошчанай сістэмы падаткаабкладання ўсталяваная на ўзроўні 1%.

А цяпер — самае «смачнае». Праект указу прадугледжвае прэферэнцыі ў выглядзе продажу дзяржаўнай маёмасці па ацэначным кошце без правядзення аўкцыёну, а таксама растэрміноўку аплаты. Дазваляецца праводзіць перапланіроўку памяшканняў без распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі, калі працы не закранаюць апорныя канструкцыі.

Указ для дзяцей і сваякоў

Паглядзім, хто больш за ўсё выйграе ад новага ўказу ў выпадку яго прыняцця. Гэта, вядома, тыя жыхары рэгіёнаў, у каго ёсць пэўныя капіталы і адміністрацыйны рэсурс для ўваходжання ў новы бізнес на новых умовах — праз спрошчаную раздачу дзяржмаёмасці. Прыватны бізнес у правінцыі, у адрозненне ад Мінска, развіты зусім слаба, а дзе і развіты — там ён займае цалкам вызначаныя рынкавыя нішы, выхад за межы якіх — вялікая рызыка. Адпаведна, у шараговых грамадзян у правінцыі грошай на ўласную справу няма — гэта паказалі ў тым ліку прайшоўшыя пратэсты супраць «падатку на дармаедаў».

Хто застаецца? Чыноўнікі мясцовых адміністрацый і іх сваякі, а таксама «аграрныя бароны». То бок тыя мужычкі ў куртатых пінжаках, што атачаюць кіраўніка дзяржавы кожны раз, калі ён прыязджае з чарговай інспекцыяй на якое-небудзь аграпрадпрыемства. Давайце прыгадаем, колькі мільярдаў долараў дзяржава за пару апошніх дзесяцігоддзяў «пахавала» у АПК? Па словах Міхаіла Мясніковіча, толькі за 2011–2015 гады гэта $43,8 мільярда. Тут цяжка не пагадзіцца з Яраславам Раманчуком, які сцвярджае, што на самай справе дырэктары стратных аграпрадпрыемстваў і старшыні калгасаў «20 гадоў без ураджаю» — галоўныя ценявыя капіталісты ў сённяшняй Беларусі. Сапраўды, не ўсе ж вылучаныя ўрадам на аграпрам грошы згнілі разам з бульбай у капцах…

У 1996-м — 21 год таму — аўтар гэтых радкоў працаваў у Міжнароднай фінансавай карпарацыі (МФК) — падраздзяленні Сусветнага Банка ААН. Больш дакладна — быў PR-менеджарам у праекце «Малая прыватызацыя ў Беларусі». Гэты праект, фінансаваны Агенцтвам ЗША па міжнародным развіцці, рэалізоўваўся ў Беларусі з 1993 па 2000 год. Падчас «малой прыватызацыі» ў прыватныя рукі перайшлі 70 працэнтаў аб’ектаў у гандлі і сферы грамадскага харчавання — 51%, у бытавым абслугоўванні насельніцтва — 36%.

І я памятаю, хто тады прыватызаваў падобныя аб’екты. Гэта былі людзі, якія некалькі папярэдніх гадоў гойсалі з вялікімі клецістымі кайстрамі ў Польшчу і Турцыю, завозячы на пачатку 90-х гадоў у Беларусь вельмі запатрабаваны замежны шырспажыў. Менавіта яны — у першую чаргу — станавіліся новымі ўласнікамі розных невялікіх бізнесаў, звычайна ўжо не звязаных з гандлем. Гэтыя людзі жадалі асталявацца на сваёй зямлі і жыць са свайго бізнесу. Але потым прагучала знакамітая фраза Лукашэнкі пра «вашывых блохаў», і панеслася…

Сёння таго пакалення прадпрымальнікаў ужо папросту няма. Цяперашнія ІП, якія трымаюць кропкі на рэчавых рынках і ў гандлёвых цэнтрах, найперш заклапочаныя ўласным выжываннем. Яны не вераць дзяржаве і не плануюць выходзіць у новыя сферы бізнесу, нават невялікага па маштабах. Затое ў гэтую нішу прыходзяць дзеці і сваякі прадстаўнікоў мясцовай улады. У іх ёсць грошы, ёсць патрэбныя сувязі, каб атрымаць патрэбныя аб’екты міма аўкцыёну (прычым, цалкам легальна). І яны ведаюць, што цяперашняя ўлада не вечная, нават, перафразуючы Булгакава, «не вечная раптоўна». І таму яны спяшаюцца забяспечыць сабе сытую будучыню.

Яны ўжо рыхтуюцца 

На сумесным пасяджэнні Мінэканомікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8 лютага па Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016–2020 гады міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі зрабіў нечаканую заяву. Нечаканую для службоўца, які, па ідэі, павінен праводзіць у жыццё ўказанні кіраўніка краіны. Зіноўскі заявіў, што незваротнасць прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці неабходна замацаваць заканадаўча.

"Асобна жадаю спыніцца на даўно наспелай неабходнасці заканадаўчага замацавання незваротнасці прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці і адпаведнага скарачэння тэрміна пазоўнай даўніны. Гэты важны крок стане дадатковым сігналам для інвестараў і дазволіць нам, нарэшце, наблізіцца да агульнапрынятых стандартаў абароны правоў суб’ектаў прыватызацыі", — сказаў міністр эканомікі. Па яго словах, урад мусіць правесці значную працу па карэктоўцы адпаведнага заканадаўства, і першым чынам — закона «Аб гаспадарчых супольнасцях».

Дзіўна чуць такое ад міністра эканомікі ў краіне, дзе адабраць уласнасць і кінуць інвестара ў турму — нашмат прасцей, чым прыватызаваць якое-небудзь буйное прадпрыемства. Аднак зараз становіцца зразумела, што «замацаванне незваротнасці прыватызацыі» тычыцца зусім не сапраўды вялікіх заводаў рэспубліканскага або нават абласнога маштабу. Яны ў любым выпадку застануцца ў сферы інтарэсаў дзяржавы. Але рэгіянальная наменклатура, відавочна, нацэлілася на прыватызацыю мноства ўсё яшчэ захаваных «смачных кавалачкаў» у правінцыі. А у гэтай сферы мясцовым функцыянерам заўсёды прасцей дамовіцца з усімі — уключаючы мясцовых праваахоўнікаў і працаўнікоў КДК.

Можна выказаць здагадку, што гэта — новая форма сацыяльнай дамовы. Ранейшая грамадская дамова ўладаў з насельніцтвам («мы вам — чарку і шкварку, а вы — не лезеце ў палітыку») ужо не дзейнічае, што і пацвердзіў недарэчны «дэкрэт аб дармаедах». Верагодна, зараз улада зацвярджае новую дамову — ужо з мясцовай наменклатурай. Яе сутнасць: «Мы вам — уласнасць і спакойны бізнес, вы нам — забяспечваеце спакой у рэгіёнах і патрэбны вынік выбараў».


Каментаваць