Прывітанне ад Гарбачова

Амаль усе, хто працуе на буйной дзяржаўнай выіворчасці зараз кажа: «Мы вяртаемся ў гарбачоўскія часы». Прычым, вяртаемся не ў «перабудову і галоснасць», а ў эканамічную і вытворчую стагнацыю пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя.



Напрыканцы сакавіка буйнейшыя «флагманы індустрыі», як іх называлі ў савецкія часы і як іх называе Аляксандр Рыгоравіч, заявілі пра спыненне вытворчасці і перавод сваіх працоўных на 2/3 аплаты заробку: акурат як у апошнія гады «гарбачоўшчыны». З 27 сакавіка па 6 красавіка галоўны канвеер спыніў МАЗ. З 27 сакавіка да 6 красавіка часткова не працуе МТЗ. З 26 сакавіка па 1 красавіка «ў адпачынку» бабруйскі завод масавых шын, да 6 сакавіка — «Магілёўтрансмаш».

Такая сітуацыя — па ўсёй краіне. Апошнім часам многія прадпрыемствы пераводзяцца на скарочаны працоўны тыдзень або вымушаюць рабочых пісаць заявы на адпачынкі за свой кошт. Толькі за пачатак сакавіка такія сігналы паступалі з «Гомсельмашу», Асіповіцкага завода аўтамабільных агрэгатаў, Светлагорскага завода жалезабетонных вырабаў, Бабруйскага завода дэталяў і агрэгатаў, згаданых «Магілёўтрансмашу» і МТЗ, «Строммашыны», «Гомельдрэва», Мінскага падшыпнікавага завода, і нават з Беларускай чыгункі і ААТ «Віцебскія прадукты». А пра колькі такіх прадпрыемстваў мы не даведваемся, бо людзі з іх у інтэрнэт не пішуць?

Да чаго гэта прывяло ў гарбачоўскія часы, мы выдатна ведаем: сто тысячаў рабочых на вуліцах Мінска і агульнанацыянальны страйк па ўсёй краіне.

Ці чакаць народных узрушэнняў зараз? Хутчэй, не. Справа ў тым, што сама па сабе адсутнасць працы нікога не хвалюе. Наадварот, наш народ любіць халяву. І калі за «прастой» плоцяць хоць маленькія, але грошы, гэта рабочымі толькі вітаецца. Пра гэта кажа і Сяргей Антончык, у 1991-м, — адзін з лідараў рэспубліканскага страйкаму. Паводле яго слоў, страйкі распачыналіся не з-за стагнацыі прадпрыемстваў, а з-за немагчымасці «накарміць народ».

«Па-першае, у канцы Савецкага Саюза ўлады не маглі падтрымліваць «сацыяльны кантракт» з людзьмі. Зараз у рэжыму ёсць магчымасць браць крэдыты, затыкаць дзіркі, плаціць грошы. Па-другое, у той момант таксама грошы невялікія плацілі, але на гэтыя грошы не было чаго набыць, нават па існаваўшых тады талонах і купонах. Зараз крамы пакуль што поўныя тавараў, і аб дэфіцыце ці талонах размова нават не ідзе. Акрамя таго, сацыяльны выбух магчымы, калі аслабляецца цэнтральная ўлада. У 90-я гады было адмоўнае стаўленне людзей да ўлады, ёй верыла можа быць працэнтаў толькі пяць насельніцтва. Зараз, калі ўзяць сацапытанні, хоць палова, але давярае ўладзе», — кажа Антончык.

Па ягоным меркаванні, да страйкаў нам яшчэ далёка. «Лакальныя выхады могуць быць: цэх застрайкаваў, бо не плацяць заробак. Але для агульнанацыянальнага ўзрушэння павінен быць даволі працяглы час эканамічнай стагнацыі — год, два, тры. Тады, можа быць, сітуацыя і будзе нагадваць гарбачоўскія часы», — лічыць Антончык.

Што трэба рабіць, каб гісторыя не паўтарылася? Як ні дзіўна, тое, што абяцаў Аляксандр Рыгоравіч падчас прэзідэнцкай кампаніі 1994 года — «запусціць заводы». Пытанне толькі ў тым, як іх запусціць, калі зробленая прадукцыя зусім не прадаецца?

Нічога складанага ў тым, каб «запусціць заводы» няма, і ўсё гэта мы ўжо праходзілі, кажа эканаміст Леанід Заіка. «Час усё ж адрозніваецца ад гарбачоўскага — зараз ёсць нейкі рынак, ёсць канкурэнцыя і ёсць класічны крызіс. У гарбачоўскі час руйнавалася краіна, ішоў «распіл уласнасці», гэта некалькі іншая канфігурацыя. Зараз жа мы ў сітуацыі класічнага эканамічнага крызісу. А таму зараз і задача, можна сказаць, класічная, цалкам простая і натуральная: правесці рэканструкцыю, рэструктурызацыю сваіх прадпрыемстваў і выпускаць прадукцыю, якая патрэбная рынку», — кажа Заіка.

Па ягоных словах, для інжынераў, маркетолагаў і тэхнолагаў гэта задача простая, — калі яны, канешне, прафесіяналы. «Інжынераў трэба насіць на руках, каб яны маглі ствараць новую прадукцыю і правесці дыверсіфікацыю вытворчасці, а рабочым — засучыць рукавы», — лічыць эканаміст.

Але і сам Заіка зазначыў, што ў краіны — $40 мільярдаў пазыкаў. Дык дзе ж узяць грошы на мадэрнізацыю вытворчасці?

«Ёсць два метады вядзення вытворчасці. Гэта амерыканскі метад, калі вызначаецца задача і шукаюцца грошы на яе вырашэнне. Амерыканцы сказалі: «Нам трэба паляцець на Месяц». І знайшлі пад гэта 40 мільярдаў долараў. А ёсць японскі метад, калі стаўка робіцца не на грошы, а на чалавечы капітал: на веды, на інтарэс людзей, прафесіяналізм і іншае. Таму я і кажу: насіце на руках сваіх інжынераў, тэхнолагаў, маркетолагаў. Вось дзе ваш капітал, які здольны вырашыць праблемы прадпрыемстваў. А браць грошы і ўпяндзюрваць іх ва ўсялякае глупства — гэтым хай займаюцца губернатары», — патлумачыў Заіка.

Так што ў нас пакуль ёсць шанец не давесці краіну да гарбачоўскай рысы. Важна, каб мы ім скарысталіся.

Каментаваць