Рабочыя цікавяцца антыкрызіснай платформай апазіцыі

На мінулым тыдні актывісты АГП і яе моладзевай арганізацыі раздалі ў Мінску больш за 13 тысяч экземпляраў “Народнай волі з антыкрызіснымі прапановамі апазіцыі. Вынікі “хаджэння ў народ аказаліся паказальнымі.

На мінулым тыдні актывісты АГП і яе моладзевай арганізацыі раздалі ў Мінску больш за 13 тысяч экземпляраў “Народнай волі з антыкрызіснымі прапановамі апазіцыі. Вынікі “хаджэння ў народ аказаліся паказальнымі.

Калі а палове на сёмую раніцы кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька і двое актывістаў “Маладых дэмакратаў прыйшлі на прахадную Мінскага трактарнага завода, перад імі ўзнік прадстаўнік службы бяспекі прадпрыемства. Ён запатрабаваў спыніць раздачу “Народнай волі. “Нам ужо ў тры гадзіны ночы паведамілі, што вы тут будзеце, — сказаў ахоўнік. А праз 7 хвілін з’явілася міліцэйская машына з аўтаматчыкамі.

“Міліцыянты паводзілі сябе агрэсіўна і паспрабавалі сілай спыніць раздачу газеты, — распавёў Анатоль Лябедзька. — Але за нас заступіліся рабочыя. Іх рэзка негатыўная і эмацыйная рэакцыя прымусіла аўтаматчыкаў сысці.

Аднак калі Лябедзька з адным актывістам адышлі за газетамі, міліцыянты схапілі другога — Сяргея Клюева, які застаўся ля прахадной. Па дарозе ў апорны пункт Сяргею пагражалі скласці пратакол за “супраціўленне праваахоўным органам. У будынку міліцыі сітуацыя кардынальна змянілася. Начальства, не саромеючыся ў выразах, аблаяла падначаленых, якія затрымалі актывіста. А хлопцу нават прапанавалі напісаць скаргу на незаконнае затрыманне.

Цікава і тое, што калі хлопца забралі, яго выклікаліся замяніць дзве жанчыны. Яны раздавалі “Народную волю разам з Анатолем Лябедзькам і Міколам Сергіенкам. За паўгадзіны яны распаўсюдзілі 2 тысячы газет. “Быў толькі адзін інцыдэнт, калі мужчына падышоў да мяне і сказаў: “Нацыяналіст. А вось словаў падзякі і падтрымкі мы атрымалі дзесяткі, — адзначыў кіраўнік АГП.

Што ж уяўляе сабой антыкрызісная платформа АДС чытачам “НЧ тлумачаць ініцыятары яе распрацоўкі і прыняцця кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і намеснік старшыні АГП эканаміст Леў Марголін.




Анатоль Лябедзька: “Улада робіць стаўку на крэдыты, АДС — на Антыкрызісную платформу


— Спадар Лябедзька, як Вы ацэньваеце сітуацыю ў Беларусі ў сувязі з крызісам?


— Праблемы нарастаюць, бы снежны ком. Чым далей ён коціцца, тым ён большы. Улады імкнуцца вырашыць усе праблемы выключна за кошт знешніх запазычанняў. Каб закрыць дзіркі, у гэтым годзе Чырвоны дом збіраецца ўзяць каля 7 мільярдаў долараў крэдытаў. У астатнім усё без зменаў. На складах сабралася прадукцыі на 7,3 трыльёна беларускіх рублёў, гэта 95 працэнтаў сярэднямесячнай вытворчасці, але канвеер працягвае штампаваць тое, на што няма попыту. Беларускі экспарт за 2009 год скараціўся на 48,6 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Таму ўсялякія заявы пра рост унутранага валавога прадукту з’яўляюцца качкай, нафаршыраванай хлуснёй і дэзінфармацыяй.

Ужо сёння людзі рэальна згубілі ў даходах прыкладна 20–25 працэнтаў. Калі гэта тэндэнцыя працягнецца, то сітуацыю не выратуе ні прапагандысцкі шпрыц беларускага тэлебачання, ні назапашаныя саленні і варэнні.

— Калі каротка, у чым сутнасць Антыкрызіснай платформы, якую прапануюць уладзе і насельніцтву дэмакратычныя сілы?

— Антыкрызісная платформа — гэта перамены. Не радыкальныя, а прадуманыя і пралічаныя. Гэта шанец. Неабходны грамадскі і грамадзянскі кантроль над уладай. Чыноўнікі павінны рабіць справаздачу за кожны выдаткаваны рубель. Трэба знізіць цэны да ўзроўню заробкаў і пенсій. Трэба разняволіць прадпрымальнікаў і даць ім свабоду ствараць працоўныя месцы.

— Многія людзі баяцца, каб не было яшчэ горш.

— Платформа — гэта не заклік “разбурыць дашчэнту, а затым… Гэта адказныя рэформы сістэмы кіравання.

Наш рэцэпт просты: давярай чалавеку — і пакідай яму 80 працэнтаў заробленага; дай беларусу зямлю і ўласнасць; дапамагай малазабяспечаным людзям, а не безадказным юрыдычным асобам; не кашмар бізнес — захоўвай свабодную канкурэнцыю і гандаль; кантралюй чыноўніка і палітыка.

— Што атрымаюць людзі і краіна, калі антыкрызісная праграма апазіцыі будзе рэалізавана?


— Антыкрызісная платформа — гэта новыя магчымасці для чалавека, сям’і, прадпрыемства, фірмы, краіны. Калі яе рэалізаваць у поўным аб’ёме, то краіна атрымае каля 15 мільярдаў долараў дадатковага прыбытку.

Кожная сям’я толькі на прадуктах харчавання штогод будзе эканоміць прыкладна да 300 долараў, за кошт нізкіх цэнаў і свабоднай канкурэнцыі вытворцаў. На набыцці адзення, абутку, бытавой тэхнікі мы будзем эканоміць яшчэ каля 200 долараў штомесяц. Жыллё стане значна больш даступным. 600 долараў за квадратны метр — гэта сярэдняя цана жылля для Мінска. У абласцях і раёнах яна будзе на 30–40 працэнтаў ніжэй.

Прадпрымальнікам і бізнесу будзе лёгка ствараць працоўныя месцы. Ліквідацыя непатрэбнай бюракратыі (да 30 працэнтаў), зніжэнне падаткаў, лібералізацыя вытворчасці і гандлю пакінуць на руках у бізнесу больш 5 мільярдаў долараў. У бюджэце будзе больш грошай на выплату пенсій, дапамогу для чарнобыльцаў і заробкі бюджэтнікам. Выдаткі на адукацыю і ахову здароўя будуць абароненымі артыкуламі бюджэту. Замест зневажальнай дапамогі па беспрацоўю ў 20 долараў сёння, АДС прапаноуюць павысіць яе як мінімум да 120 у месяц. Дзяржава таксама абавязваецца фінансаваць перанавучанне звольненых і атрыманне імі іншых спецыяльнасцяў.

Мы прапануем набор мер, якія павінны стымуляваць выхад эканомікі з шэрай зоны на легальнае становішча. Гэта вялізны патэнцыял для напаўнення бюджэту. АДС выступаюць за ўзмацненне кантролю за выдаткаваннем атрымоўваемых крэдытаў. Кожны чалавек павінен мець магчымасць выйсці на сайт ураду і азнаёміцца з інфармацыяй пра атрыманыя рэсурсы і пра тое, на што яны патрачаны. Усе да долара. Да рубля. Гэта хоць нейкая страхоўка ад маштабнай карупцыі.

— Вы пайшлі на завадскія прахадныя з антыкрызіснымі матэрыяламі апазіцыі. Як Вас сустрэў рабочы клас?

— Цудоўна. На трактарным заводзе нават узнікалі чэргі, з усіх бакоў цягнуліся рукі за “Народнай воляй, якая апублікавала нашы артыкулы і інтэрв’ю па выхаду з крызісу. Для мяне гэта самая дакладная сацыялогія. Людзі ведаюць, што можа даць улада, і яны хочуць ведаць, што прапануе апазіцыя.

Перспектывы трывожныя. Той жа трактарны завод пераходзіць на чатырохдзённы працоўны тыдзень. На МАЗе ўжо прайшлі скарачэнні каля трох тысяч чалавек. Гэта не абяцае людзям нічога добрага. У рэгіёнах сітуацыя яшчэ больш складаная. Напэўна, упершыню за 15 гадоў узнікла сітуацыя, калі попыт на пазітыўную альтэрнатыву, якую прапануе апазіцыя, штодзень узрастае.

Дарэчы, Аб’яднаная грамадзянская партыя прапанавала мінчанам паслугу — дастаўку антыкрызісных матэрыялаў дадому. Любы жыхар сталіцы можа патэлеванаваць у офіс АГП па нумары 289-50-09 і назваць адрас, куды іх даставіць. Практычна ў той жа дзень ён знойдзе ў сваёй паштовай скрыні выданні з антыкрызіснымі прапановамі дэмакратычных сілаў. Гэтай паслугай ужо скарысталіся мінчане, якія пражываюць на вуліцы Няміга, Захарава, Л. Украінкі, праспекце Пераможцаў.



Леў Марголін: “Лібералізацыя эканомікі немагчыма без лібералізацыі ў грамадстве


— Чаму беларускі ўрад так і не прадставіў грамадству ніякай антыкрызіснай праграмы?

— Беларускія ўлады жывуць, так бы мовіць, у паралельнай прасторы. Для іх ўсё, што робіцца ў нашай эканоміцы, гэта праявы сусветнага фінансавага крызісу. Інакш кажучы, мы проста апынуліся не ў той час і не ў тым месцы. “У нас выдатная прамысловасць, выдатная сельская гаспадарка, пра будаўніцтва і транспарт і казаць няма чаго, — сцвярджаюць яны. — Што скараціўся попыт на нашу прадукцыю, гэта не віна наша, а бяда. Гэтую навалу трэба проста перачакаць, як навальніцу, і ўсё вернецца да ранейшага стану. Адсюль выснова: трэба шукаць грошы, каб не спыняць вытворчасць і адначасова падвысіць намаганні па продажу прадукцыі. Калі ўдасца перачакаць крызіс, то пры першых прыкметах ажыўлення мы зноў будзем на кані.

— Можа, яно і на самай справе так?

— Ні ў якім разе. Крызіс наш мае свае, беларускія карані, і пачаўся ён не ўчора. У яго аснове ляжыць неэфектыўная эканамічная мадэль савецкага кшталту. Толькі шматмільярдныя расійскія датацыі ў выглядзе танных нафты і газа дазвалялі ёй больш-менш удала існаваць апошнія 15 гадоў. Скончыліся датацыі — скончылася шчасце. Гэта толькі спадар А. Тур лічыць, што падчас крызісу злачынна рабіць рэформы. У рынкавай эканоміцы толькі падчас крызісу гэтым і займаюцца, таму праз два-тры гады на расійскім рынку нас будзе сустракаць нечаканая канкурэнцыя з боку больш якасных і танных тавараў, вырабленых на расійскай тэрыторыі японскімі, еўрапейскімі і паўднёвакарэйскімі фірмамі.

Сапраўдная лібералізацыя эканомікі немагчыма без лібералізацыі ў грамадстве. Мы ніколі не атрымаем сапраўдных інвестыцый — не толькі замежных, але і ўнутраных — пакуль у краіне будзе кіраваць не закон, прыняты дэмакратычным парламентам, а ўказы і дэкрэты. З другога боку, сапраўдная лібералізацыя ў сферы бізнесу падрывае асновы аўтарытарнага рэжыму, таму тое, што робіцца цяпер, — гэта не больш чым дэкарацыя. Ну, сапраўды, ці можна лічыць гэта лібералізацыяй, калі гранічныя надбаўкі на асобныя віды тавараў не адмяняюцца, а падвышаюцца з 20% да 30%. На самай справе, зроблены толькі першы крок: спрашчэнне рэгістрацыі бізнесу, і другіх пакуль не бачна.

— А што прапануюць Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы?

— Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы прапанавалі ўраду і грамадству сваю антыкрызісную платформу. Гэта насамрэч іншая філасофія народнай гаспадаркі. Тут няма магчымасці, каб падрабязна распавесці пра яе. Але скажу, што ў яе аснове ляжаць тры асноўныя прынцыпы.

Па-першае, гэта роўныя правы і эканамічная свабода ўсіх суб’ектаў эканомікі, незалежна ад формы ўласнасці. Ніякіх прагнозных паказчыкаў. Вытворчасць павінна адпавядаць попыту. Ніякага дырэктыўнага цэнаўтварэння. Нягледзячы на прысутнасць Дзяржкамцэн, цэны ў нас толькі растуць. На Захадзе такой установы няма, а цэны падаюць. Ніякіх абмежаванняў дробнаму бізнесу, хай наймаюць людзей, хай скарачаюць беспрацоўе.

Па-другое, скарачэнне бюракратычнага апарату, скарачэнне бюджэтных выдаткаў на падтрымку стратных прадпрыемстваў. Тое, што павінна памерці — усё роўна памрэ. Але адначасова — падвышэнне дапамогі па беспрацоўі да памераў пражытковага мінімуму, дзяржаўныя праграмы перападрыхтоўкі кадраў і перасялення іх пры неабходнасці туды, дзе ёсць працоўныя месцы.

Па-трэцяе, выкарыстанне замежных крэдытаў не на падтрыманне абменнага курсу, а на неадкладнае рэфармаванне эканомікі і дапамогу тым, хто пацярпеў ад крызісу. Больш падрабязна з платформай можна азнаёміцца на інтэрнэт-сайтах.

Антыкрызісную платформу і матэрыялы па пераадоленню крызісу можна прачытаць на сайтах ucpb.org; udfb.org

Каментаваць