Расія «даабвінаваціла» Беларусь: не толькі «малочка», але і яблыкі

«Рассельгаснагляд» апублікаваў разгорнутыя прэтэнзіі да паставак у Расію беларускай прадукцыі, паведамляе "Радыё Свабода".

Ілюстрацыйнае фота www.svaboda.org

Ілюстрацыйнае фота www.svaboda.org


Прэтэнзіі і санкцыі тычацца ўжо не толькі малочнай прадукцыі, але і яблыкаў: ад 14 лютага Расія забараніла іх увоз з 31 беларускага прадпрыемства.

Паводле «Рассельгаснагляду», беларускія прадпрыемствы трапляюць у Расіі пад абмежаванні праз няякасную, небяспечную або незаконна ўвезеную прадукцыю. Гэта, піша расійскае ведамства, «выклікае пэўныя сумневы адносна эфектыўнасці функцыянавання сістэмы дзяржаўнага ветэрынарнага і фітасанітарнага нагляду» беларуска-расійскай «Саюзнай дзяржавы».

«Рассельгаснагляд» адзначыў:

·                           увоз беларускіх «сырападобных прадуктаў», якія «не падлягаюць прававому вызначэнню, але невядомым чынам сертыфікуюцца»;

·                           пастаўкі беларускімі кампаніямі ў Расею «санкцыйных» прадуктаў з Украіны і Еўропы з фальшывымі дакументамі пад выглядам прадукцыі з Ірану, Македоніі, Сан-Марына і Кітаю, якія да таго ж «зніжаюць аб’ёмы ўвозу малочнай прадукцыі добрасумленных беларускіх вытворцаў»;

·                           ранейшыя звесткі пра магчымасць увозу праз Беларусь «санкцыйных прадуктаў» з Еўрасаюза пад выглядам прадукцыі 33 краінаў — цяпер з тых краінаў дазволены толькі прамы ўвоз, але не праз Беларусь;

·                           увоз у Расію фізічнымі асобамі значных аб’ёмаў (17 партыяў на больш як 25 тонаў сумарна) рознай прадукцыі без ветэрынарна-суправаджальных дакументаў нібыта для асабістых мэтаў, а насамрэч для рэалізацыі на расійскім рынку;

·                           «відавочныя сумневы» ў строгім кантролі беларускага боку за прадукцыяй, што пастаўляецца ў Расію, і магчымасць удзелу ў «незаконных схемах» беларускай ветэрынарнай службы.

Ад 26 лютага Расія забараніла ўвоз з Беларусі малака, вяршкоў і іншай малочнай прадукцыі ў сувязі ў пастаўкамі «небяспечных» прадуктаў (пад розныя формы санкцыяў трапілі 42 прадпрыемствы). Сябра калегіі па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Сідорскі заявіў, што Расія груба парушае нормы Еўразійскага эканамічнага саюзу такім блакаваннем. 26 лютага ў Маскве маюць пачацца кансультацыі ў пытаннях паставак у Расію беларускай малочнай прадукцыі.

www.svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць