Расія заводзіць «Беларуськалій» на прыватызацыю

З-за несумленнай канкурэнцыі «Уралкалія» у аднаго з флагманаў беларускай эканомікі — «Беларуськалія» — пачаліся праблемы. Расійскі бок вырашыў парушыць агульныя дамоўленасці і кінуць беларускі.



Беларускалій можа стаць банкрутам?


Пра прэтэнзіі да «Уралкалія» распавёў гендырэктар «Беларуськалія» Валер Кірыенка. Беларускі бок абвінавачвае расійскага партнёра ў парушэнні абавязацельстваў у межах супрацоўніцтва па экспарту калійных угнаенняў праз Беларускую калійную кампанію (БКК). Па словах Кірыенкі, зараз «Уралкалій» пастаўляе праз БКК каля 20% хлорыстага калію, а астатнія 80% рэалізуе праз уласнага трэйдара — «Уралкалій Трэйдынг». І гэта з’яўляецца парушэннем дамоўленасці аб стварэнні БКК.

Каб зразумець, чаму гэта важна, трэба вярнуцца да гісторыі пытання. БКК была створаная ў 2005 годзе паміж «Уралкаліем» і «Беларуськаліем», каб сумесна гандляваць калійнымі ўгнаеннямі. Парытэт паставак залежаў ад магутнасці вытворчасці прадпрыемстваў. Тады магутнасці «Беларуськалія» былі большыя, чым у «Уралкалія», і таму 60% паставак прыходзілася на долю беларускага прадпрыемства, а 40% — на долю расійскага. Гэткае супрацоўніцтва дазваляла «трымаць кошты» на калійныя ўгнаенні і праводзіць уніфікаваную палітыку.

Сітуацыя змянілася ў 2011 годзе, калі да «Уралкалія» было далучана (кажуць, не без «рэйдарскай схемы») яшчэ адно расійскае прадпрыемства — «Сільвініт». Такім чынам, магутнасці «Уралкалія» аднамомантава выраслі, і парытэт змяніўся ўжо ў расійскі бок. На сёння аб’ём вытворчасці «Уралкалія» складае 13 мільёнаў тон хлорыстага калію ў год, а «Беларуськалій» пакуль што толькі плануе павялічыць вытворчую магутнасць да 11 мільёнаў тон.

Тым не менш, бакі падпісалі пагадненне на 2013–2015 гады. Была дамова пра наступныя прапорцыі продажаў: на 2013 год за беларускай бокам фіксуецца 48,3% продажаў калійных угнаенняў праз БКК, у 2014 годзе — 49%, у 2015-м — 50% на 50%.

А зараз «Уралкалій» праз БКК прадае, аказваецца, толькі 20%. Больш за тое, паводле гендырэктара «Беларуськалія», расійскі партнёр прадае калій сваім вытворцам NPK-угнаенняў, якія потым выціскаюць прадукцыю «Беларуськалія» на знешніх рынках.

А страта рынку менавіта зараз вельмі небяспечная для любога вытворцы калійных угнаенняў, бо рынак гэтых угнаенняў «прасеў». У мінулым годзе ўвесь сусветны калійны рынак знізіўся да 49–50 мільёнаў тон супраць 57 мільёнаў тон у рэкордным 2011 годзе. Цэны знізіліся па двух ключавых кантрактах: студзеньскага паўгадавога з Кітаем ($400 за тону супраць ранейшых $470) і лютаўскага гадавога — з Індыяй ($427 супраць ранейшых $490). Эксперты папярэджвалі: хуткага аднаўлення рынкаў чакаць не даводзіцца. І, на жаль, іх прагнозы спраўдзіліся.

Расійскія эксперты мяркуюць, што Кітай цалкам можа абысціся без новага кантракту на другое паўгоддзе. А дырэктар «Уралкалія» Уладзіслаў Баўмгертнер ужо заявіў «Інтэрфаксу»: кампанія не плануе заключаць новы кантракт з Кітаем.

Трэці па важнасці рынак калію, бразільскі, таксама супраціўляецца падвышэнню коштаў, там калій застыў на $450 за тону, і рост пакуль што не прадбачыцца.

Для «Беларуськалія» гэта азначае скарачэнне вытворчасці, і, адпаведна, зніжэнне валютнай выручкі. А калі расійскі партнёр «падштурхоўвае» расійскіх вытворцаў да канкурэнцыі з прадукцыяй «Беларуськалія» — гэта ўвогуле дрэнна і нядобрасумленна.

Сітуацыю паспрабавалі ўрэгуляваць на самым версе. Аляксандр Лукашэнка правеў перамовы з саўладальнікам «Уралкалія», расійскім алігархам Сулейманам Керымавым. Пэўна, размова тычылася не толькі працы ў межах БКК, але і планаванага стварэння яшчэ аднаго сумеснага трэйдара — «Саюзкалія», які ўжо зарэгістраваны ў Швейцарыі. І пэўна, што бакі не дамовіліся. Лукашэнка даручыў стварыць камісію, якая ацэніць перспектывы сумеснага з Расіяй экспарту калійных угнаенняў.

Па словах Лукашэнкі, Керымаў пагадзіўся стварыць гэтую камісію. Аднак, дзве акалічнасці стварэння камісіі дазваляюць у гэтым сумнявацца. Першая: назіральнікамі за яе працай з’яўляюцца сын Лукашэнкі Віктар і старшыня КДБ Беларусі Валер Вакульчык, а кіраўніком — старшыня праўлення ААТ «Банк развіцця Беларусі» Сяргей Румас. Пра ўваходжанне ў камісію расійскага боку не гаворыцца нічога. Другая: камісія павінна разглядзець не сітуацыю з БКК і «Саюзкаліем», а «перспектывы сумеснага з Расіяй экспарту калійных угнаенняў» увогуле. То бок, магчымы поўны разрыў і ліквідацыя як «Саюзкалія», так і БКК.

Беларускія ж аналітыкі кажуць, што тут праглядаецца вельмі цікавы ланцужок. Па-першае, гэта агульны ціск Расіі на Беларусь з мэтай прымусіць кіраўніцтва краіны выканаць папярэднія дамоўленасці: стварэнне пяці расійска-беларускіх холдынгаў, размяшчэнне расійскай авіябазы і гэтак далей. Па-другое, гэта і штуршок да абяцанай прыватызацыі «фамільнага срэбра», найбольш паспяховых беларускіх прадпрыемстваў. Першую скрыпку ў гэтай прыватызацыі граць мае намер, канешне ж, Расія. Не сакрэт, што «Беларуськалій» з’яўляецца адным з прынадных кавалкаў беларускай прамысловасці, і размовы пра ягоную прыватызацыю ідуць ужо не першы год.

На фоне агульнага падзення беларускага экспарту і працы беларускай экспартнай прамысловасці «на склад» у Беларусі хуткім часам могуць з’явіцца праблемы з валютай. Ад валютных паступленняў у гэтым годзе нам гарантавана прыйдзе толькі апошні транш крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Больш крэдытаў пакуль што ніхто не дае. Валютны крызіс будзе абцяжараны і тым, што з мая 2013 года па май 2014 года краіна павінна выплаціць каля 3 мільярдаў долараў па ранейшых пазыках і іх абслугоўванні. Калі не ўваскрэсне экспарт (што ўвогуле фантастычна), то застаецца толькі адзін спосаб здабыць валюту — прыватызацыя.

На фоне агульнага крызісу попыту на калій, змяншэнне вытворчасці і страта рынкаў («дзякуючы» сабатажу з боку Расіі) кошт «Беларуськалія» непазбежна ўпадзе. Нягледзячы на тое, што цану за прадпрыемства вызначае ў адвольным парадку ці не сам кіраўнік дзяржавы, перад прыватызацыяй усё ж у абавязковым парадку будзе праводзіцца незалежны аўдыт. Таму патэнцыйныя пакупнікі (найперш гэта той жа Сулейман Керымаў), наўпрост зацікаўленыя ў тым, каб гэты аўдыт ацаніў «Беларуськалій» у як мага меншую суму. І таму, магчыма, «Уралкалій» імкнецца кінуць партнёра па згаданай Кірыенкам схеме.

Сапраўды, навошта зараз выконваць нейкія дамоўленасці, калі спадзяешся хутка ўзяць усё і вельмі танна?

Каментаваць