ЕўрАзЭС нясе пагрозу для Беларусі праз адкрытыя межы

1 кастрычніка расійская Дзярждума аднагалосна прагаласавала за ратыфікацыю дамовы аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза паміж Беларуссю, Расіяй і Казахстанам. 



Дзмітрый Іваноў


Плануецца, што Казахстан ратыфікуе дамову 2 кастрычніка, а Беларусь ─ 7 кастрычніка.

Саюз выведзе краіны-ўдзельніцы на больш высокі ўзровень інтэграцыі. Тры дзяржавы бяруць абавязацельствы гарантаваць свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг, капіталаў і працоўнай сілы, ажыццяўляць узгодненую палітыку ў ключавых галінах эканомікі: у энергетыцы, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, транспарце. Бюджэт саюза будзе фармавацца ў расійскіх рублях за кошт долевых узносаў дзяржаў-членаў. Саюз аб'ядноўвае тэрыторыю, на якой пражывае блізу 170 мільёнаў чалавек.

Аднак Аляксандр Лукашэнка падчас  сустрэчы з членамі савета Палаты прадстаўнікоў заявіў: «Калі вы будзеце бачыць, што недзе зробленая памылка пры падрыхтоўцы гэтага дакумента, а ён вельмі важны, вы, калі ласка, інфармуйце і мяне ў тым ліку, не спыняйцеся ні перад чым, абараняючы інтарэсы беларускага народа».

Доктар сацыялогіі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзмітрый Іваноў мяркуе, што далучэнне Беларусі да глабальнага саюза ЕўрАзЭС прынясе дзяржаве больш стратаў, чым бонусаў, бо сама Расія ўступае ў крызісную фазу.

Дзмітрый Іваноў апісвае мадэль гэтага крызісу як глабальную з’яву і вынік выбудаваных эканамічных мадэляў і тактыкі ўзаемадзеяння ўладаў і грамадства.

Каб утрымаць эканоміку, Беларусі трэба ўваходзіць у Еўразійскі саюз. Але, уваходзячы ў гэты саюз, эканоміка адкрываецца для крызісу. Цяпер назіраецца тэндэнцыя да спалучэння эканамічнага крызісу і інфляцыі, растуць супярэчнасці ўнутры кіруючай эліты Расіі. Дынаміка расійскага ВУП падае. Калі ў пачатку 2000-х Расія дэманстравала 7–8 % росту, то, пачынаючы з 2011 года, назіраецца падзенне тэмпаў з імкненнем да нуля. Падобная карціна назіраецца і ў Беларусі», — заявіў Іваноў падчас IV Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі ў Каўнасе.

На думку навукоўца, постсавецкую прастору чакае “Праблема 2017» ─ стагнацыя бліжэйшых гадоў. Гэты крызіс будзе глабальным і так ці інакш закранае ўсе краіны, паколькі маскультура і глэмэканоміка (гэта тэрмін навукоўца, то бок эканоміка, заснаваная на масавым спажыванні і гонцы за брэндамі, трэндамі, эканоміка перавытворчасці, пераацэненых віртуальных актываў ─ аўт.) тыповыя цяпер для многіх краін.

Сыравінай у гэтай эканоміцы з'яўляецца не толькі нафта, але і спажыўцы, гатовыя плаціць за брэнды, браць крэдыты, каб уключацца ў эканамічную мадэль хуткага, яркага спажывання.

Дзмітрый Іваноў мяркуе, што цягам бліжэйшых гадоў можна чакаць у краінах постсавецкай прасторы ці серыі рэформаў, ці серыі рэвалюцый.

Палітычныя сістэмы пабудаваныя на масмедыя і выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурсу і культуры, падзеленыя ў сваіх пакаленнях ─ гэта тое, што з'яўляецца перадумовамі для структурнага крызісу», ─ тлумачыць Іваноў.

Паводле меркавання навукоўца, маладое і старэйшае пакаленні жывуць у розных віртуальных вымярэннях. Для моладзі гэта інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, для старэйшых людзей прыдуманы свет гэта ─ тэлебачанне.

Вобразы улады і апазіцыі, адпаведна, у гэтых віртуальных рэальнасцях розныя. І вось гэтая розніца можа аднойчы стаць фактарам рэвалюцыі. І спробы ўладаў кантраляваць сацыяльныя сеткі ў цяперашні час ─ дзеянні, якія не паспяваюць за рэальнасцю. Паказальны ў гэтым сэнсе прыклад Ганконга: Кітай кантраляваў Facebook і Twitter, а на Instagram з ягоглупымі фота не звярталі ўвагу.

Па словах Іванова, для Расіі будуць ключавымі 2016 і 2017 гады, паколькі ў гэты час адбудуцца парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. А ўсё ў РФ разумеюць, што вынікі выбараў фальсіфікуюцца. А гэтая выдатная глеба для канфлікту.

Золатавалютныя рэзервы РФ не такія вялікія, як гэта здаецца. Перадумовы для крызісу вельмі простыя і важкія ─ цана на нафту. Яна зніжаецца на працягу двух гадоў. Даходы дзяржбюджэту, адпаведна, скарачаюцца. А легітымнасць Уладзіміра Пуціна пабудавана на грошах: павышэнне заробкаў, дадатковыя выплаты, мацярынскі капітал і многія іншыя сацыяльныя абавязацельствы, ─ адзначае Іваноў. ─ У наш час падзенне ўзроўню жыцця не павінна быць такім, як гэта бачыў Ленін, калі няма грошай на хлеб. У Расіі людзей на вуліцы можа вывесці падзенне заробкаў ніжэй за ўзровень, які дазваляе плаціць па крэдытах. Паколькі расійскае грамадства спажывання заснавана на крэдытах: жыллё ў крэдыт, машына ў крэдыт, адпачынак на Кіпры ў крэдыт. І гэта тычыцца якраз не бедных, а сярэдняга пласту. І гэты сярэдні пласт ёсць сацыяльнай базай рэвалюцыйных рашэнняў. Рабочыя на Урале і сяляне на Кубані не пойдуць на рэвалюцыйныя акцыі, туды адправяцца маскоўскія і пецярбуржскія офісныя работнікі».

Навуковец упэўнены, што расійскі аўтарытарны рэжым баіцца нечага падобнага на ўкраінскія рэвалюцыі 2004 і 2014 гадоў. Як толькі нешта адбываецца ва Украіне, паліттэхнолагі ўкараняюць новыя інавацыі, якія б перашкаджалі рэалізацыі падобных сцэнараў у Расіі.

Каментаваць