Расійскія інтарэсы засталіся

Расія не збіраецца адмаўляцца ад намеру прыбраць некаторыя беларускія прадпрыемствы. Ёсць яшчэ смачныя кавалкі ў беларускай эканоміцы, асабліва ў абарончай сферы.
 
Цэх МЗКТ

Цэх МЗКТ



Пра тое, на што паклала вока Масква, распавёў ваенны аглядальнік Аляксандр Алесін.

— Што цікавага ёсць у Беларусі для Расіі?

— Найперш, гэта Мінскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ). А таксама «Інтэграл», «Пеленг». Гэта тры асноўныя козыры Беларусі ў галіне ваенна-прамысловага комплексу (ВПК). Менавіта гэтыя прадпрыемствы з’яўляюцца жыццёва важнымі пастаўшчыкамі камплектуючых і вузлоў для расійскай абароннай прамысловасці, у тым ліку і для стратэгічнага патэнцыялу Расіі.

— Расія сама не ўстане вырабляць падобную тэхніку?

— Напрацоўка гэтых тэхналогіяў вялася дзесяцігоддзямі, пры СССР у яе былі ўкладзены вялікія грошы. Канешне, у выпадку, калі Расія паўторыць гэты шлях, калі ўкладзе грошы, знойдзе навуковыя кадры, у яе гэта можа атрымацца. Але ёсць такое паняцце, як навуковыя школы, што развіваліся шмат гадоў, якія маюць традыцыі, калі перадаецца досвед ад старэйшых да маладзейшых.

Перыяд паміж распадам Савецкага Саюза і цяперашняй эпохай прывёў да таго, што шэраг школ у Расіі былі страчаныя. У Беларусі яны таксама знаходзіліся на небяспечнай мяжы знікнення, але кіраўніцтва Беларусі ў дадзеным выпадку паступіла мудра: былі падтрыманыя канструктары, навукоўцы, акадэмічная навука, галіновая навука, і ў выніку школа цяжкога аўтамабілебудавання ў нас захавалася. Захаваліся кадры і на «Інтэграле», «Пеленг» перажывае сваё развіццё. Таму гэты шлях нам праходзіць не трэба, магчыма, толькі нешта ажывіць і падправіць. А Расіі трэба ўсё пачынаць наноў. Трэба ўкладаць грошы, але самае важнае, што трэба рыхтаваць кадры. А гэта самае складанае.

Яны, канечне, могуць гэта зрабіць, але зараз Расія ўступіла ў гонку ўзбраенняў з ЗША, асабліва стратэгічных узбраенняў, і няма часу, каб зрабіць паўзу, трэба бегчы, бегчы і бегчы. Таму пры ўсім сваім жаданні не быць залежнымі ад Беларусі, па шэрагу пытанняў расіяне ўсё ж змушаныя звяртацца да нашых прадпрыемстваў. Асабліва пасля таго, як Украіна адмовілася супрацоўнічаць з Расіяй у галіне ваенна-прамысловага комплексу. І ўтварыўся шэраг нішаў, якія беларусы хутка запоўнілі.

Мы, натуральна, не можам вырабляць гатовыя ракеты, як Украіна, не можам вырабляць ракеты для авіяцыйных сістэм, не можам вырабляць танкі. Але мы можам вырабляць ваенную электроніку, сродкі радыёэлектроннай барацьбы, радыёлакацыйныя станцыі, сродкі сувязі, спадарожнікавыя аптычныя сістэмы для зандавання зямлі, колавыя цягачы для ракет, якім няма аналагаў у свеце. Таму расіяне змушаны ісці да нас.

— І што ім ад нас трэба?

— Яны б папросту хацелі выкупіць гэтыя прадпрыемствы і вырашыць пытанне, зрабіўшы іх сваёй уласнасцю. Але Лукашэнка выкарыстоўвае гэтыя прадпрыемствы як козыр у гандлі з расіянамі, інакш кажучы, ён не спяшаецца скідаць апошнія козыры, тым больш што ў нас іх зусім няшмат. Тое, што жадаюць набыць расіяне ў Беларусі, можна пералічыць на пальцах рук. Таму кіраўнік дзяржавы гэтыя прадпрыемствы зберагае, і не будзе развітвацца з імі да самага апошняга моманту.

— Чаму не атрымалася з холдынгам МАЗ—КамАЗ?

— Пасля распаду СССР кожнае з гэтых прадпрыемстваў жадала выйсці на поле свайго былога партнёра, а цяпер канкурэнта. У выніку КамАЗ узняўся на больш цяжкую нішу — МАЗа і КрАЗа, і ў выніку яны стварылі аналагічны танажны шэраг. Калі быў эканамічны ўздым і павышаны попыт на грузавікі, КамАЗ жадаў прыхапіць МАЗ як зборачную пляцоўку. Апроч таго, яны хацелі скарыстацца тэхналагічнымі напрацоўкамі мазаўскіх канструктарскіх бюро.

КБ МАЗа маюць вялікі досвед працы, у тым ліку, і на абаронную прамысловасць, па стварэнні магістральных аўтамабіляў, сядзельных цягачоў і гэтак далей, таму холдынг — гэта была задума КамАЗа. Але пасля таго, як рынкі сціснуліся, КамАЗу стала няма куды прадаваць нават сваю ўласную прадукцыю.

МАЗ, у сваю чаргу, хацеў атрымаць доступ да камазаўскіх дылерскіх цэнтраў, тым самым выйсці на рынак. Але Лукашэнка забаяўся, што дадуць малую цану, а па-другое, што МАЗ ператворыцца ў зборачную пляцоўку для вырабу мадэляў КамАЗаў для еўрапейскага рынку.

А на МАЗ у нас замкнёныя і політэхнічны інстытут, і цэнтр машынабудавання ў Акадэміі навук, то бок, гэта цэлая сістэма, цэлы кластэр. Таму Лукашэнка і змагаўся за тое, каб захаваць больш правоў МАЗа. Але КамАЗ ад такой ідэі адмовіўся, а цяперашнія крызісныя з’явы паставілі на ўсім гэтым крыж.

— Ці ёсць у Масквы шансы набыць у Беларусі тое, што хочацца?

— Тры згаданыя вышэй ваенныя, два нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы, ну, магчыма, яшчэ калійны камбінат — гэта тыя прадпрыемствы, якія беларускае кіраўніцтва будзе імкнуцца захаваць за сабой да апошняга.

Але справа ў тым, што Расія не жадае поўнага эканамічнага крызісу ў Беларусі. Яна хоча прыціснуць Лукашэнку, але не да смерці. Бо калі ў нас адбудуцца падзеі, аналагічныя ўкраінскім, тады Расія страціць калідор у Еўропу. Таму Масква, канешне, цісне на Лукашэнку, але канчаткова кісларод не перакрыюць. Вось і крэдыт далі. Таму Лукашэнка мае магчымасць для манеўра і будзе манеўраваць яшчэ доўга.


Каментаваць