Распродажу не будзе

Масква перадумала ствараць сумесны холдынг МАЗа і КамАЗа. Па словах віцэ-прэм’ера Расіі Аркадзя Дварковіча, пытанне стварэння гэтага холдынгу «самае складанае» і па ім «няма агульнага разумення».



«Па астатніх пытаннях працягваюцца кансультацыі з беларускім бокам, ёсць папярэдняя ацэнка кошту актываў, яна абмяркоўваецца, абмяркоўваецца структура здзелак і магчымыя тэрміны рэалізацыі», — распавёў Дварковіч.

Нежаданне прадаўца

Размова аб «беларуска-расійскай халдэнгізацыі» прадпрыемстваў цягнецца як мінімум пяць гадоў. Яшчэ за прэзідэнтам Дзмітрыем Мядзведзевым Беларусь і Расія дамовіліся стварыць пяць інтэграцыйных праектаў. Гэта аўтамабільны холдынг «Расбелаўта» (ААТ «МАЗ» — ААТ «КамАЗ»), ААТ «Інтэграл» і ААТ «Расійская электроніка», ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў» і ДК «Растэхналогіі», ААТ «Пеленг» і Федэральнае касмічнае агенцтва «Раскосмас», ААТ «Гродна-Азот» і ААТ «Мінеральна-хімічная кампанія «ЕўраХім» альбо іншы партнёр.

Па ўсіх гэтых праектах узнікаюць пытанні, якія не вырашальныя на эканамічным узроўні, нягледзячы на тое, што яны «нібыта эканамічныя». Спачатку ўзнікалі рознагалоссі з ацэнкай прадпрыемстваў — расіянам здавалася, што кошт МАЗу завышаны. Потым ішла размова пра тое, колькі акцый прадпрыемствы перададуць у холдынг. Далей узніклі праблемы з кіруючай кампаніяй холдынгу. У 2013 годзе, падавалася, пра ўсё ўжо дамовіліся і абяцалі падпісаць «халдэнгізацыю» ўвосень 2013-га. Потым тэрмін перанеслі на 2014-ы. А ўжо прэм’ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў раздражнёна казаў: трэба альбо аб’ядноўвацца, альбо закрыць гэтую тэму.

А беларускі бок усё карміў расіянаў абяцанкамі: вось-вось дапрацуем, дашліфуем, падпішам. «Дапрацоўка» цягнецца дагэтуль. Гэта якраз той выпадак, калі «лепшае — вораг добрага». Альбо поўнае нежаданне аб’ядноўваць беларускія прадпрыемствы з расійскімі.

Час сышоў

Час для аб’яднання беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў сышоў. Аб’ядноўвацца ў холдынгі мела сэнс тады, калі ў людзей і прадпрыемстваў былі грошы. Зараз, на фоне танных коштаў на нафту і абвалу расійскага рубля, выгады ад такіх холдынгаў не атрымае ніхто. Акрамя, зразумела, палітычных бонусаў у размовах пра «братнюю інтэграцыю». Але інтэграцыю на хлеб не намажаш.

Дзеля чаго МАЗу трэба было аб’яднанне з КамАЗам? Дзеля таго, каб заняць большае месца на расійскім рынку. Але Расія зараз не набывае нават свае аўтамабілі. Продажы МАЗаў у РФ скараціліся ў мінулым годзе прыкладна на 20% (па стане на канец кастрычніка 2014-га). Але ж і ў КамАЗа статыстыка не лепшая — ягоныя продажы скараціліся на 7% за першае паўгоддзе 2014-га года. І гэта калі, па-першае, КамАЗ для Расіі з’яўляецца «родным» прадпрыемствам, і па-другое, гэтае скарачэнне адбывалася яшчэ да восеньскага фінансавага крызісу.

Такім чынам, зараз не купляюцца ані МАЗ, ані КамАЗ. Сэнс аб’ядноўваць два «стратныя прадпрыемствы»? Вобразна кажучы, з двух банкрутаў аднаго плацежаздольнага кліента не атрымаецца.

«Холдынгавы перафармат»

Прыкладна тое ж самае адбываецца зараз з іншымі патэнцыйна «халдэнгізаванымі» прадпрыемствамі: ідзе бясконцая ацэнка актываў і спрэчкі пра формы зліцця. Некаторым гэта ўжо надакучыла. Прынамсі, кіраўнік расійскай кампаніі «ЕўраХім» Дзмітрый Стрэжнёў зазначыў, што «ЕўраХім» хоча не ствараць холдынг з «Гродна-Азотам», а наўпрост набыць беларускае прадпрыемства. Пытанне толькі ў цане.

«Мы з задавальненнем рэалізавалі б праграму інвеставання ў пашырэнне беларускага «Гродна Азоту», вядзем перамовы з урадам краіны аб магчымым удзеле», — распавёў ён у інтэрв’ю «Камерсанту». Аднак, паводле яго слоў, «гэта складана», бо «асноўнае пытанне, колькі каштуе прадпрыемства».

Але і спробы набыцця прадпрыемства «ЕўраХім» робіць без асаблівага імпэту. «Мы, як адзіна настойлівыя, хочам давесці сітуацыю да нейкага конкурсу, які нас задаволіць, а далей — як вырашыць беларускі ўрад», — падкрэсліў Стрэжнёў.

Між іншым заўважым, што ў мінулым годзе беларускі ўрад выставіў на таргі 25% +1 акцыю ААТ «Гродна Азот». Пасля рэалізацыі інвестыцыйнай праграмы пакупнік мог бы атрымаць і кантрольны пакет прадпрыемства. Аднак таргі не адбыліся з-за адсутнасці прэтэндэнтаў.

Палітэканомія

У прынцыпе, зараз — сапраўды не час пачынаць (ці працягваць) нейкія размовы пра беларуска-расійскія холдынгі. Аб’ядноўваць прадпрыемствы варта, калі ад гэтага аб’яднання будзе яўная выгада. Зараз такой выгады не бачна.

Найперш, Расія знаходзіцца ў фінансавай багне, а расійскія прадпрыемствы «закрэдытаваныя» не менш, чым беларускія. Тая ж дзяржкампанія «Растэхналогіі», завязаная на двух холдынгавых праектах — з МАЗам і МЗКТ — набрала крэдытаў у расійскіх «Сбербанка» і ВТБ, а ў 2012 годзе нават прадала фірму па вытворчасці тытану, каб расплочвацца з крэдыторамі. У такіх варунках разлічваць на тое, што ў беларускія прадпрыемствы ад Расіі паступяць грошы на мадэрнізацыю вытворчасці і нейкія інвестыцыі, не выпадае.

Не трэба скідаць з увагі і тое, што Расія з-за сваёй агрэсіўнай палітыкі ў адносінах да Украіны і Крыму знаходзіцца пад фінансавымі санкцыямі Захаду. Калі гэтыя санкцыі будуць пашырацца, яны могуць закрануць і беларускія «халдэнгізаваныя» прадпрыемствы. Прычым, гэта тычыцца ўсіх беларускіх прэтэндэнтаў на холдынгі: «Пеленг», МЗКТ і «Інтэграл» «заточаныя» на ваенна-прамысловы комплекс, «Гродна-Азот» прадае свае ўгнаенні па ўсім свеце, і той жа МАЗ прадаў у мінулым годзе 44 машыны ўкраінскай Нацгвардыі. Як кажуць у Расіі: «Нічога асабістага — проста бізнес».

Канешне, па словах таго ж Дварковіча, наконт стварэння холдынгаў «у любым выпадку спатрэбіцца палітычнае рашэнне абодвух бакоў — і беларускага, і расійскага». Але нешта адчуваецца, што «беларускае палітычнае рашэнне» Дварковіча не задаволіць.

Каментаваць