Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Рэальная зарплата працягвае падаць — у лістападзе знізілася на 4,8%

Згодна са звесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, рэальная зарплата (з улікам росту спажывецкіх цэн на тавары і паслугі) у лістападзе 2016 года ў параўнанні з лістападам 2015-га зменшылася на 4,8%.


Зніжэнне рэальнай зарплаты ў гадавым вымярэнні назіраецца ўжо больш за паўтара года. У студзені 2016 года яна скарацілася на 2,6%, у лютым — на 4,6%, сакавіку — на 3,2%, красавіку — на 3,8%, маі — на 4,6%, чэрвені — на 4,5%, ліпені — на 5,3%, жніўні — на 3,9%, верасні — на 4,1%, кастрычніку — на 5%.

Сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў лістападзе 2016 года склала 717,6 рубля (на 5,3 рубля менш, чым у кастрычніку).

Найбольшая сярэднямесячная налічаная зарплата работнікаў сярод рэгіёнаў была ў Мінску — 1.008,1 рубля, найменшая — у Віцебскай вобласці (608,4). У Брэсцкай вобласці сярэдняя зарплата склала 624 рублі, у Гомельскай — 640,2, Гродзенскай — 613, Мінскай — 716,1, Магілёўскай — 614,2.

Самую вялікую зарплату па-ранейшаму атрымліваюць IT-спецыялісты: у лістападзе гэтага года яна склала 3.346,6 рубля. Самую маленькую зарплату ў лістападзе атрымалі работнікі бібліятэк, музеяў, архіваў — 409,2 рубля. Такім чынам, у мінулым месяцы ў IT-спецыялістаў сярэдняя зарплата была ў 8,2 разу большай, чым у работнікаў названай сферы культуры.

У катэгорыю найбольш высокааплатных ўваходзяць: работнікі паветранага транспарту — іх сярэдні заробак у лістападзе склаў 2.107,1 рубля (у тым ліку пасажырскага транспарту — 2.057,2, грузавога — 2.377,4); хімічнай прамысловасці — 1.163,6; горназдабыўной — 1.161,1; нафтаперапрацоўкі — 1.166,4; фінансісты і страхоўшчыкі — 1.144,3; работнікі тэлекамунікацыйнай галіны — 1.190,7; архітэктары, бухгалтары і юрысты — 1.088,7; навукоўцы — 1.048,3 рубля.

Нізкая зарплата ў сацыяльных (412,4) і творчых (451,3) работнікаў.

Сярэдняя лістападаўская зарплата работнікаў транспартнай сферы склала 771,1 рубля, прамысловасці — 784,6, будаўніцтва — 764,7, рознічнага гандлю — 634,3, аховы здароўя — 575,7, лёгкай прамысловасці — 572,3, адукацыі — 510,1, сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі — 507,5 рубля.

Згодна з прагнозам Мінэканомікі, зробленым у канцы мінулага года, намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата работнікаў у снежні 2016 года павінна вырасці на 14% у адносінах да снежня 2015 года — да 884,1 рубля.

17 лістапада на прэс-канферэнцыі для расійскіх рэгіянальных СМІ Аляксандр Лукашэнка ў другі раз за некалькі дзён заявіў пра неабходнасць павелічэння зарплаты ў валютным эквіваленце да 500 долараў. "У 2017 годзе — памерці, але трэба выйсці на 500 долараў. <...> Я буду рабіць усё для таго, каб мы выйшлі на 500", — падкрэсліў ён.

21 снежня пры прызначэнні новых кіраўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта Лукашэнка зноў сказаў: "500 долараў у наступным годзе сярэдняя зарплата. Пры ўсіх складанасцях, чаго б гэта ні каштавала. Выкрадзіце, адкапайце, знайдзіце — што хочаш. Але 500 долараў павінна быць выканана. Ад гэтага мы нікуды не сыдзем. Таму давайце будзем працаваць у інтарэсах людзей, падтрымліваць людзей".

На думку эканамістаў, наяўная сярэдняя зарплата прыблізна 360 долараў у месяц адлюстроўвае сучасныя магчымасці нацыянальнай эканомікі.

Марына Носава, БелаПАН.

Каментаваць