Рэкламу прыпынілі

Упраўленне абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства гандлю Беларусі накіравала ліст брэндынгавай кампаніі A.I.D.A Pioneer з прадпісаннем часова прыпыніць пракат на тэлебачанні рэкламнага роліка піва «Тэма».

Упраўленне абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства гандлю Беларусі накіравала ліст брэндынгавай кампаніі A.I.D.A Pioneer з прадпісаннем часова прыпыніць пракат на тэлебачанні рэкламнага роліка піва «Тэма».

Як паведаміў крэатыўны дырэктар кампаніі Дзмітрый Апаленіс, рэкламны ролік «25» моладзевага піва «Тэма» (вытворчасць ААТ «Лідскае піва»), які паказвалі на музычным і некаторых цэнтральных беларускіх каналах, Мінгандлю палічыла неэтычным. «Пытанні ўзніклі адносна магчымай двухсэнсоўнай трактоўкі сюжэта, — растлумачыў Апаленіс. — Размова дзвюх дзяўчын пра памер піўной бутэлькі выклікала дадатковыя асацыяцыі прадстаўнікоў кантрольных органаў. Адпаведна яркая і запамінальная кампанія была прымусова спынена як мінімум на месяц. За гэты час Мінгандлю павінна вынесці рашэнне: адпавядае ролік маральна-этычным нормам заканадаўства Беларусі ці не».

Начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства гандлю Ірына Барышнікава паведаміла, што рэкламны ролік «25» гандлёвай маркі «Тэма» накіраваны на экспертызу ў Міністэрства культуры, Інстытут мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук і грамадскае аб’яднанне па абароне правоў спажыўцоў. Паводле вынікаў экспертызы будзе вынесена рашэнне: ці дапушчана ў роліку парушэнне заканадаўства.

На думку Барышнікавай, у гэтай рэкламе аўтары перайшлі пэўныя маральныя межы ў давядзенні інфармацыі да спажыўца. «Звычайна, калі мы сумняваемся, мы не здымаем ролік з пракату, але ў гэтым выпадку вырашылі прыпыніць дэманстрацыю — гэта ўжо занадта!» — заявіла прадстаўнік Мінгандлю.

У сваю чаргу, Дзмітрый Апаленіс выказаў шкадаванне наконт таго, што рэкламная кампанія брэнда «Тэма» спынена, нягледзячы на адсутнасць парушэння «піўнога заканадаўства» — юрыдычныя службы тэлеканалаў прапусцілі ролік у эфір без прэтэнзій. «Паводле такой схемы можна спыніць абсалютна любую кампанію. Нават у белым лісце можна знайсці іншы сэнс, камусьці можа падацца, што ён не адпавядае агульнапрызнаным маральным і этычным нормам», — сказаў Апаленіс.

Паводле БелаПАН

Каментаваць