Reuters: Танкі замест камбайнаў — новая эканоміка старой Беларусі

Расіец Андрэй Сафронаў займаўся распрацоўкай мабільных гульняў у Казані, а ў вольны час маляваў 3D-мадэлі танкаў. Хобі дазволіла яму працаўладкавацца ў цэнтры IT-індустрыі, дзе кампаніі з капіталізацыяй у мільярды долараў ствараюць праграмы ўзроўню Viber і World of Tanks.


Апошнія два гады Сафронаў жыве і працуе ў Мінску.

 

«Мяне заўважылі, запрасілі, і цяпер я працую тут. Я задаволены», распавядае Сафронаў, дэманструючы мадэлі танкаў на экране кампутара.



 

World of Tanks стварылі 50 чалавек у мінскай студыі. Праз пяць гадоў у гульні ўжо больш за 100 мільёнаў зарэгістраваных карыстальнікаў і сусветнае прызнанне.

 

«Праект нарадзіўся фактычна на кухні, кажа аперацыйны дырэктар Кірыл Стаднік. Вядома, усе спадзяваліся, што ён будзе паспяховым, але ніхто не меркаваў такога».

 

Студыя «Гейм Стрым» кампаніі Wargaming ў Беларусі разраслася да 2.000 чалавек. Іх офіс, зіхатлівы 16-павярховы будынак пасярод маркотнай прамысловай зоны на ўскраіне Мінска сімвал новай адкрытай эканомікі ў краіне, схільнай да ізаляцыянізму і савецкай мадэлі гаспадарання.

 

Мінскаму аналагу каліфарнійскай Крамянёвай даліны эксперты абяцаюць рост на чарговыя 20-25 працэнтаў у гэтым годзе, пры тым што ВУП Беларусі ў цэлым, згодна з афіцыйным прагнозам, можа дадаць толькі 0,3% пасля падзення на 3,9% ў мінулым годзе на фоне дэвальвацыі і крызісу ў старэйшым партнёры па саюзнай дзяржаве Расіі.

 

«IT гэта адзінае, што тут ёсць жывога», сказаў 26-гадовы праграміст Слава ў каворкінг-зоне бізнес-інкубатара «Парк высокіх тэхналогій», дзе некалькі дзясяткаў маладых людзей працуюць групамі і паасобку, за сталамі, на крэслах-мяшках або проста на прыступках.

 

ГІСТОРЫЯ ДАВЕРУ

 

Ідэю інкубатара, у якім развілася ў апошнія гады беларуская IT-індустрыя, прабіў беларускі чыноўнік Валерый Цапкала.

 

«Калі я быў паслом у ЗША, я сустракаў беларускіх праграмістаў, якія былі паспяховыя ў Амерыцы. І я падумаў: чаму яны не могуць быць паспяховыя тут?», — сказаў ён.

 

Праз 10 гадоў мінскі Парк высокіх тэхналогій экспартуе кампютарных праграм на $700 мільёнаў у год і забяспечвае прыкладна 1,5% ВУП Беларусі.



 

Паўтары сотні кампаній рэзідэнтаў парку, у якіх занятыя 24.000 чалавек, прыцягнулі ў 2015 годзе амаль $150 мільёнаў прамых замежных інвестыцый.

 

«Нам прапаноўвалі бюджэтныя грошы, сказаў Цапкала. Мы заўсёды адмаўляліся».

 

Дзяржава кантралюе 70% эканомікі 9,5-мільённай Беларусі і марнуе мільярды долараў на падтрымку машынабудаўнічых гігантаў і калгасаў, што захаваліся з часоў СССР. Сярэдні і буйны бізнэс у краіне традыцыйна цесна звязаны з уладамі, а незаконнае вядзенне прадпрымальніцкай дзейнасці застаецца адным з самых ужываных артыкулаў крымінальнага кодэксу.

 

«Парк гэта партнёрская гісторыя. Бізнес паверыў дзяржаве, дзяржава паверыла бізнэсу», сказаў Яраслаў Тамільчык, дырэктар па HR мінскай штаб-кватэры EPAM Systems найбуйнейшай IT-кампаніі ў Беларусі.

 

«Ніхто ж не ведаў, што з гэтага атрымаецца. І гэта добрая гісторыя. Гэта гісторыя даверу».

 

EPAM, чыя капіталізацыя складае $3,5 мільярда, стаў адным з першых рэзідэнтаў парку. З 20.000 работнікаў кампаніі 6.000 знахлозяцца ў Беларусі.

 

ІНВЕСТЫЦЫІ У ЛЮДЗЕЙ

 

У Беларусі апроч World of Tanks былі створаны, сярод іншага, мессенджер Viber з актыўнай аўдыторыяй у 100 мільёнаў чалавек і дадатак MSQRD, набыты ў пачатку сакавіка Facebook. Сума пагаднення не выдавалася, але эксперты рынку ацэньвалі яе ў дыяпазоне ад $35 да $150 мільёнаў.

 

Яшчэ некалькі гадоў таму беларускія IT-спецыялісты прапаноўвалі заходнім кампаніям танныя і якасныя паслугі. У апошні час слова «танныя» атрымліваецца апускаць.

 

«Ужо калі мы працавалі над Viber, фактар кошту не быў вырашальным. Зараз тым больш», сказаў Ігар Магазінік, які выбраў Беларусь для распрацоўкі месэнджэра.



 

Сярэдні заробак у IT-сектары ў пяць разоў вышэйшы за сярэдні па краіне. Толькі за мінулы год штат кампаній у Парку высокіх тэхналогій вырас на 15%, тады як у цэлым у Беларусі на фоне крызісу нават афіцыйнае беспрацоўе за мінулы год падвоілася да 1 працэнта эканамічна актыўнага насельніцтва.

 

Беларускі «Гомсельмаш», на якім працуе 14.000 чалавек, у снежні мінулага года здолеў зрабіць толькі адзін камбайн. Архаічная эканоміка церпіць бедства, а ўлады шукаюць грошы на рэфінансаванне даўгоў не толькі ў стагнуючай і падсанкцыйнай Расіі, але і на Захадзе, карыстаючыся першым за пяцігодку пацяпленнем адносін.

 

Беларускі IT-сектар мог бы стаць драйверам перабудовы эканомікі, упэўнены аўтар і распарадчык Парку Цапкала.

 

«Дзяржава не павінна ўкладаць грошы ў прадпрыемствы, яна павінна ўкладаць грошы ў людзей. Яна магло б даваць грошы чалавеку з умовай, што гэтымі грашыма ён аплаціць сваё перанавучанне», сказаў ён.

 

Падрыхтоўкай кадраў беларуская IT-галіна займаецца даўно: пры самым Парку, у беларускіх ВНУ і буйных кампаніях дзейнічаюць некалькі дзясяткаў адукацыйных цэнтраў для IT-інжынераў.

 

«Сацыяльная нагрузка для нашых дырэктараў заключаецца ў тым, што яны павінны выходзіць і выступаць перад моладдзю, сказаў Цапкала. Мы гаворым, што кожны можа дамагчыся поспеху».

 

«Нам удалося пераканаць нашых маладых людзей, што ім усё гэта трэба. Гэтыя людзі не выцясняюцца з краіны. Яны атрымліваюць магчымасць тут застацца».

 

Алена Шкаруба адвучылася ў лонданскім Kingston University і прапрацавала некалькі гадоў у Маскве. Яна вярнулася ў Беларусь, каб пачаць свой бізнэс.

 

З камандай з сямі чалавек у пачатку сакавіка Шкаруба запусціла інтэрнэт-платформу MeetnGreetMe, якая дазваляе людзям, якія вандруюць у іншую краіну, бясплатна або за невялікую плату знайсці мясцовага памочніка. Яна кажа, што не збіраецца прадаваць стартап і ня хоча зязджаць.

 

«Гэта бізнес, якім я хацела б займацца ўсё жыццё... і перадаць дзецям, унукам».

 

Андрэй Махоўскі, Reuters

 

Каментаваць