Рускія могуць забраць у Беларусі ўсё, што захочуць

Наколькі рэальна, што Расіі прададуць беларускую кампанію «Гомельтранснафта», якая абслугоўвае транзіт расійскай нафты ў Еўропу? На гэтую тэму разважаюць беларускія адмыслоўцы.



Наколькі рэальна, што Расіі прададуць беларускую кампанію «Гомельтранснафта», якая абслугоўвае транзіт расійскай нафты ў Еўропу? На гэтую тэму разважаюць беларускія адмыслоўцы.

Паўночная галіна нафтаправоду «Дружба», якая ўжо не дзейнічае, Расію не цікавіць, Масква мае патрэбу ў паўднёвай частцы нафтаправоду, які абслугоўвае кампанія «Гомельтранснафта Дружба». Праз гэты трубаправод ідзе каля 30 адсоткаў усяго расійскага экспарту нафты — гэта каля 80 мільёнаў тон. Як чакаецца, у сувязі з пускам новага расійскага нафтаправоду БТС-2 гэты аб’ём скароціцца прыкладна на чвэрць, але ўсё роўна будзе істотны.

Пытанне аб продажы «Гомельтранснафты» ўзнікла не сёння, да таго ж прадпрыемства гэтае акцыянаванае, фармальных перашкод да продажу няма. А ў выніку перамоваў з Расіяй у 2010 годзе Беларусь страціла магчымасць самастойна вызначаць стаўкі транзіту нафты, зазначае эксперт у энергетычнай галіне Таццяна Манёнак. Яна не выключае, што Беларусі некалі давядзецца прадаваць і гэты стратэгічны актыў:
«Калі Беларусь страціла магчымасць самастойна ўплываць на транзітную палітыку, то гэтая труба абясцэнілася. Тым не менш трэба разумець, што, нягледзячы на будаўніцтва БТС-2, умовы пастаўкі нафты праз тэрыторыю Беларусі, паводле лагістыкі, самыя прывабныя і самыя танныя. Таму відавочна, што расійскай кампаніі “Транснефть — я так разумею, што гэта будзе прэтэндэнт на куплю — гэта цікава».

Паводле Таццяны Манёнак, здзелка магчымая, калі будзе палітычная мэтазгоднасць, як гэта было ў справе продажу «Белтрангазу». Яна мяркуе, што Беларусь, калі хоча надалей мець выгадныя ўмовы паставак расійскай нафты, павінна будзе неяк расплачвацца, перадае радыё «Свабода».

Эканаміст Сяргей Чалы рэкамендаваў бы ўраду не спяшацца прадаваць «Гомельтранснафту» Расіі. Па-першае, таму што гэта стратэгічны аб’ект, адзін з апошніх козыраў на перамовах з Расіяй. А па-другое, Сяргей нагадаў, што паўднёвая галіна нафтаправоду «Дружба» выкарыстоўвалася пры арганізацыі альтэрнатыўных паставак нафты ў Беларусь, у тым ліку з Венесуэлы і Азербайджану:
«Гэта патэнцыйна можа выключыць увогуле магчымасць альтэрнатыўных паставак. Гэта той участак, які дазваляў нам выкарыстоўваць нафтаправод “Адэса-Броды і адну з дзвюх ветак “Дружбы, якія там ляжаць. На экспарт выкарыстоўваецца толькі каля паловы магутнасцяў гэтых труб. Другую ветку можна задзейнічаць, напрыклад, на пастаўку ў Мазыр нафты, у тым ліку каспійскай ці якой-небудзь яшчэ».

Эканаміст Міхал Залескі мяркуе, што лёс «Гомельтранснафты» можа вырашаць толькі Аляксандр Лукашэнка, але і ён не гаспадар, бо будзе вымушаны прадаць Расіі ўсё, што тая запатрабуе:
«Калі надзяюць хамут, то далей толькі б’юць пугаю ў плечы. Нашу галаву ў хамут камандзір ужо ўставіў, і зараз рускія будуць толькі паганяць. Вось і ўсё, што будзе для Беларусі. Мяркую, што гульня скончылася ў той дзень, калі Лукашэнка паехаў у Маскву перад выбарамі. Тады ўсё скончылася, далей мы як дзяржава будзем рабіць усё, што скажуць рускія. Яны могуць забраць абсалютна лёгка ўсё, што ім захочацца, калі ім захочацца. У той час ён за сваю ўладу аддаў усё наперад».

Паводле www.pyx.by

 

Каментаваць