Рынкі паралізаваныя. Прадпрымальнікі пакуль ціха бунтуюць

Па Беларусі пракацілася хваля стыхійных сходаў індывідуальных прадпрымальнікаў, якія пратэстуюць супраць фактычнай страты працы. Прэзідэнцкі ўказ №222, які ўступіў у сілу з 1 студзеня 2016 года і які забараняе гандляваць таварам без накладных і сертыфікатаў, фактычна пазбавіў працы каля 120 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў, а разам з сем’ямі армія “тунеядцаў” можа аднамомантна прырасці недзе на паўмільёна.



Гандлёвы цэнтар "Еўропа" ў Менску


Па падліках РГА “Перспектыва”, 70-90 працэнтаў індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі, якія гандлююць нехарчовай групай тавараў, з 1 студзеня спынілі працу. РГА “Перспектыва” канастатавала калапс рознічнага спажывецкага рынку ў краіне. Адміністрацыя рынкаў і мясцовая вертыкаль займаецца ці то падманам, ці то самападманам і заяўляе, што ІП сышлі ў калядныя адпачынкі. Якія адпачынкі, калі падаткі плоцяцца на месяц наперад? Дый паслянавагодні перыяд — бадай, адзін з самых спрыяльных для вядзення бізнэсу.

Аднак рынкі стаяць. Мінск фактычна стаў цалкам, Барысаў, Наваполацк, Орша, Гомель — адразу і не пералічыць усе гарады, дзе прадпрымальнікі спынілі працу. Напрыклад, 5 студзеня на буйнейшым рынку Магілёва — «Віленскім» прайшоў стыхійны сход. Прадпрымальнікаў было нямнога. Аднак прысутныя запатрабавалі адмяніць прэзідэнцкі ўказ №222, адначасова адмежаваўшыся ад палітыкі.

Гомельскія прадпрымальнікі збіраліся таксама 5 студзеня ў ГЦ “Сакрэт”. Як сказала прадпрымальніца Наталля Дасько, “мы сабраліся сёння не таму, што нам добра, а каб выказаць свае пажаданні ўраду. Мы нічога ў дзяржавы не просім. Нам не трэба ні грошай, ні падтрымкі — проста дайце нам спакойна працаваць”.

Фактычна такія ж лозунгі агучаныя ў Слоніме, у Оршы, у іншых беларускіх гарадах.

— Чыноўнікі з міністэрства гандлю заяўляюць, што прадпрымальнікі сышлі ў калядныя адпачынкі. Пасля такіх заяў з’яўляюцца сумненні, што гэтыя чыноўнікі працуюць у Мінгандлю. Падаткі за студзень не сплачаныя — гэта значыць, што месяц рынкі працаваць не будуць. Прадпрымальнікі настроеныя так: дзеля чаго я буду рызыкаваць, каб падаткавая мяне збанкрутавала? Больш за тое, час, калі ўвесь астатні народ святкуе навагодне-калядныя святы, самы спрыяльны перыяд у годзе, каб весці бізнэс прадпрымальнікам, — кажа лідар РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка.

Рынкі стаяць, улады робяць выгляд, што сітуацыя развіваецца па плану. Што рабіць у гэтай сітуацыі?

11 студзеня ў Мінску пройдзе антыкрызісны Форум прадпрымальнікаў, на якім прадпрымальнікі маюць вырашыць — што рабіць далей. Папярэдні форум, які адбыўся 14 снежня 2015 года, вылучыў шэраг патрабаванняў да ўладаў: адмяніць указ № 222 і вярнуцца да ранейшых ўмоваў дзейнасці ІП; увесці пяцігадовы мараторый на канфіскацыі і праверкі ў межах тэхрэгламенту Мытнага саюза па лёгкай прамысловасці; паменшыць намаганнямі мясцовых саветаў дэпутатаў падаткі на 50-70% да той пары, пакуль сярэдняя зарплата не дасягне 1 тысячы долараў; паменшыць памеры штрафаў напалову і спыніць практыку канфіскацыі тавараў, калі не даказана іх крымінальнае паходжанне; спыніць практыку напаўнення бюджэту праз канфіскацыі; дазволіць прадпрымальнікам ўстанаўліваць тэрміналы на добраахвотнай аснове; унесці змены, пры якіх ІП не абавязаны выплачваць узносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, калі яны не вядуць гаспадарчай дзейнасці; прызнаць укараненне RFID-пазнак на футравыя вырабы заўчасным; адмяніць пастанову ўрада № 666 аб дзяржаўнай санітарна-гігіенічнай экспертызе прадукцыі замежнай вытворчасці для ІП і юрыдычных асоб.

Рэакцыя ўрада вядомая: “прадпрымальнікі сышлі на калядныя вакацыі”.

— Перамоўны працэс, які прадпрымальніцкія структуры вялі з органамі ўлады лістапад-снежань, нічога не даў. Усе лісты, звароты не далі ніякай карысці. Калі прадпрымальнікі зразумеюць, што іх проста кінулі, што спадзявацца няма на каго, акрамя саміх сябе, тады яны стануць злейшымі, — мяркуе дырэктар аналітычнага цэнтра Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Анатоль Змітровіч.

РГА “Перспектыва” заклікае ўрад “вярнуцца на дарогу розуму і прыняць своечасовыя адэкватныя рашэнні з улікам меркаванняў самых прадпрымальнікаў”.

— Праблему трэба рашаць, а не абыходзіць яе. І рашаць яе трэба нармальным цывілізаваным шляхам – шляхам перамоў, цывілізаванага дыялогу. Чыноўнікі, прыходзьце на форум прадпрымальнікаў, размаўляйце з людзьмі, не прымушайце іх выходзіць на вуліцу, — заклікае органы ўлады Анатоль Шумчанка.

Пакуль ніхто не бярэцца прагназаваць развіццё сітуацыі. Пратэстныя настроі надзвычай высокія, але ўва што яны выльюцца — залежыць найперш ад дзеянняў уладаў.

Каментаваць