Сабес, дапамажы сабе сам!

Як паведаміў Белстат, намінальная сярэдняя налічаная зарплата ў студзені — лютым бягучага года склала 4 432,2 тыс. рублёў, у тым ліку ў лютым 4 504,8 тыс. рублёў, і павялічылася адносна студзеня на 3,1%, або на 136,8 тыс. рублёў.



Паводле Белстата, апошняе месца па зарплаце займае адукацыя (3,127 млн. рублёў), а першае — працаўнікі фінансавай сферы (8,523 млн. рублёў). Вядома ж, што настаўнікі, працаўнікі палёў і ферм, як яны не шчыруюць кожны на сваёй ніве, але ніколі ім не атрымліваць заробак, большы хаця б за простых касірак банкаў.

Так яно заўсёды і было, бо ніколі ніхто меней за селяніна не атрымліваў. Бывае, такі ўжо дурань дурнем, такі пустамеля, вырвецца ў горад — і што б ні рабіў, у сэнсе нават і не рабіў, а атрымлівае болей. Праўда, неяк раней Лукашэнка расказваў журналістам, што недзе былі даяркі, якім плацілі аж па 700 долараў. Гэта столькі, колькі зараз у сярэднім атрымліваюць у прамысловасці.

Зразумела, у галінах прамысловасці, у розных вытворчасцях, існуе вялікая дыферэнцыяцыя. Прыкладам, у нафтаперапрацоўцы ў лютым атрымалі 8,9 млн. рублёў заробку, у хімічнай вытворчасці — 9,7 млн. рублёў. Сярэдні заробак мебельшчыкаў, якія ўключаны ў прыярытэтную групу па мадэрнізацыі вытворчасці, маюць толькі 4,2 млн. рублёў (43% ад заробкаў хімікаў). Не дзіва, што Лукашэнка пазбавіў мебельшчыкаў права звальняцца па ўласным жаданні, інакш разбягуцца, як казаў Папандопула, у розныя бакі.

Падаецца, што ўлады шчыруюць бізунамі, але не забываюць і пра пернікі. Так бы мовіць, праводзяць дзяржаўную палітыку заработнай платы. У каго заробкі невялікія, тым дадаюць болей. Таму аграрыям заробак падвысілі (адносна студзеня-лютага 2012 г.) амаль на 38%. Мебельшчыкам — на 32%, будаўнікам жа, якія выказалі рашучы настрой з’ехаць з гэтай краіны куды заўгодна, дзе добра плацяць, — на 44,4%.

Мусім заўважыць, што ўся гэта палітыка вызначаецца не падвышэннем эфектыўнасці вытворчасці, а пераразмеркаваннем. У адных бяруць, другім даюць. А яшчэ трацяць на гэта замежныя крэдыты. Зразумела, што мы ўсе ўрэшце працуем на Яго па найму, але непасрэдна гэта адбіваецца на бюджэтніках. Дакладней, на іх заробках.

Як сведчыць Белстат, у параўнанні са снежнем-лютым 2012 года рэальны сярэдні заробак у адукацыі павялічыўся толькі на 1,7%. У аховы здароўя — на 4,8%, у сацыяльных паслугах — на 1,5%. Маўляў, сабес, дапамажы сабе сам! Кожны ж ведае, што ўлады імкнуцца да сацыяльнай справядлівасці. Таму і спрабуюць падзяліць набыткі ўсіх. Толькі неяк атрымліваецца, што адны працавалі менш, а атрымалі больш за ўсіх.

Гэта філасофія такая, сацыяльная справядлівасць завецца, з ёй нічога не зробіш. Таму рэальныя заробкі паспяховых галін эканомікі штучна «прымаражваюцца». Прыкладам, рэальныя заробкі чыгуначнікаў падвысіліся толькі на 7,7%, лётчыкаў — на 12,5%. Затое рэальныя зарплаты транспартнікаў-рачнікоў падвысілся ў 1,5 разы.

Відавочна, што гэта робіцца дзеля таго, каб яны не з’ехалі ў іншыя краіны, як раней гэта ўпадабалі будаўнікі.

Калі зыходзіць з рэйтынгу заробкаў, які Белстат абраў для характэрных галін эканомікі, то апошняе месца (адукацыя) мае 370 долараў, першае (фінансавае дзейнасць) — 985 долараў, а сярэдні заробак складае 520 долараў. Адзначым, што Лукашэнка ўжо трэці раз падбіраецца да вяршыні сярэдняга заробку ў 500 долараў — напрыканцы 2008-га, напачатку 2011-га, і зараз, напрыканцы 2012-га ў сувязі з выплатай калядных ды навагодніх бонусаў. З кожным разам гэта важнейшае сацыльна-эканамічнае дасягненне праз месяц-другі правальвалася. Як і чакалі эканамічныя эксперты. І вось зноў рыса ў 500 долараў на спідометры, і зноў аналітыкі папярэджваюць — рэсурсы з краіны знікаюць.

Кожны мае права і магчымасць будаваць любы прагноз. Мы ж лічым, калі дзве дэвальвацыі — гэта выпадковасць. Трэцяя — гэта сумная заканамернасць. Гэта значыць, што беларуская эканоміка не дае беларусу зарабляць у сярэднім болей, чым 500 долараў.

На жаль, гэта мадэль і гэтае начальства больш людзям нічога даць не могуць. Пасля апошніх выбараў беларусам далі 500 долараў заробку. Колькі гвалту і шуму было. А праз месяц пачалі адбіраць «дасягненне», пакуль не скаціліся да Кыргызстана ды Малдовы.

Зараз, што называецца, адбілі сваё, а ў Казахстане і ў Расія сярэднія заробкі ўжо падвысіліся да 1000 долараў.

Каментаваць