Садружнасць дэвальвацый

Беларусаў — ахвяраў нядаўняй дэвальвацыі, магчыма, супакоіць тое, што ў снежні з падобнымі фінансавымі праблемамі сутыкнуліся грамадзяне практычна кожнай краіны СНД. Падзенне расійскага рубля цягне на дно валюты Садружнасці.



Безумоўна, асноўны фактар нестабільнасці фінансавых сістэмаў дзяржаў былога СССР — дэвальвацыя рубля ў Расіі, які за восень абясцэніўся больш чым на сто працэнтаў. Апагеем драмы стаў «чорны аўторак» 16 снежня, калі долар у Маскве перавысіў 80 рублёў. Адначасова вырасла і напружанасць на фінансавых рынках у суседніх краінах. Там-сям усё гэта вылілася ў знаёмы сцэнар, калі рост попыту на валюту прыводзіў да ажыятажу і, як следства, выклікаў неабходнасць дэвальвацыі. Праўда, гэта не агульнае правіла.

Самае незвычайнае, што катастрофы пазбеглі казахі, чыя эканоміка вельмі завязаная на расійскую. У Казахстане сітуацыя дасюль чымсьці нагадвае беларускія рэаліі месячнай даўніны, калі жыхары Беларусі рабілі набегі на крамы ў РФ, дзе з-за і дэвальвацыі рубля набываць штосьці стала танней амаль у два разы. Наплыў пакупнікоў з Казахстану на працягу снежня адзначалі ў буйных гандлёвых сетках і дылерскіх аўтацэнтрах Расіі. Жоўтая прэса нават піша пра засады, якія руская мафія рабіла на трасах з мэтай рабавання багатых казахскіх турыстаў. Праўда, бум шопінг-тураў у Расію зафіксаваны толькі ў суседнім з Расіяй Паўночным Казахстане. У іншых рэгіёнах вотчыны Назарбаева пануе поўны штыль. Устойлівасць казахскай валюты эканамісты звязваюць са штучнай дэвальвацыяй, якая мела месца ў лютым мінулага года. Курс долара тады ўзняўся на 20 працэнтаў — з 150 да 185 тэнге — і застаецца прыкладна такім жа і зараз. Аднак у сваіх дыскусіях мясцовыя эканамісты не выпраменьваюць аптымізм. Будучая стагнацыя расійскай эканомікі негатыўна паўплывае на паказнікі казахскай вытворчасці. Называецца нават лічба — 300. Быццам, да такіх памераў можа абваліцца тэнге ўжо ў гэтым годзе.

Казахстан, падаецца, адзіная краіна Сярэдняй Азіі, дзе заклапочаныя расійскай дэвальвацыяй. У іншых краінах рэгіёну (за выключэннем хіба Кіргізіі) тэма дэвальвацыі адсутнічае ў топе актуальных для грамадства падзей. Гэта можна патлумачыць больш слабымі эканамічнымі кантактамі з Расіяй, нізкімі жыццёвымі стандартамі мясцовых жыхароў, якія не інвестуюць у валюту, і, натуральна, аўтарытарным характарам палітычных рэжымаў. Так, ва ўзбекаў вельмі жорсткі кантроль на ўнутраным валютным рынку: улады цалкам забаранілі рух валюты ўнутры краіны.

Што тычыцца Малдовы, то дэвальвацыя расійскага рубля перш за ўсё мела палітычныя наступствы. Ідзе працэс фармавання ўраду, які павінен працягнуць працэс інтэграцыі краіны ў ЕС. Зводкі з расійскіх біржавых пляцовак пазітыўна паўплывалі на рэйтынгі праеўрапейскіх партый. А вось мясцоваму лею крызіс у Расіі не спадабаўся. За апошнюю дэкаду мінулага года курс малдоўскай валюты знізіўся з 15 да 20 леяў за 1 долар (гэта, дарэчы, гістарычны рэкорд). Тутэйшыя эканамісты кажуць, што больш страшна тое, што дэвальвацыя расійскага рубля вядзе да памяншэння памеру грашовых пераводаў на радзіму ад малдаўскіх гастарбайтэраў у Расіі. Яшчэ апакаліпсіс, падаецца, пагражае суседняму Прыднястроўю, чыя гаспадарка моцна залежыць ад заказаў з Расіі.

Балюча адбілася дэвальвацыя расійскага рубля і на армянскім драме. Па паведамленнях СМІ Арменіі, у канцы мінулага тыдня ў банках практычна немагчыма было купіць долары і еўра. Курс продажу складаў 590 драмаў за 1 долар, а куплі — 560 драмаў, хаця да пачатку дэвальвацыі долар каштаваў каля 410 драмаў. Справа дайшла да таго, што ў парламенце прайшло пазачарговае пасяджэнне за зачыненымі дзвярыма, прысвечанае падзенню армянскага драма.

А вось грузінскі лары з-за таго, што экспарт у Расію пасля гандлёвых войнаў значна зменшыўся, вытрымаў удар. Курс нацыянальнай грузінскай валюты ў снежні знізіўся ўсяго з 1,74 да 1,87 лары за долар. Аднак не выключана, што дэвальвацыя расійскага рубля будзе мець уплыў на Грузію ў доўгатэрміновай перспектыве. Як і ў выпадку з Малдовай, грузінскія працоўныя мігранты ў Расіі мо­гуць рабіць грашовыя трансферы не так часта, што паўплывае на спажывецкі попыт грузін і пацягне крызісныя з’явы ў бізнесе.

Парадаксальна, аднак пакуль годна трымаецца азербайджанскі манат (Азербайджан — адзін з вядучых экспарцёраў нафты, цана якой імкліва змяншаецца). Банкі ў краіне працуюць у штатным рэжыме, у абменніках чэргаў няма. Аднак прагноз экспертаў суровы: нізкія цэны на нафту — гэта надоўга, так што эканамічныя перспектывы ўсіх нафтаздабываючых краін, уключаючы Азербайджан, даволі невясёлыя. Больш за два гады пры такіх коштах на нафту цяперашні курс маната не ўтрымаць.

Паўплываў расійскі «дэвальвец» і на ўкраінскую грыўну, хаця грамадскасць вітала фінансава-эканамічныя праблемы суседзяў (Расія, як вядома, мае непасрэднае дачыненне да вайны на ўкраінскім усходзе). Напрыклад, кіраўнік Нацбанку Валерыя Гонтарава кажа: «Як чалавек, напэўна, я вельмі радуюся, што адбываецца з расійскім рублём. Але як кіраўніка Нацбанку мяне гэта не можа радаваць, таму што Расія застаецца адным з нашых буйных партнёраў. Такім чынам, гэтая дэвальвацыя рубля аказвае выключна негатыўны ўплыў на курс грыўны». Грыўна, сапраўды, стала больш слабай за апошні месяц (зараз за долар у Кіеве даюць каля 19–20 грыўняў, хаця ў лістападзе прапаноўвалі толькі 18). Варта адзначыць, што ва ўкраінскім грамадстве папулярныя надзеі, што фінансавая катастрофа ў Расіі здольная аслабіць падтрымку Крамлём данбаскіх сепаратыстаў. Таму тут мала звяртаюць увагу на кошт расійскай дэвальвацыі для грыўны.

Вось такія першыя малапрыемныя наступствы расійскай дэвальвацыі для краін-суседак. На жаль, як бачым, эканамісты не радуюць нас прагнозамі. Падзенне расійскага рубля пацягне на дно валюты СНД. З іншага боку, такія выклікі могуць спрыяць распрацоўцы ў краінах новай больш бяспечнай мадэлі манетарнай палітыкі.

Каментаваць