Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

«Саюз непарушны» для каго?

Мне заўсёды падавалася, што ўсялякія эканамічныя зоны, саюзныя дзяржавы і іншыя «саюзы» павінны не толькі цешыць самалюбства кіраўніцтва, а яшчэ і спрашчаць жыццё звычайным людзям.

Фота www.rusnation.org

Узяць, да прыкладу, Еўрасаюз. Там увялі «шэнген», свабоднае перасоўване працоўнай сілы, два тыдні таму адмянілі роўмінг… Гэты саюз для мяне зразумелы — у ім усё больш робіцца для палягчэння жыцця грамадзян.

А зараз возьмем Еўразійскі эканамічны саюз і «Саюзную дзяржаву» Беларусі і Расіі. Памятаеце, колькі непрыемнасцяў нашым прадпрымальнікам дадалі «еўразійскія» сертыфікаты на прадукцыю? Літаральна паставілі іх на мяжу выжывання. І чым далей, тым болей.

Днямі з'явіўся новы бар'ер. З 1 ліпеня ў ЕАЭС пачалі дзейнічаць так званыя «Адзіныя каранцінныя фітасанітарныя патрабаванні, што прад'яўляюцца да падкаранціннай прадукцыі і падкаранцінных аб'ектаў на мытнай мяжы і на мытнай тэрыторыі ЕАЭС». Гэты дакумент рэгламентуе ўвоз на тэрыторыю ЕАЭС прадукцыі расліннага паходжання нібыта для таго, каб не дапусціць з'яўлення ў краінах Саюза розных шкодных раслінаў (у тэрміналогіі патрабаванняў — каранцінных аб'ектаў).

Але пад забарону патрапілі чамусьці не шкодныя расліны, а харчы. З 1 ліпеня на тэрыторыю ЕАЭС (а значыць, і ў Беларусь) можна будзе завезці без дакументаў не больш за 5 кілаграмаў «падкаранціннай прадукцыі», прычым гэтая лічба — агульная вага ўсёй такой прадукцыі. То бок, калі вы з Украіны вязеце адзін кавун масай у 6 кілаграмаў, вам давядзецца яго з’есці проста на мяжы. Альбо атрымліваць на яго сертыфікат.

У суцяшэнне можна прыхапіць не больш за тры букеты кветак. Праўда, гэта будзе не «мільён пунсовых ружаў», а не больш за 15 штук.

Норма ў 5 кілаграмаў распаўсюджваецца практычна на ўсё, што расце на зямлі: ад бульбы і цыбулі да грыбоў, арэхаў, вінаграду, кавуноў і дыняў. Іншымі словамі, у пералік уваходзіць практычна ўся гародніна, садавіна, ягады, зеляніна і іншыя тавары расліннага паходжання.

Праўда, забарона не распаўсюджваецца на каву смажаную, чай чорны і зялёны, матэ, вострыя прыправы, прыправы змешаныя, жалуды, конскія каштаны.

Можна хаця б каву… Але пра агульную вагу ў 5 кілаграм забывацца не трэба.

Паніку на тыдні ўзнялі і некаторыя СМІ. Яны заўважылі на сайце расійскага Федэральнага партала праектаў нарматыўных прававых актаў праект указа, які тычыцца новых правілаў рэжыму ў памежнай зоне Расіі. У дакуменце сказана, што з 1 кастрычніка 2017 года беларусы будуць уязджаць у памежную зону па спецыяльным пропуску і дакуменце, які пацвярджае асобу.

Праўда, Дзяржпагранкамітэт Беларусі ўважліва пачытаў гэты дакумент і патлумачыў, што, згодна з падпунктам «г» пункта 2 праекта: «Уезд (праход) у пагранічную зону па дакументах, якія сведчаць асобу, ажыццяўляецца грамадзянамі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь у памежную зону, усталяваную ўздоўж расійска-беларускага ўчастка дзяржаўнай мяжы». То бок, якіх-небудзь пропускаў для грамадзян Беларусі не прадугледжваецца, а «інфармацыя, распаўсюджаная рознымі крыніцамі ў сетцы інтэрнэт, пра тое, што «беларусы будуць уязджаць па спецпропусках у памежную зону з боку Расіі з 1 кастрычніка», не мае пад сабой падстаў».

Не ведаю, што там маецца, а што не, але ці будзе расійскі памежнік разбірацца ў нюансах кшталту «падпункта «г»? Мне чамусьці падаецца, што наўрад ці. І таму можна чакаць інцыдэнтаў з затрыманнямі нашых грамадзян у памежнай зоне Расіі.

Вось табе і ЕАЭС, і Саюзная дзяржава, і вольнае перасоўванне. Можа быць, у глабальным плане мы і маем нешта з гэтых «саюзаў», але будзем шчырыя — для простага чалавека жыццё лягчэйшым не становіцца. Паўнавартасная мяжа была б лепшай — прынамсі, не было б блытаніны, трэба нам спецпропускі ў Расію, ці ўсё ж пункт «г» спрацуе.

На тыдні з’явілася інфармацыя пра тое, што кошты на нерухомасць у Мінску дасягнулі мінімуму за дзесяцігоддзе. Падавалася б, добра, але насамрэч гэта азначае, што ў народа няма грошай на куплю жытла. Між тым, жыллёвае будаўніцтва з’яўлялася адным з флагманаў нашага эканамічнага росту. Бачна, заўважыўшы гэтую тэндэнцыю, Аляксандр Рыгоравіч падпісаў новы ўказ аб адрасным субсідаванні ў жыллёвым будаўніцтве.

Дзяржаўныя субсідыі бу­дуць прадстаўляцца на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытамі на будаўніцтва жылля, атрыманых грамадзянамі ў любым камерцыйным банку, а шматдзетным і маладым сем'ям і дзецям-сіротам — таксама на пагашэнне часткі асноўнага доўгу па такіх крэдытах. Пры гэтым дзяржаўная падтрымка ў выглядзе льготных крэдытаў і субсідый захаваецца.

Як заўсёды, узнікае пытанне: а ці ёсць у нас на гэта грошы? Альбо на гэта пойдзе той транш крэдыту, які мы атрымалі ты­дзень таму ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, — 300 мільёнаў долараў?

Дарэчы, пра крэдыт. У той час, калі мы працягваем спадзявацца на грошы ад усялякіх МВФаў ды іншых фондаў, адмыслоўцы кажуць, што мы ў сваёй «закрэдытаванасці» набліжаемся да небяспечнай рысы. Адна цытата: «У нас ёсць пэўныя ліміты, чырвоныя сцяжкі, выходзіць за якія вельмі непажадана. Такім лімітам з'яўляецца ўзровень дзярждоўгу ў 45% да ВУП. Пакуль мы да гэтай планкі не дабраліся, але чакаецца, што мы дойдзем да гэтага паказчыка ў канцы 2017 — пачатку 2018 года. У той жа час у 2018-м, пасля пагашэння еўрабондаў, гэты паказчык можа зноў знізіцца. Але ў любым выпадку мы блізкія да рысы ў 45% ВУП, а гэта значыць, што праводзіць далей палітыку актыўнага запазычвання больш нельга, і неабходна актыўна зніжаць узровень дзярждоўгу. Мы зараз павінны штогод рэфінансаваць менш, чым пагашаць».

Гэта сказаў не нейкі там «апазіцыйны» эканаміст. Пра гэта на форуме «Беларусь у пастцы павольнага росту» заявіў першы намеснік міністра фінансаў Рэспублікі Беларусь Максім Ермаловіч.

Пагашаць гэты дзярждоўг плануецца за кошт бюджэту. То бок, з нашых з вамі падаткаў. І вы ўсур’ёз верыце, што ў нас ёсць грошы на субсідаванне будаўніцтва?

Каментаваць