Ужо ад сёння настаўнікам і медыкам шчасце прываліла

Урад Беларусі вырашыў ашчаслівіць самых бюджэтных працаўнікоў. Паводле афіцыйных паведамленняў, з сённяшняга дня будуць «істотна павышаныя» заробкі настаўнікам і медыкам розных катэгорый.

 



Ці істотнае павышэнне?

Павышаюцца тарыфныя стаўкі шэрагу катэгорый медработнікаў. Для ўчастковых лекараў-тэрапеўтаў і лекараў-педыятраў, лекараў агульнай практыкі, а таксама лекараў-спецыялістаў, якія аказваюць хуткую медыцынскую дапамогу, тарыфныя стаўкі павялічаны на 60%. Для ўчастковых медсясцёр, памочнікаў лекараў амбулаторна-паліклінічнай дапамогі, медсясцёр агульнай практыкі, фельчараў, медработнікаў фельчарска-акушэрскіх пунктаў і медыцынскіх работнікаў, якія маюць сярэднюю медыцынскую адукацыю, і якія аказваюць хуткую дапамогу, павышэнне складзе 50%. На 40% будуць павялічаны тарыфныя стаўкі санітаркам хуткай меддапамогі.

Астатнім спецыялістам тарыфныя стаўкі павысяцца на 50%, медработнікам, якія маюць сярэднюю спецыяльную медыцынскую адукацыю і не пазначаныя вышэй, — на 40%, малодшым медсёстрам па догляду за хворымі, нянькам, сёстрам-гаспадыням, санітаркам — на 30%.

Урад таксама паведамляе, што павышаецца заработная плата педагагічных і іншых работнікаў устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, сацыяльна-педагагічных устаноў, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Тут прадугледжваецца «дыферэнцыяванае павелічэнне надбавак педработнікаў за наяўнасць кваліфікацыйных катэгорый». Так, з 1 верасня за другую кваліфікацыйную катэгорыю надбаўка складзе 30% ад тарыфнага акладу (стаўкi) замест 15%, за першую катэгорыю — 55% замест 20%, за вышэйшую катэгорыю — 90% замест 30%, за катэгорыю «настаўнік-метадыст» — 120% замест 40%.

Кіраўнікам устаноў, педработнікам, якія не маюць кваліфікацыйнай катэгорыі, кіраўнікам фізічнага выхавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, прыёмным бацькам, бацькам-выхавальнікам прадугледжваецца павышэнне тарыфнага акладу на 10%, памочнікам выхавальнікаў — на 20%, работнікам кухні — на 10%.

Але давайце разбярэмся, ці насамрэч адбудзецца істотнае, як кажа ўрад, павышэнне заробкаў.

Нуль без палачкі

Пачнём з педагогаў. Насуперак бравурным заявам ураду, насамрэч, павышэнне заробкаў педагогаў не плануецца. «Павышэнне надбавак» педработнікаў за наяўнасць кваліфікацыйных катэгорый не ёсць павышэннем акладаў. То бок, асноўны аклад настаўнікаў застаецца ранейшым.

Ва ўрадзе спадзяюцца, што шляхам павышэння надбавак яны прымусяць настаўнікаў самаўдасканальвацца і атрымліваць вышэйшыя катэгорыі. Але на павышэнне кваліфікацыі трэба час. Так што збольшага з заробкамі настаўнікаў анічога істотнага не зменіцца.

Дарэчы, гэта разумеюць і ва ўрадзе. Згодна паведамленню ўрада, павелічэнне надбавак за кваліфікацыйныя катэгорыі дасць магчымасць павысіць сярэднюю заработную плату настаўнікаў на 18%, работнікаў галіны ў цэлым — на 7%.

Настаўнікі (асабліва настаўнікі матэматыкі) таксама разумеюць, што ніякага павелічэння заробку чакаць не прыходзіцца. Такое павелічэнне «якраз кампенсуе ўзровень інфляцыі аж да канца года», — прыкра жартуе «Блог настаўнікаў Беларусі». Сапраўды, інфляцыя ўжо перасягнула 11%, а павышэнне заробку «ў сярэднім па галіне» — толькі 7%. Згодна з красавіцкай ацэнкай Нацбанка, інфляцыя ў бягучым годзе ў Беларусі можа скласці 16–17%, што абсалютна нівелюе «павышэнне заробку» настаўнікам на 18%.

Між тым, напачатку года сярэдняя зарплата ў адукацыі складала Br 3 млн. 657,7 тыс., у тым ліку настаўнікаў — Br 4 млн. 305,6 тыс. Дый столькі зараблялі далёка не ўсе — у маладых спецыялістаў зарплата недацягвала і да трох мільёнаў. Так што настаўнікі застануцца такімі ж журботнымі, як былі.

Медыкам больш?

Не нашмат разбагацеюць і медыкі. Па стане на чэрвень гэтага года, сярэднямесячная зарплата медыкаў складала Br 4 млн. 290 тыс. Дактароў — Br 6 млн. 400 тыс., сярэдніх медработнікаў з улікам сумяшчэнняў — Br 4 млн. 300 тыс. Гэта пасля таго, як з 1 красавіка па рашэнні ўрада выраслі на 40% аклады некаторых катэгорый работнікаў, занятых у ахове здароўя. Павышэнне зарплаты тады закранула ўчастковых тэрапеўтаў і педыятраў, лекараў агульнай практыкі, лекараў і фельчараў хуткай дапамогі.

Варта разумець, што гэты «сярэдні заробак» у Br 4 300 000 не з’яўляецца «голым акладам» (паглядзіце на прыкладзе настаўнікаў — «надбаўкі за катэгорыі» ўрад таксама ўключыў у заробак). То бок, ад «сярэдняга заробку медыкаў» трэба спачатку адняць траціну, ці нават палову, — «сумяшчальныя» «прэміяльныя», даплаты за катэгорыі і інш. І ўжо пасля гэтага «адмінусавання» дадаць 30–60% «павышэння акладу». І пасля зноўку дадаць «іншыя выплаты».

Як прагназаваў 1 ліпеня прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, у выніку падвышэння акладаў заробак лекараў вырасце на 15–18%. Што таксама сумяшчальна з прагнозным паказчыкам інфляцыі.

Павышэнне без павышэння

У выніку, як мы бачым, плануецца «павышэнне без павышэння». Нават урад, які рапартуе пра тое, як ён «ашчаслівіў» педагогаў і медыкаў, прызнае: павышэнне заробкаў медработнікам і настаўнікам толькі-толькі кампенсуе ўзровень інфляцыі. Канешне, сума грошай і лічбы ў разліковых лістках пабольшаюць. Але набыць за гэты «ўзросшы» заробак можна будзе роўна тое ж самае, што і зараз.

У мінулым годзе таксама 1 верасня былі павышаныя на 25% тарыфныя стаўкі (аклады) настаўнікаў, педагогаў дадатковай адукацыі, выкладчыкаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Але адначасова павялічылася і норма педагагічнай нагрузкі за стаўку: для настаўнікаў і педагогаў дадатковай адукацыі — з 18 да 20 гадзін у тыдзень, для выкладчыкаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — з 720 да 800 гадзін у год.

У выніку павышэнне тарыфных ставак для некаторых катэгорый педработнікаў прывяло да павелічэння іх заробкаў у сярэднім толькі на 3%, што прызнаў нават міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. А інфляцыя ў 2013 годзе склала 16,5%.

Пытанне ў сувязі з гэтым толькі адно: навошта заяўляць пра «істотнае павышэнне заробку»? Ці сапраўды ва ўрадзе спадзяюцца, што настаўнікі матэматыкі не ўмеюць лічыць?

Каментаваць