Шопінг: на распродаж за мяжу ці ў інтэрнэт

Пераднавагодні ажыятаж у айчынных крамах у чарговы раз падвышае цікаўнасць да тэмы айчыннага гандлю ды вытворчасці. І дадае фактуры для крытыкі. Здаецца, што дзяржаўнае кіраўніцтва з усіх сіл стараецца, каб беларусы “любілі сваё, а яны — няўдзячныя! — не задаволеныя і цэнамі, і асартыментам, і мясцовай палітыкай шопінгу.
 



Год таму Аляксандр Лукашэнка заявіў, што імпартазамяшчэнне і дасягненне станоўчага сальда знешняга гандлю пераходзіць з эканамічнай катэгорыі ў палітычную. І любыя факты неабгрунтаванага імпарту цяпер будуць расцэньвацца як самыя сур’ёзныя парушэнні з усімі вынікаючымі наступствамі.

Таму быў хутка распрацаваны і прыняты план замены імпартных тавараў таварамі айчыннай вытворчасці. За кожны від тавару было прызначана адказнае ведамства. Міністэрству прамысловасці даручылі забяспечыць пастаўку 10 000 імпартазамяшчальных прасаў, 7 000 фенаў, 400 тысяч энергазберагальных люмінесцэнтных лямпаў, 7 тысяч парасонаў, 20 тысяч гадзіннікаў і 1 тысячы фрэзерных грабель. “Беллегпрам мусіў забяспечыць выпуск 10 тысяч пагонных метраў зашпількі “маланка, 250 дзіцячых універсальных калясак, 1,5 тысячы шапак з натуральнага футра, а таксама тканін, адзення, трыкатажу і іншага. У спісе тавараў, якія неабходна вырабляць у Беларусі, былі і падгузнікі, і парфума, і настольныя гульні. У дакуменце было агаворана, што “спажывецкія характарыстыкі названых тавараў павінны забяспечваць іх канкурэнтаздольнасць, адпавядаць лепшым сусветным аналагам з улікам прапаноў Мінгандлю.

Дарэчы, яшчэ ў 2007 годзе была прынятая Пастанова савету Міністраў №28 “Аб некаторых пытаннях вытворчасці і пастаўкі на ўнутраны рынак імпартазамяшчальных спажывецкіх тавараў. Адпаведныя заданні атрымалі ці не ўсе міністэрствы і ведамствы. Пры гэтым у дакуменце падкрэслівалася, што “тавары павінны адпавядаць лепшым імпартным аналагам па спажывецкіх уласцівасцях, тэхнічных характарыстыках, выконваемых функцыях, дызайне, упакоўцы і цэнавым фактары.

Пракалоліся як дзеці

І вось на днях скандальнае выкрыццё: Камітэт дзяржкантролю прыйшоў да высноў, што, у прыватнасці, дзіцячыя тавары айчыннай вытворчасці не карыстаюцца попытам, бо саступаюць імпартным аналагам і па коштах, і па якасці. Такую выснову КДК Гомельскай вобласці робіць па выніках праверкі за год у сферы вытворчасці, імпарту і рэалізацыі на тэрыторыі рэгіёну сацыяльна значных тавараў для дзяцей, паведамляе БелаПАН.

У Камітэце дзяржкантролю Гомельскай вобласці мяркуюць, што ў цэлым сітуацыя з забеспячэннем спажывецкага рынку дзіцячымі таварамі стабільная, пакупніцкі попыт задавальняецца ў поўным аб’ёме як за кошт тавараў айчыннай, так і імпартнай вытворчасці. Выбарачны аналіз рэалізацыі ў буйных гандлёвых аб’ектах Гомеля тавараў для дзяцей паказаў, што працэнт продажу айчынных тавараў даволі высокі.

У той жа час беларускія вытворцы не вырабляюць асобныя тавары для дзяцей: соскі, пустышкі, бутэлечкі для кармлення дзяцей, падгузкі і памперсы, вільготныя сурвэткі. У недастатковых аб’ёмах, паводле меркавання КДК, вырабляюцца дзіцячыя ложкі і каляскі.

Штаны для хлопчыкаў, спадніцы для дзяўчынак саступаюць імпартным вырабам па каляровай гаме, набіваных малюнках, здольнасці тканіны ўтрымліваць форму і, нарэшце, цане. Так, штаны для хлопчыкаў беларускай вытворчасці каштуюць 165–182 тысячы рублёў, імпартныя — 132 тысячы. Таксама супрацоўнікі КДК па выніках праверкі канстатуюць, што дзве мадэлі дзіцячых калясак вытворчасці ААТ «ЭКТБ» (Мінск) цяжкія, дрэнна трансфармуюцца ў прагулачны варыянт, а таксама маюць высокую адпускную цану і, адпаведна, практычна не карыстаюцца попытам. Напрыклад, у адной з крамаў за 2011 год рэалізавана 40 дзіцячых калясак, з якіх толькі 10 — мясцовай вытворчасці. Пры гэтым імпартаваныя ў вобласць каляскі польскай вытворчасці маюць высокія спажывецкія характарыстыкі і карыстаюцца стабільным попытам.

Яшчэ адной праблемай называецца адсутнасць уласных якасных матэрыялаў і сыравіны. Напрыклад, ААТ «Жлобінская швейная фабрыка» на 70% шые вырабы для дзяцей з імпартнай сыравіны і матэрыялаў, бо айчынныя тканіны і фурнітура па шэрагу характарыстык не могуць быць выкарыстаныя для шыцця дзіцячага адзення.

КДК прапанаваў Гомельскаму аблвыканкаму прыняць меры па насычэнні спажывецкага рынку вобласці сацыяльна значнымі таварамі для дзяцей айчыннай вытворчасці, павелічэнні аб’ёмаў продажу гэтых тавараў.

Цяпер у пераліку спажывецкіх тавараў, рэкамендуемых для асваення прадпрыемствамі прамысловасці, значыцца каля 140 найменняў: ад цеплавентылятараў да кансерваў для дзіцячага харчавання. “Па выніках студзеня—кастрычніка 2012 года беларускія тавары ў структуры рознічнага тавараабароту склалі 71%, — цытуе намесніцу міністра гандлю Беларусі Ірыну Наркевіч “Interfax. — У тым ліку ў групе харчовых тавараў — 82,1%, нехарчовых — 60,3%. Праграма імпартазамяшчэння будзе рэалізоўвацца і надалей, але чыноўніца заявіла, што «было б няправільна» вырабляць на тэрыторыі краіны тавар, які з поспехам выпускаецца іншымі, а да прымальнага якасці аналага «нам яшчэ трэба ісці дзесяцігоддзямі». То бок ідэя стварыць вытворчасці для выпуску дзіцячых калясак ці аналагаў кіндэр-сюрпрызаў ужо праз год сканала, не вытрываўшы праверкі на жыццяздольнасць.

Распродажы па-беларуску

Апроч прэтэнзій да суадносінаў якасць—кошт, беларускі спажывец мае пытанні і да сістэмы гандлю. Асабліва калі ёсць з чым параўнаць. Добра, краіны “жорсткага капіталізму недалёка, а па колькасці выдадзеных шэнгенскіх візаў Беларусь ірвецца ў лідары.

Па заходнія межы Беларусі ў гандлёвых цэнтрах Польшчы і Літвы можна паглядзець на гандаль, якога пакуль у нас няма: з сістэмамі зніжак, бонусаў, заахвочвальным маркетынгам і гэта далей.

Праўда, і ў Беларусі спрабуюць асвоіць метад вялікіх распродажаў. Вось паведамленне: у магілёўскіх універмагах «Цэнтральны» і «Юбілейны» 21 снежня, у дзень меркаванага канца свету па календары майя, зладзяць ноч распродажаў. Універмагі ў гэты дзень будуць працаваць да паўночы, прадаючы тавар на 15–20% танней. Каб максімальна задаволіць запыты спажыўцоў, будуць створаны запасы прадукцыі, якая карыстаецца попытам. Напрыклад, ужо завезены калекцыя жаночага адзення і бялізны, пашыраны асартымент шкарпэткава-панчошнай групы тавараў, закуплены дадаткова абутак, посуд, а таксама шырокі спектр бытавой тэхнікі пераважна айчыннай вытворчасці. Больш за тое, пакупнікам дапамогуць з дастаўкай набытых тавараў. Падобную акцыю не так даўно ладзіў і сталічны ГУМ. Але ў рэчаіснасці ўсё выглядае крыху інакш, чым падаецца на першы погляд.

Нядаўна намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч патлумачыла журналістам, што спецыфіка цэнаўтварэння ў краіне не дазваляе вось так узяць, ды зрабіць зніжку з цаны тавару на 30% ці 50%. Гандаль можа знізіць цэны толькі ў межах гандлёвай надбаўкі, каб атрымаць запаветны распродаж на заходні ўзор, кошт мусяць адначасова знізіць і вытворца, і прадавец. На пачатку гэтага года Мінгандаль ініцыяваў прыняцце закона аб сезонным продажы тавараў па зніжаных цэнах. Цяпер жа Наркевіч была вымушаная прызнацца, што справа не скранулася з месца, бо ў краіне няма адпаведнай сістэмы — вытворчасці, рэалізацыі і гэтак далей.

Паратунак у віртуале

Свет цяпер глабальны і амаль без межаў. Беларусь у гэтым таксама знаходзіць свае выгоды. Так, нават Міністэрства гандлю вымушанае канстатаваць, што ў краіне адбываецца імклівае развіццё інтэрнэт-гандлю. Толькі за апошнія 8 месяцаў інтэрнэт-крамаў у Беларусі стала на 735 больш. Усяго ў цяперашні час у рэестры маюцца звесткі аб 4 665 інтэрнэт-крамах. Пры гэтым у асноўным крамы рэгіструюцца ў сталіцы, а таксама на тэрыторыі Мінскай вобласці.

«Калі ў 2008–2009 гадах яны прадавалі, як правіла, кнігі, дыскі, бытавую тэхніку і аўтазапчасткі, то ў мінулым і гэтым гадах сюды дадаліся тавары для дзяцей (цацкі , харчаванне), спартыўныя тавары, мэбля, адзенне, абутак, сувеніры, будаўнічыя тавары», — падзялілася назіраннямі Ірына Наркевіч. Па дадзеных Белстата, у мінулым годзе тавараабарот інтэрнэт-крамаў па рэспубліцы склаў 800,5 мільярда рублёў. Гэта на 44,2% больш за ўзровень 2010 года. Але такія тэмпы росту чыноўнікаў не толькі радуюць, бо кантраляваць дзейнасць інтэрнэт-крамаў не так проста, як стацыянарных гандлёвых кропак, не ўсе яны зарэгістраваныя ў Гандлёвым рэестры.

Дарэчы, юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія займаюцца дзейнасцю па рэалізацыі тавараў, выкананню работ, аказанню паслуг на тэрыторыі рэспублікі, могуць выкарыстоўваць для гэтых мэтаў інфармацыйныя сеткі, сістэмы і рэсурсы, але толькі знаходзяцца ў нацыянальным сегменце сеткі інтэрнэт, размешчаныя на тэрыторыі Беларусі і зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку. Натуральна, законапаслухмянымі ёсць не ўсе гандляры.

Штогод павялічваецца колькасць актыўных карыстальнікаў інтэрнэту, і яны хутка знаходзяць выхады на актуальныя ды выгодныя замежныя гандлёвыя інтэрнэт-пляцоўкі. Аграмадныя пляцоўкі аўкцыёнаў Польшчы, Кітая, ЗША, праз якія працуюць у тым ліку і буйныя гандляры, дазваляюць набываць рэчы ў разы танней, чым у Беларусі. Нават з улікам кошту дастаўкі ды такой нязручнасці, як час на дастаўку.

“Паглядзіце на кошты ды якасць, параўнайце з беларускімі таварамі, і адразу знікнуць усе пытанні! — гаворыць знаёмая маладая маці. Яна актыўна карыстаецца паслугамі замежных інтэрнэт-крамаў і аўкцыёнаў і для свайго дзіцяці (а на дзяцей традыцыйна траціцца нямала грошай) ці не большую частку рэчаў замаўляе з-за мяжы. Дастаткова ўзяць у рукі калькулятар, паглядзець на дызайн, якасць рэчаў — і ацэнкі зручнасці ды выгоды сапраўды хутка расстаўляюцца не на карысць беларускіх вытворцаў-гандляроў.
 

Каментаваць