Што будзе з курсам? Прагноз цьмяны — ад 8950 да 14000

Панікёрства ў эканоміцы добра праілюстраваў постнавагодні выпадак. Калі хмель у галовах яшчэ не развеяўся, аднаго інфармацыйнага ўкіду стала дастаткова, каб беларусы сутаргава ўзяліся за розум.

 



У сацыяльнай сетцы Facebook з’явіўся фотаздымак SMS, нібыта адпраўленага з гарадскога тэлефоннага нумара кол-цэнтра Нацбанка. У ім сцвярджалася, што старшыня Нацбанка Надзея Ермакова падпісала дакумент, адрасаваны абласным упраўленням Нацбанка і «Беларусбанку», згодна з якім 8 студзеня курс долара ўстанаўліваецца на ўзроўні 14 340 рублёў, еўра — 18 116.

Прадчуваючы страшныя наступствы ад нявіннага фота, абвяргаць інфармацыю кінуліся Нацбанк і нават КДБ (!). Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі распаўсюдзіў паведамленне аб тым, што на інфармацыйныя рэсурсы нацыянальных мабільных аператараў МТС і Velcom зафіксавана хакерская атака ў выглядзе ананімных SMS-рассылак на тэлефоны абанентаў. У якасці першакрыніцы інфармацыі шляхам падмены адрасу рэальнага адпраўніка паказаны тэлефон, які належыць Нацыянальнаму банку Беларусі. Папярэдне было ўстаноўлена, што рассылкі ажыццяўляліся праз сервер, які знаходзіцца на тэрыторыі Індыі.

«Гэтая інфармацыя — адкрытае трызненне і правакацыя, — заявіў БелаПАН прэс-сакратар Нацыянальнага банка Аляксандр Цімашэнка. — Гэта было б смешна, калі б не было так па-дурному. Ніхто не адмяняў устаноўленых правілаў курсаўтварэння».

Назаўтра Нацбанк распаўсюдзіў паведамленне, у якім гаворыцца, што «абменны курс беларускага рубля ў 2013 годзе будзе фармавацца зыходзячы з попыту і прапановы замежнай валюты пры мінімальным удзеле Нацыянальнага банка Беларусі ў гэтым працэсе выключна ў мэтах недапушчэння рэзкіх ваганняў». Пры гэтым Нацбанк тлумачыць: пры павышаным попыце на замежную валюту курс зніжаецца, і, наадварот, пры залішняй прапанове замежнай валюты беларускі рубель умацоўваецца. «Такая зменлівасць курса адлюстроўвае толькі рынкавы механізм яго фарміравання, але не сведчыць аб наяўнасці прычын для ўстойлівага руху абменнага курсу ў той ці іншы бок», — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.

Там адзначаюць, што «стабільнасць функцыянавання валютнага рынку і абменнага курсу ў значнай ступені будзе залежаць ад збалансаванасці і эфектыўнасці працы ўсёй эканомікі».

 

На бягучы год Нацбанк прагназуе курс беларускага рубля ў першым квартале 2012 года на ўзроўні 8 000—8 500 за долар. «Раней агучаны прагноз Нацбанка аб сярэднегадавым курсе долара ў наступным годзе ў памеры 9 150 за долар — гэта песімістычны варыянт, — патлумачыла старшыня галоўнай фінансавай установы краіны Надзея Ермакова. — Сёння курс значна ніжэй. І мы ўжо па разліках бачым, што дзесьці ён на ўзроўні 8 000 — 8 500 тысяч рублёў будзе трымацца першы квартал адназначна. Потым усё будзе залежаць ад таго, як у нас будзе складацца знешнегандлёвае сальда».

Эканамісты ў сваіх прагнозах называюць большыя лічбы. Так, былы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што сёлета долар будзе каштаваць больш за 10 000 беларускіх рублёў, а закладзены ў бюджэт сярэднегадавы курс долара ЗША ў 8 950 рублёў вытрымаць улады не змогуць.

«Я лічу гэты курс заніжаным, яны яго не вытрымаюць, — заявіў БелаПАН Станіслаў Багданкевіч. — Дэвальвацыя будзе павольнай і паступовай».

Эксперты з Даследчага цэнтру Інстытута прыватызацыі і менеджменту ў сваім прагнозе на 2013-ы год адзначаюць, што калі Беларусь не зведае нейкіх дадатковых сур’ёзных шокаў і будзе ў стане забяспечыць адносна прымальныя ўзроўні інфляцыі і дэвальвацыі (то бок аптымістычны сцэнар), сярэднегадавая інфляцыя будзе на ўзроўні 22,04 %, а абменны курс на канец перыяду каля 9 800 рублёў за долар. «Аднак у выпадку негатыўных шокаў, даступных інструментаў у рамках бягучага рэжыму манетарнай палітыкі можа быць недастаткова для супрацьстаяння. Тады намінальныя паказчыкі (інфляцыя і дэвальвацыя) могуць істотна адхіліцца ад прагнозных значэнняў у рамках базавага сцэнару», — пішуць аналітыкі ў сваім прагнозе.

Непрыемныя вуху лічбы называе эканаміст Леанід Злотнікаў. Паводле яго ацэнак, каб падтрымліваць спрагназаваны ўзровень дабрабыту насельніцтва, спатрэбіцца мінімум 8 мільярдаў долараў (на фоне вялікіх выплат па знешніх пазыках, скарачэння валютных паступленняў ад экспарту). Грошы кіраўніцтва дзяржавы будзе шукаць усімі даступнымі шляхамі, а вось курс долара можа быць ад 9 500 да 14 000 беларускіх рублёў.

Незалежныя эксперты падкрэсліваюць уразлівасць беларускай эканомікі, чаго ўласна імкнуліся пазбегнуць 4 студзеня Нацбанк і КДБ, аператыўна каментуючы «качку» пра новыя курсы валют.

«Высокія і няўстойлівыя інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чакання з’яўляюцца асноўнай праблемай для манетарнай палітыкі ў 2013 годзе. У значнай ступені гэтая праблема з’яўляецца спадчынай валютнага крызісу 2011 года, але, у пэўнай меры, гэта таксама і следства адсутнасці відавочнага намінальнага «якара» ў манетарнай палітыцы. Эканамічныя агенты, не маючы дакладнага і з паказчыкам даверу «якара», з якім можна суадносіць свае чаканні, могуць у любы момант істотна змяніць свае паводзіны на грашовым і валютным рынках, тым самым генеруючы адпаведныя шокі», — адзначаюць аналітыкі Даследчага цэнтру Інстытута прыватызацыі і менеджменту.

Каментаваць