Што той калгас, што гэты...

Толькі сацыялізм дае планамерную магчымасць скіраваць электрычную сілу атамаў на карысць працоўных. Пры капіталізме яна служыць сродкам падвышэння эксплуатацыі рабочых і сялян.

Хай прабачыць чытач за такое няўклюднае цытаванне класіка марксізму-ленінізму, але яно цалкам справакавана стаўленнем экспертнай супольнасці Беларусі да праграмы мерапрыемстваў па рэалізацыі Дырэктывы № 4.

Толькі сацыялізм дае планамерную магчымасць скіраваць электрычную сілу атамаў на карысць працоўных. Пры капіталізме яна служыць сродкам падвышэння эксплуатацыі рабочых і сялян.

Хай прабачыць чытач за такое няўклюднае цытаванне класіка марксізму-ленінізму, але яно цалкам справакавана стаўленнем экспертнай супольнасці Беларусі да праграмы мерапрыемстваў па рэалізацыі Дырэктывы № 4.

Згодна гэтаму плану, агульны сход прадпрыемства, якое мае юрыдычны статус адкрытага акцыянернага таварыства, атрымлівае права на выкуп акцый уласнай эмісіі коштам чыстых прыбыткаў і перадачы іх менеджменту сваіх прадпрыемстваў.

З улікам таго, што прэм’ерам прызначаны Міхаіл Мясніковіч, які актыўна апекаваўся хадой прыватызацыі да 1994 года, працэс аднаўляецца. Прыватызацыя пры ім ішла даволі актыўна і была разнастайнай. Прыкладам, ствараліся так званыя народныя прадпрыемствы, калі акцыі на ільготных умовах купляліся працоўнымі калектывамі. Гэта ўсё рабілася з ініцыятывы і пад кантролем адміністрацый, таму такую прыватызацыю можна назваць народна-наменклатурнай.

Нельга быць свабодным суб’ектам гаспадарання ў краіне, дзе эканоміка мае асобныя рысы рынкавай, а на самай справе з’яўляецца, як і раней, камандна-адміністрацыйнай. Прыкладам, шляхам ільготнага выкупу акцый работнікамі быў рэфармаваны Мотавелазавод. Гэта значыць, што ён фармальна атрымаў свабоду самакіравання, платай за якую павінен быў стаць пераход на самаакупнасць і самафінансаванне. Кіраўніцтва завода павінна было самастойна вызначыцца ў пытаннях вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, атрымліваць прыбыткі, з якіх выплачваць дывідэнды ўласнікам і падаткі дзяржаве. Урад жа абяцаў не парушаць свабоду яго гаспадарчай і фінансавай дзейнасці.

Для таго, каб перайсці на самаакупнасць, заводу патрэбна было наладзіць выпуск прадукцыі, якая б мела попыт на рынку. Непазбежным наступствам такой перабудовы з’яўляецца скарачэнне валавых памераў вытворчасці і, адпаведна, рэалізацыі. Пасля сітуацыя магла б выправіцца, а магла б і не выправіцца. Бывае, што з рынкам і не ўгадаеш... А ўраду, інакш кажучы прэзідэнту, хацелася, каб памеры вытворчасці веласіпедаў і матацыклаў бесперапынна падвышаліся. Таму «Мотавела» змусілі гнаць «старую, але надзейную» прадукцыю, якая нейкі час мела добры попыт у Паўднёвай Азіі.

Хутка масавую вытвор­часць танных і адносна сучасных матацыклаў, веласіпедаў ды іншых малых транпартных сродкаў наладзілі Кітай з Індыяй, і паўднёва-азіяцкі рынак для «Мотавела» быў канчаткова згублены.

Сітуацыя ў выніку склалася банальная. З аднаго боку, завод, бы дзяўчына, якую пазбавілі цнатлівасці, а з другога — дзяржава, якая ад гэтых любошчаў акрамя сумнеўнай асалоды не атрымала нічога.

Цікава, што далейшае нагадвала сюжэт з сівой феадальнай даўніны. Як пан, што скарыстаўся правам першай ночы, так і «Мотавела» перадалі на суперільготных умовах аўстрыйскай ATEC Holding GmbH. За 99,7% акцый «аўстрыякі» заплацілі 7,2 мільёна долараў, 24 мільёны выдаткавалі на выплату запазычанасці прадпрыемства бюджэту і паабяцалі патраціць 20 мільёнаў долараў на інвестыцыі ў вытворчасць.

Калі, прыкладам, правесці ўтылізацыю завадскога абсталявання, то адных толькі каляровых металаў (медзь, бронза) можна было б узяць на большую суму. Гэта калі не ўлічваць кошт зямельнага ўчастка. А тым часам ATEC, са спасылкай на крызіс, заявіла пра цяжкасці з працягам інвеставання.

Такім чынам, дзяржава ці то не свядома фактычна збанкрутавала прадпрыемства і без аніякага здабытку для сябе перадала «гаспадарчыя парэшткі» ці то звыш меры наіўнаму, ці то хітраму капіталісту.

Нешта падобнае адбываецца зараз і з гадзіннікавым заводам «Прамень», але таму ўжо відавочны шляхі гарманізацыі інтарэсаў былых уладальнікаў і новых гаспадароў. Частка адміністрацыйных і вытворчых плошчаў здаецца ў арэнду, актыўна будуюцца новыя офісы.

І, мусіць, гэта некаму патрэбна, бо прыносіць прыбыткі. Але не надта вялікія, каб можна было казаць аб наплыве буйных інвестараў.

Таму зусім не зразумелая пазіцыя тых экспертаў, якія за Дырэктывай №4 бачаць інтарэсы беларускай наменклатуры, якая «сцішылася і сядзіць ў нізкім старце» (Сяргей Мусіенка) ды рыхтуецца да доўгачаканай «канвертацыі ўлады ва ўласнасць» (Леанід Заіка). Але ці ёсць у краіне дастатковая колькасць улады, каб яе можна было канвертаваць ва ўласнасць? Не ў сэнсе набыць «заводы, газеты, параходы», а ў сэнсе стаць паспяховым капіталістам. Прынамсі, Лукашэнку належыць абсалютная ўлада, ён жа з’яўляецца абсалютным уласнікам (па факту) і адначасова (па факту) абсалютным банкрутам.

З іншага боку, самай прыватызаванай у нас з’яўляецца сельская гаспадарка. За выключэннем спецыялізаваных насенна-племянных станцый, тут дзейнічаюць вытворчыя кааператывы, якія належаць самім кааператарам. Сярод сельскагаспадарчых арганізацый ёсць нават такія гібрыдныя формы, як «прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы». Але кіруюць імі ўсе выканкамы, пачынаючы з сельскіх, міністэрствы, розныя камітэты, калі ўжо не лічыць галоўнага «чырвонага пана» і яго адміністрацыю.

Магчыма, нехта запытаецца: чаму? А таму, што праз гэтыя структуры ажыццяўляецца фінансаванне і рэсурснае забеспячэнне ўсіх гэтых «кааператываў». Справа не ў найменнях, не ў «наменклатуры». Назаві прадпрыемства хоць капіталістычным, хоць алігархічным — калі ім кіруюць як калгасам, то яно калгас і ёсць.
 

Каментаваць