Што заахвоціць беларусаў весці бізнэс?

З аднаго боку, улады імкнуцца павысіць пазіцыі Беларусі ў рэйтынгу Doing Business, з другога — пужаюць вяртаннем залатой акцыі. Якія рашэнні маглі б даць бізнэсу гарантыі, што заўтра зноў не прыйдзе «камісар з наганам»?



У межах «Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі з Беларуссю» прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі Беларусі разам з экспертамі Еўразвязу шукаюць адказ у тым ліку і на пытанне: якія рэформы паспрыялі б развіццю прадпрымальніцтва ў Беларусі?

 

Бізнесмены ў Беларусі ўжо могуць дыхаць больш-менш вольна?

Паводле звестак Белстата, у малым бізнэсе сёння працуюць каля 800 тысяч жыхароў краіны. І гэта без уліку прадпрыемстваў сярэдняга і буйнога бізнэсу. Атрымліваецца, больш за мільён чалавек з 4,5 мільёнаў працаздольных.

У апошнія гады ў мовы для бізнэсу ў Беларусі, на думку Юрыя Зісера, палепшыліся. Згодна з дадзенымі Doing Business, краіна знаходзіцца на дзявятым месцы ў свеце па прастаце адкрыцця бізнэсу і на трэцім — па хуткасці рэгістрацыі маёмасці. Колькасць падаткаў штогод зніжаецца: было 124, засталося 10. Працаёмкасць бухгалтэрыі паменшылася за пяць год у тры разы.

Дзесяць адсоткаў росту прыватнага бізнэсу за некалькі год — гэта добра, лічыць Юры Зісер, стваральнік парталу TUT.BY.

Эксперт Ліберальнага клуба Антон Болтачка адзначае як пазітыўную змену ўвядзенне спрошчанай сістэмы падаткаабкладання са стаўкай 5%.

Гэта вельмі мала, нават у параўнанні з еўрапейскімі краінамі. За апошнія гады бізнэсмэны ў Беларусі могуць дыхаць больш-менш вольна, — лічыць эксперт.

У той жа час прыватны бізнэс фактычна не мае магчымасці канкураваць з дзяржпрадпрыемствамі, бо рынак размеркаваны на карысць апошніх з дапамогай рэгулявання і рознага кшталту ліцэнзій. У якасці прыкладу Юры Зісер узгадвае манаполію «Белтэлекама», які прапаноўвае інтэрнэт оптам прыватным правайдарам у тры-чатыры разы даражэй, чым канчатковым спажыўцам, і з дапамогай гэтага за сем гадоў павялічыў сваю долю на рынку з нуля да васьмідзесяці адсоткаў.

Тое ж тычыцца і большасці іншых галінаў эканомікі. Вось чаму, па назіраннях дырэктара Даследчага цэнтра Інстытута прадпрымальніцтва і менеджменту Аляксандра Чубрыка, у прыватным сектары поспеху дасягаюць толькі тыя прадпрымальнікі, якія не канкурыруюць з дзяржаўнымі прадпрыемствамі на ўнутраным рынку.

Па рэйтынгу Doing Business Беларусь сапраўды даволі моцна прасунулася наперад і нават стала адным з лідараў у рэгіёне, пагаджаецца Аляксандр Чубрык. Аднак гэта было дасягнута выключна адміністрацыйнымі метадамі.

І гэта сапраўды прыводзіць да паляпшэння ўмоў вядзення бізнэсу. Хаця калі паглядзець на долю прыватнага сектара ў эканоміцы краіны, бачна, што доля гэтая надта малая для настолькі высокага месца ў рэйтынгу. А значыць, існуюць і іншыя перашкоды для развіцця бізнэсу, — упэўнены эканаміст.

Многія бізнэсы бяднеюць

На думку старшыні прэзідыума Беларускай рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, старшыні ГА «Мінскі саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў» Уладзіміра Карагіна, апошнім часам, наадварот, пераважаюць адмоўныя тэндэнцыі. Асабліва датычна малога бізнесу. Эксперт нагадвае і пра павелічэнне арэнднай платы, і пра тое, што скарачэнне дзяржапарату закранула найперш тых спецыялістаў, якія курыравалі пытанні прадпрымальніцкай дзейнасці.

Зараз прадпрымальнікам няма да каго звяртацца са сваімі праблемамі. Ліквідаваны Рэспубліканскі працоўны арбітраж, які займаўся рашэннем канфліктных сітуацый у галіне працоўных адносін. Не вырашана пытанне з наёмнымі работнікамі для індывідуальных прадпрымальнікаў, адсутнічаюць механізмы антыманапольнага рэгулявання, — пералічвае лідар прадпрымальнікаў.

Рашэнні па шэрагу актуальных для прадпрымальнікаў пытанняў тармозяцца, канстатуюць прадстаўнікі бізнэс-супольнасці. Мытны саюз істотна павялічыў канкурэнцыя на рынках, і беларускі бізнэс сёння ў найгоршым становішчы ў параўнанні з прадпрымальнікамі з Расіі, не кажучы ўжо пра Казахстан.

У ліпені пачынае дзейнічаць тэхнічны рэгламент Мытнага саюза, які фактычна пазбаўляе беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў магчымасці гандляваць вялікай групай тавараў.

Прадпрымальнікаў не душаць, але і выжыць у сённяшніх умовах вельмі складна, таму многія бізнэсы бяднеюць, — адзначае Уладзмір Карагін.

Беларускі бізнес, бы апендыкс, які мае права на існаванне, аднак палітычная эліта не зацікаўленая ў тым, каб прыватны сектар выходзіў за межы адведзенай для яго тэрыторыі, робіць выснову Антон Болтачка. Вось чаму шмат бізнэсаў, асабліва буйных, сыходзіць з краіны.

I яшчэ — тут усе эксперты аднадушныя — кожныя паўгады-год улада праводзіць паказальную лупцоўку. Сярод апошніх прыкладаў — нацыяналізацыя кандытарскіх фабрык «Камунарка» і «Спартак». Такія дзеянні ўлады адразу перакрэсліваюць шмат пазітыўных крокаў, зробленых для стварэння лепшых умоў для прадпрымальніцкай дзейнасці.

Як палепшыць умовы вядзення бізнэсу ў Беларусі?

Менавіта прыватны сектар штурхае эканоміку, лічыць Аляксандр Чубрык. Прадпрымальнікі ствараюць значную частку валавога ўнутранага прадукту.

Аднак пры гэтым прыватны сектар адчувае сябе дачаснікам. Трэба выпраўляць гэтае становішча як мага хутчэй, — перакананы Уладзімір Карагін.

Дзяржава мала што робіць дзеля таго, каб фарміраваць станоўчы імідж бізнэсу, пагаджаецца Юры Зісер. На яго думку, добра было б на самым высокім узроўні абвесціць прадпрымальніцтва прыярытэтным накірункам развіцця.

Даволі часта развіццё прадпрымальніцтва ў Беларусі разглядаецца як комплекс адносін паміж уладай і бізнэсам. Між тым, цікава і іншае — як да прадпрымальніцтва ставіцца грамадства? Ці хочуць беларусы пачынаць сваю справу?

Паводле дадзеных даследавання спецыялістаў Цэнтра сістэмных бізнэс-тэхналогій «SATIO», значная частка беларускіх грамадзян, якія працуюць у дзяржсектары, маюць думкі наконт пачатку ўласнага бізнэсу.

Тое, што значная частка насельніцтва не выключае магчымасці пачаць уласную справу, дае надзею, што праслойка прадпрымальнікаў у грамадстве будзе пашырацца.

— Гэта важна для краіны, — упэўнены Юры Зісер. — Калi чалавек працуе ў прыватным сектары, ён пачынае клапаціцца пра сябе сам. Калі доля прыватнага бізнэсу ў краіне будзе складаць 40–50%, сітуацыя і светапогляд грамадзян Беларусі істотна зменяцца.

Па прагнозах эксперта, чакаць гэтага можна праз 10–15 год. І верагоднасць такога развіцця падзей даволі высокая. На думку Юрыя Зісера, тых, хто вагаецца, стрымлівае менавіта страх самастойна адказваць за свае рашэнні, а не ўмовы вядзення бізнэсу ў краіне.

Калі сітуацыя ў эканоміцы пагаршаецца, улада таксама звяртаецца да прадпрымальнікаў, як гэта было ў 2008–2009 гадах, нагадвае Антон Болтачка. Яна ўжо разумее, што толькі з удзелам прыватнага бізнэсу можна выцягнуць эканоміку краіны ў цяжкія моманты.

Сярод асобаў, што прымаюць рашэнні, ужо ёсць разуменне важнасці развіцця прыватнага сектару. Колькасць такіх людзей ва ўладзе толькі расце, — лічыць Юры Зісер.

Але пытанне стварэння пазітыўнага іміджу бізнэсу, у тым ліку і, падавалася б, банальная эканамічная асвета насельніцтва, застаецца. Тут аб’яднаць намаганні павінны і прадпрымальнікі, і дзяржава.

Дапамагчы ў гэтым працэсе маглi б i еўрапейскiя эксперты, у тым лiку ў межах ініцыятывы «Дыялог аб мадэрнiзацыi з Беларуссю».

Увогуле, разглядаючы ідэальную канструкцыю (калі дыялог успрымаецца абодвума бакамі), ініцыятыва паспрыяла б рэфармаванню беларускай планавай эканомікі ў больш-менш еўрапейскую рынкавую, гаворыць Антон Болтачка.

Для Беларусі вопыт Еўропы, як і любога іншага рэгіёну з рынкавай гісторыяй, неацэнны. Аднак пакуль мы бачым па сацапытаннях, што ў Беларусі мала хто ведае пра ініцыятыву «Дыялог аб мадэрнізацыі». І гэта перш-наперш звязана з адносінамі беларускіх уладаў да самой ініцыятывы, — адзначае эксперт.

Аднак, калі гаворыць пра рэальную сітуацыю, «Дыялог аб мадэрнізацыі» нічога не можа даць прадпрымальніцтву, пакуль у беларускай улады не з'явіцца на тое палітычная воля — такую выснову робіць эксперт.

«Завтра твоей страны»

Каментаваць