Скараціць непатрэбных

Ёсць такая беларуская показка пра стадыі беларускай беднасці: «Грошай няма, грошай няма зусім, ідзем здаваць валюту». Да ўлады яна тычыцца крыху па-іншаму: «грошай няма настолькі, што замахваемся на святое».



Фота www.gestionrrhhec.com


Спачатку ўлада замахнулася на спыненне будаўніцтва рознага кшталту «лядовых палацаў». Потым адмяніла «Дажынкі». Далей Аляксандр Рыгоравіч рэвалюцыйным чынам загадаў скараціць чыноўніцтва на 30 працэнтаў. З апошняга мала што атрымалася, і зараз ён замахнуўся на святое — на сілавікоў. «Мы не такія багатыя, каб утрымліваць лішнюю колькасць сілавых структур», — заявіў ён падчас нарады па пытаннях развіцця дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі.

«Трэба пазбавіцца ад лішніх, часам надуманых функцый, у тым ліку кантрольных, выключыць непатрэбнае дубляванне працы ведамстваў», — працягнуў Лукашэнка.

Сапраўды, у нас зашмат і «кантралёраў», і міліцыі. Па звестках ААН, у Беларусі прыходзіцца 1 422 міліцыянты на 100 тысяч насельніцтва. У свеце сярэдняя колькасць праваахоўнікаў на 100 тысяч чалавек складае прыкладна 300, аптымальнай для забеспячэння бяспекі гэтая сусветная структура лічыць колькасць у 222 ахоўніка парадку на 100 тысяч грамадзян. То бок, міліцыю можна смела скараціць у шэсць разоў.

Калі колькасць міліцыянтаў скараціць нават у чатыры разы, за зэканомленыя сродкі можна ўдвая падняць заробак тым, хто застанецца. А другая палова грошай ад «скарачэння» — чысты бюджэтны прыбытак.

Наконт кантралёраў. Сёння ў рэспубліцы працуе 58 (!) кантралюючых і наглядных арганізацый толькі рэспубліканскага (!) узроўню. А ёсць яшчэ і кантралёры мясцовыя. Чым яны займаюцца? Ці ёсць у нас увогуле падставы, каб столькі кантраляваць? Пра непатрэбнасць большай часткі «кантралёраў», «ліцэнзентаў», «сертыфікатчыкаў» і гэтак далей вам раскажа любы прадпрымальнік. Памятаеце, колькі было гвалту з-за сертыфікацыі прадукцыі лёгкай прамысловасці? Здаецца, ЕАЭС стварылі, Мытны Саюз, навошта нашым прадпрымальнікам асобныя, беларускія сертыфікаты, калі мы прызнаем сертыфікаты ЕАЭС і МС? Гэтыя органы таксама можна смела скарачаць.

Але самы смачны шматок для скарачэння — нашы «саюзніцкія абавязкі».

Як вядома ўжо ўсім, у наступным годзе нас чакае дэнамінацыя нацыянальных грошай. Нацбанк ужо паказаў новыя рублі і капейкі. Але некаторыя ўжо працуюць над іншымі разліковымі адзінкамі.

На тыдні старшыня камітэта Дзярждумы Расіі па справах СНД Леанід Слуцкі заявіў, што недзе ідзе праца над стварэннем адзінай разліковай адзінкі для краін ЕАЭС. Праца, па ягоных словах, ідзе «з цяжкасцю», але вядзецца. Ён выказаў меркаванне, што валюта зможа называцца «еўраз». І ён аптымістычна заўважыў, што «хутка ў нас будзе адзіная разліковая адзінка».

Сказаць, што адказныя асобы ЕАЭС гэтымі заявамі былі злёгку агаломшаныя, не выпадае. Яны ўвогуле былі ў шоку. Беларусы прапусцілі гэта міма вушэй, дзівячыся на новыя нацыянальныя грошы, а вось старшыня Цэнтрабанка Арменіі Артур Джавадзян адразу заявіў, што размовы аб пераходзе краін ЕАЭС на адзіную валюту заўчасныя. І праінфармаваў, што ён са сваімі калегамі па ЕАЭС абмеркавалі гэтае пытанне і прыйшлі да высновы, што працэс запуску «еўраза» запатрабуе 30–40 гадоў.

Прэс-сакратар прэзідэнта Казахстана Даур Абаеў увогуле сказаў, што пытанне стварэння адзінай валюты ў рамках ЕАЭС на парадку дня інтэграцыйнага аб’яднання не стаіць. І ўвогуле, яно «не абмяркоўваецца ні на адным з узроўняў інтэграцыйнага аб’яднання», адзначыў Абаеў.

Дык навошта ў тым ліку і нашы чыноўнікі ў ЕАЭС працуюць над праблемай заведама мёртвага пытання? Можна смела скасаваць іх пасады і пераключыць на нешта іншае. Тое ж тычыцца і іншых інтэграцыйных аб’яднанняў. Ну, хай сабе яшчэ застанецца так званая «Саюзная дзяржава» — пад яе пратэктаратам хаця б суперкампутар «Скіф» стварылі і «Белку» ў космас запусцілі. А вось, напрыклад, СНД што робіць? Простыя людзі пра яго ўзгадваюць два разы на год, у гадавіну путчу ГКЧП і падпісання Белавежскіх пагадненняў. І толькі чыноўнікі, якія там працуюць, — два разы на месяц, у дні авансу і заробку. Што яны там робяць, акрамя атрымання грошай, — загадка. А на адной толькі арэндзе будынка ў цэнтры Мінска, дзе месціцца офіс гэтай ужо амаль міфічнай арганізацыі, можна зарабіць даволі няблага.

Карацей, калі паскрэці па засеках, можна наскарачаць настолькі, што мы адразу ж расплоцімся за палову знешняга доўгу.

Праўда, наколькі шчырым ёсць жаданне Аляксандра Рыгоравіча скараціць розных кантралёраў, міліцыянтаў, дый проста сапраўдных дармаедаў (а не тых, што пазначаныя ў адпаведным дэкрэце), — вялікае пытанне. Адначасова з прапановай скараціцца правадыр папярэдзіў: «У той жа час і спрашчэнствам займацца нельга. У адваротным выпадку можна даскарачацца да таго, што ў нас сістэма будзе, але яна апынецца непрацаздольнай».

Яшчэ больш насцярожвае чарговы загад кіраўніка дзяржавы пра тое, што «праверкі ажыццяўляць трэба выключна тады, калі на руках аб’ектыўны аператыўны матэрыял. На гэта я буду звяртаць асаблівую ўвагу. І крый Божа, калі вы зоймецеся нейкім прадпрыемствам і пойдзеце адтуль з пустымі рукамі».

Гэты загад мы чулі ўжо некалькі разоў. Яшчэ ў жніўні 2009 года Лукашэнка загадваў спыніць неабгрунтаваныя праверкі прадпрыемстваў і прыватнікаў. Калі ён аддае аналагічны загад зараз — значыць, нічога не змянілася. І гэта трывожыць: ці не будзе праігнараваная ўся гэтая нарада? Ці не «на публіку» яна?

Усё ж такі сілавыя структуры для кіраўніка Беларусі — гэта святое. Ужо шмат разоў іх збіраліся рэфармаваць. Аднак гэтыя спробы нічым канкрэтна не скончыліся.

Каментаваць