Складскія запасы на продаж

Ва ўмовах крызісу канцэрн «Беллегпрам» гатовы зніжаць кошты і чакае супрацоўніцтва з прыватным бізнесам ды інвестараў. Складскія запасы гатовай прадукцыі пры гэтым пакрысе, але зніжаюцца. Пра гэта распавялі журналістам начальнік упраўлення каардынацыі развіцця скурана-абутковай галіны Ларыса Харытон і начальнік аддзела ўпраўлення якасці, маркетынгу і таварапрасоўвання канцэрна «Беллегпрам» Людміла Пархамовіч.

Ва ўмовах крызісу канцэрн «Беллегпрам» гатовы зніжаць кошты і чакае супрацоўніцтва з прыватным бізнесам ды інвестараў. Складскія запасы гатовай прадукцыі пры гэтым пакрысе, але зніжаюцца. Пра гэта распавялі журналістам начальнік упраўлення каардынацыі развіцця скурана-абутковай галіны Ларыса Харытон і начальнік аддзела ўпраўлення якасці, маркетынгу і таварапрасоўвання канцэрна «Беллегпрам» Людміла Пархамовіч.

«Такая праблема — наяўнасць звышнарматыўнай колькасці складскіх запасаў — існуе. Але зараз назіраецца тэндэнцыя да іх зніжэння», — падкрэсліла Пархамовіч. Яна патлумачыла, што за ліпень запасы гатовай прадукцыі прадпрыемстваў канцэрна знізіліся на 4 мільярда рублёў (ці на 2 працэнты). «На першы погляд, лічба падаецца нязначнай, але для нас гэта вельмі важна — ліпень складаны месяц для лёгкай прамысловасці», — адзначыла начальніца аддзелу, нагадаўшы пра сезоннасць.

Ужо вядома, што па стане на 18 жніўня складскія запасы знізіліся яшчэ на 9 мільярдаў рублёў, ці на 1,8 працэнта. Агульная колькасць запасаў пры гэтым складала 490 мільярдаў рублёў.

Найбольшых поспехаў у жніўні дасягнула «Мілавіца», ёй удалося распрадаць прадукцыі на 3 мільярды рублёў, а «Элеме» — на 1,5 мільярда. Пархамовіч не лічыць беларускую лёгкую прамысловасць самай затаваранай. Акрамя таго, па яе меркаванню, наяўнасць усяго мадэльнага шэрагу на складзе дазваляе прадставіць яго ў поўнай меры пакупнікам.

Крызіс прымушае канцэрн быць больш гнуткім. Так, па словах Людмілы Пархамовіч, «Беллегпрам» актыўна супрацоўнічае з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. «Мы працуем з ІП. Гэта вельмі вялікі пласт, які мог бы супрацоўнічаць з нашымі прадпрыемствамі», — адзначыла яна. Прадстаўнік канцэрну расказала пра сустрэчу з ІП, дзе абмяркоўваліся ўмовы ўзаемадзеяння.

У той час, як, па словах журналістаў, ІП не вельмі задаволеныя супрацоўніцтвам з прадпрыемствамі канцэрну, беларускія ўлады рыхтуюць нарматыўна-прававы акт для актывізацыі рэалізацыі тавараў «Беллегпрама» індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Па словах Людмілы Пархамовіч, напрыклад, разглядаецца магчымасць замест перадаплаты ўвядзення страхавання прадпрымальніцкіх рызыкаў пры супрацоўніцтве з малым бізнесам. Акрамя таго, можа быць спрошчаная працэдура водпуску ім тавару і забяспечана суправаджэнне. Пакуль жа практыкуецца індывідуальны падыход. «Думаю, умовы аплаты ІП за прадукцыю будуць вызначаныя ў індывідуальным парадку, і не абавязкова гэта будзе перадаплата», — распавяла Пархамовіч. У прыватнасці, сёння, па яе словах, кожная чацвёртая пара абутку з фабрыкі «Луч» прадаецца прадпрымальнікамі. Актыўна супрацоўнічае з ІП і Брэсцкі панчошны камбінат.

Чакае канцэрн і замежных інвестараў. Пакуль што дасягненні ў гэтым накірунку невялікія: расійскі прадпрымальнік выкупіў запазычанасці Баранавіцкай абутковай фабрыкі і пазбавіўся ад складскіх запасаў радыкальна — распрадаў абутак за 7–10 тысяч беларускіх рублёў. Сярод прадпрыемстваў, якім інвестыцыі патрэбныя больш за ўсіх, начальнік упраўлення каардынацыі развіцця скурана-абутковай галіны Ларыса Харытон назвала Лідскую абутковую фабрыку.

Супрацоўнікі канцэрну былі аптымістычныя наконт перспектыў працы. Па меркаванню Пархамовіч, ёсць надзея, што да канца года ўдасца выйсці на даведзены нарматыў.

Каментаваць