Складзены топ-10 схаваных лідараў эканомікі Беларусі

У топ–10 так званых утоеных лідараў эканомікі Беларусі ўвайшлі такія кампаніі, як "Алютэх", "Беллесвыраб", "Алкопак", "Рэгул", "Уніфлекс", "Леан груп", "СТіМ", VDS, Yukon Advanced Optics Worldwide, "Косвік". Спіс першай дзясяткі гэтых прадпрыемстваў, якія па сутнасці з'яўляюцца гігантамі і транснацыянальнымі кампаніямі, застаючыся ў асноўным малавядомымі для шырокага кола беларусаў, склалі "Ежедневник" і дзелавы часопіс "Бізнэс-рэвю".



У топ–10 так званых утоеных лідараў эканомікі Беларусі ўвайшлі такія кампаніі, як "Алютэх", "Беллесвыраб", "Алкопак", "Рэгул", "Уніфлекс", "Леан груп", "СТіМ", VDS, Yukon Advanced Optics Worldwide, "Косвік". Спіс першай дзясяткі гэтых прадпрыемстваў, якія па сутнасці з'яўляюцца гігантамі і транснацыянальнымі кампаніямі, застаючыся ў асноўным малавядомымі для шырокага кола беларусаў, склалі "Ежедневник" і дзелавы часопіс "Бізнэс-рэвю".

Гэтыя прадпрыемствы адрозніваюцца ад вядомых брэндаў і кампаній тым, што працуюць у вузкіх сегментах. У Беларусі за 20 апошніх гадоў з'явілася некалькі дзясяткаў такіх суперканкурэнтаздольных кампаній.


Кампанія "Алютэх" — гэта адзін з найбуйнейшых у СНД і Усходняй Еўропе вытворца ралетных сістэм, алюмініевых профіляў і секцыйных варот. Заснаваў кампанію былы інжынер па самалётах і рухавіках Аляксей Жукаў.


Кампанія "Беллесвыраб" вырабляе шпаніраваныя міжпакаёвыя дзверы, і ў 2010 годзе адкрыла свой склад і шоў-рум ў Нью-Ёрку, адкуль пастаўляе прадукцыю ў некалькі штатаў Амерыкі і Канады. На рынках СНД і Еўропы "Беллесвыраб" таксама з'яўляецца найбуйнейшым вытворцам у сярэднекоштавым сегменце. У пачатку 2012 года прадукцыя прадпрыемства прадавалася ў 21 краіне.


Гомельскі "Алкопак" вырабляе розныя закупорачныя прылады і ўпаковачныя матэрыялы, гэта суперэфектыўны бізнэс на ўсходнееўрапейскім рынку. У мінулым годзе ў Гомелі адкрыта новае падраздзяленне "Алкопака" — завод па вытворчасці прамысловай упаковачнай плёнкі.


"Рэгула" можна назваць высокаінтэлектуальнай спадчынай былога СССР. Кампанію стварылі інжынеры беларускага політэхнічнага інстытута, і яна стала адной з трох вядучых сусветных вытворцаў прыбораў і праграм для верыфікацыі дакументаў, грашовых знакаў і каштоўных папер. У абмежаваны круг яе кліентаў уваходзяць міністэрства ўнутраных і замежных спраў, паліцыя, памежныя і мытныя службы, банкі, страхавыя кампаніі і іншыя арганізацыі многіх краін свету.


"Уніфлекс" створаны былым кампутарнікам Валянцінам Буйкевіч і з'яўляецца адным з найбуйнейшых у СНД вытворцаў самаклейных этыкетак і пастаўшчыком паслуг па друку на гнуткіх рулонных матэрыялах. Кампанія нядаўна пабудавала новую вытворчую пляцоўку пад Мінскам.


"Леан груп" выпускае тубы для парфумерна-касметычнай, харчовай, медыцынскай прамысловасці. Гэта найбуйнейшы ў СНД вытворца гэтай прадукцыі, стварэнне Уладзіміра Санкоўскі і Сяргея Карповіча ў партнёрстве з сусветным вытворцам упакоўкі — ізраільскай кампаніяй "Лагін Тубапласт". Яны стварылі сумеснае прадпрыемства, якое з 2008 года функцыянуе ў СЭЗ "Мінск".


"СтіМ" вырабляе матэрыялы для дарожнай разметкі і абсталявання. Уладальнік гэтай берасцейскай кампаніі Дзмітры Чарненка інвеставаў частку даходаў ад бізнэсу ў будаўніцтва катэджнага пасёлка пад Берасцем — "Стымава". "СТіМ" лідзіруе ў гэтым сегменце ў СНД. Рознае абсталяванне кампаніі працуе ў краінах Балтыі, у Польшчы, партыя машын для разметкі дарог была пастаўлена і ў ЗША.


VDS размяшчаецца ў Мінску, мае дыстрыб'ютарскія офісы ў Смаленску і Познані, вядомы сярод усіх уладальнікаў аўтазаправак у СНД і Усходняй Еўропе. Кампанія больш за 15 гадоў спецыялізуецца на распрацоўцы і вытворчасці рэкламнага абсталявання для АЗС, яе спецыялісты стваралі фірмовы стыль і выраблялі абсталяванне для заправак "Лукойла", "Татнафты", "Газпрома", ТНК-BP, "Сургутнафтагаза", "Раснафты", для казахстанскай кампаніі "КазМунайГаз" і ўкраінскага трэйдара WOG.


Yukon Advanced Optics Worldwide — беларуска-амерыканскі бізнэс з цэнтральным офісам у Вільні, які кантралюе 60% сусветнага рынку прыбораў начнога бачання. Кампанія выпускае таксама біноклі, глядзельныя трубы, начныя прыцэлы, лазерныя далямеры, цеплавізійныя прыборы.


"Косвік" заваяваў рынкі ЗША, Канады і Еўропы. Гэта адзін з трох вытворцаў калекцыйнага паркету з масіву ў Беларусі і ў ліку лідараў у гэтай нішы на рынку.

Паводле telegraf.by
 

Каментаваць