Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Справа майстра баіцца

Кажуць, што тым, хто любіць кілбасу і палітыку, не варта ведаць, як робіцца і першае, і другое. Гэта ж тычыцца і жаночай прыгажосці. 

Мужчыны любяць глядзець на прыгожых жанчын, аднак ім лепей не ведаць, чаго гэта прыгажосць каштуе. Каб не страціць апетыт і сон, калі пачуюць, напрыклад, пра «экранаванне валасоў». Ці каб не з’ехаў дах ад коштаў.

Складаючы гэта агляд, я зразумеў, што ў сферы прыгажосці далёка не ўсё залежыць ад «крутасці» салона або наяўнасці сродкаў у кліента. Справа ў тым, што цана — гэта далёка не адзінае, на што глядзяць кліенткі. Важна ўсё — чысціня ў салоне, ветлівасць персаналу, увага адміністратара... З такіх дробязяў і складаецца імідж установы.


На што звярнуць увагу

У Мінску, паводле звестак рэсурсу relax.by, існуе 331 салон прыгажосці. Гэта прыкладна адна штука на шэсць тысяч жыхароў. Не дзіва, што мы ўжо не прыходзім у цырульню проста так, а запісваемся «на час», як да лекара.

Прычым, з абывацельскага пункту погляду, цырульня — гэта такі прыбытковы бізнэс: ёсць рукі, ёсць грабянец і нажніцы, стрыжы сабе і зарабляй. На самай справе, усё не так. Асноўная частка выдаткаў цырульняў — гэта якраз «расходныя матэрыялы»: шампуні, фарбы, лакі і іншае. У залежнасці ад іх якасці і вытворцы гэтых матэрыялаў у вялікай ступені залежыць як кошт паслуг, так і наяўнасць кліентуры.

Гэта трэба ўлічваць асабліва, бо бывалі ўжо прэцэдэнты. Адзін з салонаў прыгажосці абвясціў «акцыю» са стрыжкай па 4.99 BYN. Праўда, у гэты кошт «забыліся» ўключыць адэкалон, гелі для ўкладкі валасоў, фены і шампуні. Кліенты, якія «купіліся на замануху», былі вельмі расчараваныя, калі замест абяцаных 4.99 цана вырастала да 10 рублёў, пра што і пісалі абуральныя водгукі ў інтэрнэце.

Зрэшты, нягледзячы на суадносіны «адзін да шасці тысяч», падчас крызісу салоны прыгажосці ідуць на самыя радыкальныя меры, абы толькі прывабіць і ўтрымаць кліента. Мноства нараканняў у жанчын выклікае афарбоўка валасоў. Ледзь-ледзь не патрапіў — і адценне ўжо не тое, што трэба. З мужчынамі, як правіла, прасцей, яны — як стары тэлевізар: для большасці з іх існуе толькі 16 колераў, і «персік — гэта садавіна, а не колер».

У змаганні за кліента, напрыклад, мінская студыя прыгажосці «Гармонія» прапануе афарбоўку валасоў фарбай кліента (ад 26,50 рублёў, такая ж паслуга, але без «кліенцкай фарбы» каштуе ад 36,80 рублёў). З аднаго боку, збіваецца кошт, з іншага — калі кліент прынёс не тую фарбу — вінаваты сам.

На які толькі крэатыў не ідуць салоны прыгажосці ў пагоні за кліентамі! Вы жадаеце проста пастрыгчыся ў цырульні «Pastelle Salons»? Выдатна, жаночая стрыжка — 20 рублёў кароткія валасы, 25 — валасы доўгія. Стрыжка топ-стылістам — на 7–10 рублёў даражэй. А хочаце — вакол вас будзе скакаць цэлы дырэктар? Яго паслугі ў тры разы даражэйшыя за звычайную стрыжку — стрыжка жаночая арт-дырэктарам (кароткія валасы) абыдзецца ў 60 рублёў.


Хто тут VIP?

Прыгажосць, як вядома, патрабуе ахвяраў. Асабліва фінансавых. «Элітныя» і «VIP» салоны прыгажосці, нягледзячы на крызіс, трымаюць цэннік «на ўзроўні». Жаночая стрыжка ў сярэднім вагаецца ў раёне 55–60 рублёў (сярэдняя даўжыня валасоў).

А вось калі гэта прычоска (на мужчынскі погляд, паміж стрыжкай і прычоскай розніцы наогул ніякай), то цана вагаецца ад 75 да 85 рублёў. Не бярэм у разлік, вядома, прычоскі вясельныя — яны па цэнніку наогул зашкальваюць ад 100 да 120 рублёў. Вядомы салон «Iteira Sensation», які пазіцыянуе сябе ў класе «эліт», нароўні са святочнымі прычоскамі прапануе нават «урачыстую ўкладку валасоў» (ад 156,90 рублёў).

З афарбоўкай валасоў усё зусім складана. Мы ўжо казалі: шмат што залежыць ад фарбы. У «элітны» салон, вядома, са сваёй фарбай не прыйдзеш. Таму і цэннік там адпаведны, і залежыць ад даўжыні валасоў і выкарыстаных прэпаратаў. У салоне прыгажосці «VIP ROOM» (назва кажа сама за сябе) за гэта давядзецца выкласці ад 99 рублёў (L'oreal Majirel, кароткія валасы) да 215 (L'oreal Inoa, вельмі доўгія). Дый гэта яшчэ не мяжа. У элітным салоне «ЭтуальSpa» афарбоўка вельмі доўгіх валасоў безаміячным фарбавальнікам абыдзецца ў 250 рублёў. Некаторыя такога месячнага заробку не атрымліваюць!

Яшчэ жанчыны любяць фарбаваць пазногці. Класічны (абразны) манікюр у «эліт»-салонах пачынаецца ад 27 рублёў і да 46,50 рублёў (класічны манікюр комплексны ў «Iteira Sensation»). Еўрапейскі манікюр — ад 27 да 35 рублёў, апаратны — ад 32 да 50 рублёў.

Паклапаціцца пра пазногці на нагах каштуе амаль столькі ж, як пра валасы на галаве: апаратны педыкюр — ад 50 да 66 рублёў, з пакрыццём лакам — ад 61 да 80 рублёў.

Танней за ўсё абыдзецца зрабіць бровы. Карэкцыя броваў каштуе ад 16 рублёў (простая) да 20 (складаная).


Не VIP

У звычайных салонах прыгажосці ўсё гэта будзе каштаваць значна танней. Аглядаючы да­дзеныя паслугі, са здзіўленнем заўважаеш, што нават тыя ўстановы, якія пазіцыянуюць сябе як звычайныя «цырульні», прадастаўляюць дастаткова шырокі спектр паслуг, што ўключае ў сябе не толькі стрыжкі і ўкладкі, але і манікюр-педыкюр.

Напрыклад, цырульня «Бездакорнасць». Здавалася б, чаго можна чакаць ад установы з назвай з савецкага мінулага? Але там робяць не толькі стрыжкі і манікюр, але нават і СПА-працэдуры.

Ва ўстановах без прэфікса «эліт» жаночую мадэльную стрыжку можна зрабіць ад 12 да 28 рублёў (28 — стрыжка гарачымі нажніцамі ў студыі прыгажосці «Гармонія»). Урачыстыя прычоскі пачынаюцца ад 26 рублёў і дасягаюць 90 рублёў (вячэрняя прычоска арт-дырэктарам у «Pastelle Salons», доўгія валасы).

Як правіла, салоны прыгажосці сярэдняй коштавай катэгорыі цэны на афарбоўку валасоў паказваюць без уліку фарбы альбо з «фарбай кліента».

Афарбоўка валасоў матэрыялам кліента каштуе ад 15 рублёў, альбо, як піша салон прыгажосці бізнэс-класа INCANTO, «афарбоўванне валасоў (сярэднія) — 42,00 рублі без уліку фарбавальніка, марка фарбавальніка на выбар кліента (афарбоўванне + мыццё + сушка з прэпаратамі)». У сярэднім афарбоўка валасоў «не сваёй» фарбай абыходзіцца ўдвая даражэй і каштуе ў межах 30–40 рублёў. Прычым, у некаторых «сярэдніх» салонах вам прапануюць тое, што не прапануюць у «элітах». Напрыклад, 3D афарбоўку — ад 53,10 рублёў, альбо «крэатыўнае афарбоўванне валасоў» — ад 64 рублёў.

А яшчэ валасы, аказваецца, можна не толькі экранаваць, але і ламінаваць.

Тая ж самая гісторыя з манікюрам. Дзе ў салонах класа «эліт» цана пачынаецца, там у звычайных салонах яна заканчваецца. Класічны манікюр можна зрабіць па кошце ад 8 да 26 рублёў (класічны абразны манікюр з пакрыццём лакам). Еўрапейскі манікюр — ад 13 да 18 рублёў. Апаратны манікюр — ад 11 да 18 рублёў.

Класічны педыкюр у сярэднім каштуе ад 20 да 28 рублёў. Апаратны педыкюр — ад 25 да 37 рублёў. Апаратны педыкюр з пакрыццём лакам + масаж стоп абыдзецца ад 35 да 57 рублёў (з доўгачасовым пакрыццём «фрэнч»).

Мадэляванне і карэкцыя броваў, афарбоўка броваў і веек у сярэднім каштуюць па 5 рублёў.


Рэгіёны

Што тычыцца «прыгожага бізнэсу» ў беларускіх рэгіёнах, то там ён, можна сказаць, больш сціплы за сталічны і менш прэтэнцыёзны. У прыватнасці, альбо няма, альбо вельмі мала салонаў, якія пазіцыянуюць сябе як «элітны» або «VIP».

Затое спектр паслуг, што яны аказваюць, нічым не адрозніваецца ад сталічных, у некаторых выпадках — пераўзыходзіць іх, і цэннік — у «сярэдняй» цэнавай катэгорыі. Што здзіўляе — па краіне разбежка мінімальная, як быццам паслугі ў гэтай сферы рэгулююцца дзяржавай.

Жаночая мадэльная стрыжка з укладкай у Гомелі каштуе 15,10BYN. У Гродне і Брэсце — 15 рублёў, у Магілёве — 15.50 (стрыжка з мыццём галавы і ўкладкай па форме). Афарбоўка сярэдніх валасоў — ад 20 рублёў без кошту фарбы (Гродна) да 75,00 рублёў (Брэст, з выкарыстаннем прафесійных фарбавальнікаў Revlon, EMME, Estel, Salerm і аднаразовых матэрыялаў).

Дзіўна салідарная цана на бровы — ва ўсіх рэгіёнах мадэляванне і афарбоўка броваў, як правіла, знаходзіцца ў коштавым дыяпазоне 4–5 рублёў.

У Брэсце гігіенічны манікюр можна зрабіць за 13 рублёў, апаратны — за 18. У Магілёве класічны манікюр каштуе 7 рублёў, а апаратны — 9. У Гродне класічны манікюр пацягне на 11 рублёў, еўрапейскі — на 13,50 рублёў У Гомелі манікюр абыдзецца ад 7 да 9 рублёў.

Педыкюр у Брэсце пачынаецца ад 18 рублёў, у Магілёве — 19, у Гродне — 22, а ў Гомелі — ад 15 рублёў. Як бачым, кошты на асноўныя паслугі салонаў прыгажосці ў Беларусі «ўстаканіліся» і не моцна адрозніваюцца ў залежнасці ад рэгіёна.

Дык VIP ці не VIP?

Як ужо адзначалася вышэй, VIP-салон або не — прынцыповага значэння, насамрэч, не мае. Бо залежыць усё, на самай справе, не ад «крутасці» салона, і нават не ад кампанентаў і расходнікаў, што выкарыстоўваюцца, лакаў і фарбаў (хоць яны і маюць вялікае значэнне). Усё залежыць ад майстра, які робіць працэдуру, і нават ад таго, наколькі гэты майстра ў гуморы ў дадзены момант часу.

Чытаючы водгукі пра салоны прыгажосці, рэгулярна сутыкаешся з праявамі падзякі (ці не падзякі) асобным майстрам. Бывае і так, што адзін і той жа майстар аднаму кліенту спадабаўся (ветлівы, камунікатыўны, прафесіянал), а другому кліенту, быццам бы хаміў, зневажаў, нешта не так зрабіў, памыліўся.

Таму шукаць салон па цэнавай катэгорыі — справа марная. Шукаць трэба майстра, і не важна, дзе ён працуе, — у VIP-салоне альбо ў цырульні другой катэгорыі. Майстра, які б зразумеў, што вам трэба, што вам спадабаецца і што вам пасуе. Можна і пасля наведвання звычайнай «бюджэтнай» цырульні выглядаць як каралева, а з VIP-салона сысці расчараванай. Усё залежыць ад таго, ці знойдзеце вы «свайго» майстра.

Калі знайшлі — вам моцна пашанцавала. Некаторыя ў такіх пошуках праводзяць, напэўна, не адзін дзясятак гадоў.


Каментаваць