Справа аб забойстве легпрама

Як паведаміў Белстат, таваразварот сталічнага рознічнага гандлю ў студзені-лютым павялічыўся на 5,8% адносна аб’ёма студзеня-лютага 2014 года. Насельніцтва купіла прадуктаў харчавання больш на 4,4%, прамысловага шырспажыву – 6,8%.



Калі так, то можна пагадзіцца з высновамі кіраўнікоў дзяржстатыстыкі, якія сцвярджаюць, што крызісу ў Беларусі няма, а ёсць нейкія дробныя і часовыя цяжкасці. Адзначым, што такое адметнае паскарэнне таваразвароту адбывалася не толькі на фоне навагодніх святаў, калядных бонусаў работнікаў, але і пад уплывам дэвальвацыі рубля і прадпрымальніцкіх страйкаў. Так і атрымалася, што сярэдні гараджанін купіў тавараў на 8,1 млн. рублёў супраць леташніх 6,8 мільёна.

У структуры рознічнага таваразвароту 80,1% продажаў склалі арганізацыі гандлю, 19,9% — рынкі ды гандлёвыя цэнтры. Гэта значыць, з аднаго боку, буйныя крамы, з другога боку, дробныя крамкі і іншыя шматлікія індывідуальныя прадпрымальнікі.

І калі ўжо высвятляць, хто забіў беларускую прамысловасць, вінаваціць у гэтым дробных гандляроў, як гэта робіць Лукашэнка, няма ніякіх падстаў. Бо буйныя крамы маюць не толькі большыя таварныя запасы, але і нашмат больш разнастайны асартымент. Да іх паслуг аптовыя базы, уласныя складскія памяшканні, акрамя гандлёвых плошчаў ды іншых даброт, якіх не маюць дробныя гандляры.

Таму на рынках няма нічога з эксклюзіву, нічога “ад куцюр”. Не трэба там шукаць таго, чаго быць не можа. А ўсё астатняе трэба шукаць у крамах. У цумах, гумах, раённых універмагах, дзе магчыма захоўваць і прадаваць увесь асартымент беларускай лёгкай прамысловасці. Уключна з тымі запасамі, якія гніюць на фабрычных складах ды базах.

Абы куплялі...

На жаль, у Беларусі спажыўцы часта заходзяць у крамы не купіць, ці нават не аблюбаваць пакупку, а быццам у музей. Бо на самой справе, як бы хутка не падвышаўся таваразварот, насельніцтва застаецца бедным. Аб гэтым жа сведчыць і статыстыка. Атрымліваецца, што адзін сярэдні мінчанін выдаткоўвае на пакупку прадуктаў харчавання 116 долараў і 154 долараў на прамысловы шырспажыў ў месяц. Няшмат, таму беларус у краме адчувае сябе бедняком, параўноўваючы свае заробкі і выдаткі з хатнім бюджэтам паляка ці літоўца. Гандляры таксама добра ведаюць сваіх пакупнікоў. Адпаведна вызначаюць асартымент, плануюць продажы ў звязцы з выдаткамі.

У дробны гандаль трапляе толькі 1/5 частка спажывецкіх выдаткаў пакупнікоў. Прыблізна 54 долары ў месяц на аднаго сярэдняга пакупніка. З іх ён каля 30% (16 долараў) траціць на пакупку прадуктаў харчавання, астатнія 38 долараў — на нехарчовыя тавары. У тым ліку 43% (16 долараў) ён выдаткоўвае на ўвесь легпрамаўскі асартымент — адзенне, бялізну, трыкатажныя вырабы, панчохі са шкарпэткамі.

Статыстыка ўсе ведае, а зараз таксама і мы дакладна ведаем, што сярэдні пакупнік на мінскім рынку выдаткоўвае штомесячна на панчохі ды шкарпэткі 0,5% ад выдаткаў на прамысловыя тавары, або 8 цэнтаў.

Такая сума нават не успрымаецца пачуццямі, бо яна ёсць цалкам велічыня віртуальная. Рэальная толькі статыстычна. Тым не менш, уцягнутая ў гандлёва-грошавы таваразварот, яна быццам бы распухае, робіцца падобнай гаманцу бізнесмена.

Атрымліваецца, што гэтыя 8 “панчошныя” цэнты загубілі беллегпрам. Як тая саломінка, што зламала хрыбет вярблюду.

Смех і грэх. Лукашэнка зараз, як заўсёды, згуляў з прадпрымальнікамі ў сур’ёзную гульню, якая, што відавочна, скончыцца чарговым і значным падвышэннем коштаў на рынках. І таваразварот не падвысіцца. Наадварот, ён паменшыцца у першую чаргу не ў дробнай розніцы, а ў буйных крамах, змушаных павялічыць беларускі асартымент.

Салідарнымі намаганнямі пакупнікі і камерсанты зноў абваляць арганізованы гандаль, а разам з ім канчаткова лясне і легпрам.

Каментаваць