Стаўка на перадавыя тэхналогіі 1960-х

Як вядома, указам зверху ў нас ствараецца нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя. Сама па сабе задума выдатная, але, мяркуючы па агучаных планах, яе рэалізацыя выльецца ў тое, што грошы будуць выдаткаваныя на тэхналогіі 1960-х.


Што нам прапаноўваюць


Па паведамленні прэс-службы кіраўніка дзяржавы, ва Указе №300 «Аб арганізацыі высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыклу» гаворка ідзе аб рэалізацыі экспартна арыентаванага і імпартазамяшчальнага інвестыцыйнага праекту з будаўніцтвам заводаў па вытворчасці лізіну, трэаніну і трыптафану, камбікармоў, перапрацоўцы насення алейных культур у Пухавіцкім раёне, а таксама выкананне падпраекту «Земляробства», які прадугледжвае развіццё вытворчасці збожжавых, зернебабовых ды алейных культур.

У адпаведнасці з указам, ствараецца ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя» («БНБК»), якая будзе заказчыкам па праектаванні, будаўніцтву і камплектацыі аб’ектаў аграпрамысловай вытворчасці.

«У выніку будуць створаныя новыя вытворчасці, імпартазамяшчальная прадукцыя (лізін, трэанін і трыптафан), а таксама больш 1 тысячу новых працоўных месцаў, што забяспечыць развіццё Рудзенска (горад-спадарожнік Мінска)», — рапартуе прэс-служба.

Рэалізацыя праекту разлічаная на 2016–2032 гады. Апроч заводаў па вытворчасці амінакіслот, камбікармоў, і перапрацоўцы ў Пухавіцкім раёне плануецца стварыць комплекс збожжасховішчаў, аўтакамбінат і навукова-даследчую лабараторыю. На падпраект «Земляробства» вылучаныя буйныя пасяўныя плошчы — да 300 тысяч гектараў (гэта як дзесяць калгасаў). Там будзе гадавацца насенне зернебабовых і алейных культур.

Характэрна, што спецыялізаваная структура — ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя» — дзяржавай ствараецца ўпершыню ў беларускай гісторыі. Праўда, усё робіцца ў горшых чыноўніцкіх традыцыях: стварыць «БНБК» даручана Мінаблвыканкаму, пасля чаго ён жа павінен скласці інвестыцыйную дамову на апісаны праект ад імя Рэспублікі Беларусь з ім жа створанай карпарацыяй. То бок, калі ва ўсім свеце на чале біятэхналагічных кампаній становяцца менеджары найвышэйшага ўзроўню, то ў Беларусі біятэхам будуць займацца чыноўнікі абласной вертыкалі.

І ўсё гэта робіцца зноў на бюджэтныя грошы. Дрэваапрацоўку ўжо з бюджэту мадэрнізавалі. І цэментавыя заводы — таксама.

Згодна ўказу, ЗАТ «БНБК» для будаўніцтва і абслугоўвання сваіх аб’ектаў атрымае ўчастак зямлі плошчай 160,05 гектары ў арэнду на 99 гадоў без аўкцыёну. Таксама карпарацыя са старту атрымлівае шэраг палёгкаў: яна будзе вызваленая ад пакрыцця страт сельскагаспадарчай вытворчасці; абсталяванне, камплектуючыя, сыравіна і матэрыялы, што ўвозяцца на тэрыторыю Беларусі пад гэты праект, вызваляюцца ад увазных мытаў і ПДВ. Падрадныя арганізацыі «БНБК» не будуць плаціць дзяржмыта за прыцягненне ў краіну замежнай працоўнай сілы, а замежныя грамадзяне, якія прыцягваюцца да гэтага інвестпраекта, вызваляюцца ад выплаты дзяржмыта за выдачу дазволаў на часовае пражыванне.


Каго хочуць абдурыць?


Сёння ніхто не сумняваецца, што біялагічныя і біямедыцынскія тэхналогіі насамрэч стануць асновай чалавечага прагрэсу ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі — гэтак жа, як сёння асновай прагрэсу з’яўляюцца кампутарныя і тэлекамунікацыйныя тэхналогіі. Але тэхналогіі тэхналогіям розніца. Словы «заводы па вытворчасці незаменных амінакіслот — лізіну, трэаніну і трыптафану» могуць уразіць выпускніка факультэта журналістыкі. Выпускнік біялагічнага факультэта толькі сумна ўсміхнецца. Аўтар гэтых радкоў вучыўся на біялагічным.


Што на самай справе нам прапаноўваюць развіваць за бюджэтныя грошы пад выглядам «найноўшых біятэхналогій»? Ва ўказе гаворка ідзе пра тэхналогіі, якія былі актуальныя ў 1960-я гады, калі ва ўсім свеце ішла так званая «зялёная рэвалюцыя». Тады чалавецтва здзейсніла ўражлівы прарыў у тэхналогіях сельскай гаспадаркі. «Зялёная рэвалюцыя» дазволіла не толькі накарміць насельніцтва Зямлі, але і палепшыць якасць яго жыцця.

Аднак сёння ні ў адной адносна развітой краіне свету няма праблем з сельскагаспадарчай вытворчасцю. Хутчэй, наадварот: тым жа еўрапейскім фермерам урады даплачваюць, каб яны не выраблялі зашмат прадукцыі. Навукоўцы даўно давялі, што пры сучасных агратэхналогіях тэрыторыя плошчай з Аргенціну здольная пракарміць 10 мільярдаў чалавек.

Сапраўды перадавыя біятэхналогіі ва ўсім свеце зараз сканцэнтраваныя на іншым — на пытаннях медыцыны і падаўжэння чалавечага жыцця, на вырашэнні праблем энергетыкі і чысціні навакольнага асяроддзя. 

Аднак у Беларусі мысленне кіраўніцтва краіны застаецца калгасным. Прычым у дадзеным выпадку — у прамым сэнсе. Грошы ўкладаюцца ў біятэхналогіі, якія будуць запатрабаваныя менавіта калгасамі, як бы іх там не пераназывалі.


Біятэхналогіі будучыні


Сёння мы бачым, што стаўка на развіццё IT, зробленая дзесяцігоддзе таму, аказалася слушнай, што пацвярджае паспяховы досвед Парка высокіх тэхналогій. У прынцыпе, Беларусь магла б і ў сферы біятэхналогій шмат чаго дамагчыся, зрабіўшы іх добрай крыніцай паступлення прыбыткаў. Сёння наша краіна ганарыцца высокім узроўнем выкладання матэматыкі, дзякуючы чаму беларускіх праграмістаў шануюць ва ўсім свеце. Але ўзровень выкладання біялогіі ў Беларусі не ніжэйшы — невыпадкова нашы студэнты-біёлагі рэгулярна займаюць першыя месцы на міжнародных універсіядах.


Аднак пакуль «стрэлілі», забяспечыўшы высокія прыбыткі, менавіта праграмісты. Чыннік у тым, што IT-бізнес на старце патрабуе высокіх інтэлектуальных, але вельмі нізкіх фінансавых укладанняў; таксама ён хутка пачынае прыносіць прыбытак. А таму яго аператыўна асвоілі беларускія прадпрымальнікі. У адрозненне ад кампутарнага, біятэхналагічны бізнес патрабуе нашмат большых капіталаўкладанняў і пачынае прыносіць аддачу далёка не адразу. Адпаведна, тут патрабуецца ўкладаць «доўгія» грошы, чаго беларускія бізнесмены, не ўпэўненыя ў сваім заўтрашнім дні, рабіць не любяць.

У астатнім свеце біятэхналогіі ў інвестараў — сярод найпершых прыярытэтаў. Толькі ўкладаюцца яны зусім не ў будаўніцтва «заводаў па вытворчасці лізіну, трэаніну і трыптафану, камбікармоў», а зусім у іншае. Напрыклад, карпарацыя Google у 2013 годзе стварыла біятэхналагічную кампанію «Calico», задачы якой — даследаванні ў галіне старэння, даўгалецця і падаўжэння жыцця. У «Calico» інвеставаныя ўжо сотні мільёнаў долараў. Таксама ў біялагічныя тэхналогіі ўкладвае свае грошы і самы багаты чалавек у свеце — Біл Гейтс.

У ліку прыярытэтаў у заходніх фундатараў біялагічная ачыстка сцёкавых водаў, забруджванняў глебы і т.п.; стварэнне новых формаў раслін, жывёл і мікраарганізмаў, добра прыстасаваных да індустрыяльных спосабаў вытворчасці; кіраваная змена спадчыннасці раслін; распрацоўка метадаў генатэрапіі, бяспечных для клеткі, для пераадолення генетычных хвароб і старэння; біятэхналогіі для цяжкай прамысловасці — выкарыстанне мікраарганізмаў для здабычы і перапрацоўкі прыродных выкапняў, напрыклад, для распрацоўкі адвалаў старых рудняў і бедных радовішчаў, дзе традыцыйныя метады здабычы эканамічна невыгодныя.


На што звярнуць увагу


У беларускіх навукоўцаў ёсць свае напрацоўкі ў галіне біятэхналогій. Напрыклад, тэхналогіі вытворчасці прэпаратаў з лактаферыну для неданошаных дзяцей. Гэты праект быў шырока разрэкламаваны прапагандай як поспех навукі ў Саюзнай дзяржаве. Праца над атрыманнем бялку лактаферыну вялася доўгі час, завершаныя дзве саюзныя праграмы «Белространсген» і «Белространсген-2». Цяпер распрацоўваецца новая праграма «Белрослакт», у падмурак якой лягуць вынікі першых дзвюх праграм.

Аднак па-сапраўднаму паспяховым у Беларусі мог бы стаць іншы біятэхналагічны кірунак — біяэнергетыка. Замест будаўніцтва АЭС грошы можна было б укласці ў даследаванне механізму фотасінтэзу — і ў выніку вырабляць за кошт энергіі Сонца вадарод — самае экалагічна чыстае паліва будучыні. Альбо ствараць біяарганічныя сонечныя панелі — з вельмі нізкім сабекоштам вытворчасці (высокі кошт — галоўная праблема крамянёвых сонечных батарэй сёння).

Ужо цяпер можна было б запусціць маштабную праграму па вытворчасці біягазу — гэта даўно вядомая тэхналогія. Гэты аналаг прыроднага газу можна атрымліваць, як самагонку, з любой арганікі — ад гною да драўлянага зэдлічка. Па меркаванні навукоўцаў, не меней паловы ўсяго спажываемага газу мы можам выпрацоўваць у сябе — з сельскагаспадарчай арганікі, пры дапамозе біягазавых установак. А калі вельмі пастарацца, то такім чынам можна наогул адмовіцца ад расійскага газу.

Трэба толькі абраць правільны кірунак развіцця і інвестыцый. Пакуль жа мы ўкладаем грошы не ў будучыню, а ў мінулае — як ні прыкра гэта канстатаваць.



Каментаваць