Суд над Таццянай Аляхновіч працягнецца 14 ліпеня

Прадпрымальніцы пагражае штраф да 500 базавых велічыняў.


Індывідуальная прадпрымальніца Таццяна Аляхновіч, гісторыю якой наша газета нядаўна публікавала, атрымала смс-паведамленне з суду Фрунзенскага раёна Мінска з датай наступнага судовага паседжання. Працэс пачнецца а 14.15 у кабінеце №136, суддзя — Буйноўская Анна Ігараўна. Судовае паседжанне адкрытае, таму на яго можа прыйсці любы ахвочы падтрымаць прадпрымальніцу (з сабой трэба мець пашпарт, у суд нельга прыходзіць у шортах ды кароткіх майках).

Нагадаем, першае паседжанне прайшло 23 чэрвеня. Як паведаміла Таццяна Аляхновіч, суд скончыўся ў хуткім часе пасля пачатку: з-за таго, што муж і маці Таццяны Аляхновіч папрасілі суддзю гаварыць грамчэй, бо не было нічога чуваць, іх выставілі за дзверы кабінета. Калі прадпрымальніца засталася ў душным памяшканні адна, ёй стала дрэнна: «Там стаяў стул, мне не тое, што прысесці, нават пакласці дакументы на яго не дазволілі — сказалі стаяць і трымаць у руках. Я заявіла хадайніцтва аб прыпыненні працэсу на 5 хвілін, каб я магла выйсці на калідор і падыхаць свежым паветрам, аднак суддзя забараніла мне выходзіць. Тады я стала губляць прытомнасць».

Для Таццяны Аляхновіч выклікалі хуткую дапамогу, аднак чальцы брыгады, па словах дзяўчыны, былі некампетэнтнымі і не ведалі, што гэта такое — панічныя атакі (ПА): «Яны пачалі казаць, што я прыдурваюся, што такіх дыягназаў не існуе, білі па шчаках, па твары, каб я ўстала, але ў мяне скамянелі рукі і ногі, я не магла імі нават паварушыць. Мужа і маму не пускалі ў кабінет, але калі мама пачулае мае крыкі «Не біце мяне», яна ўварвалася туды».

Тады для прадпрымальніцы выклікалі другую брыгаду хуткай дапамогі, якая паводзіла сябе прафесійна і шпіталізавала Таццяну Аляхновіч. Дзяўчына выпісалася праз суткі, нягледзячы на перакананні загадчыка аддзялення заставацца яшчэ на лячэнне — баялася прапусціць наступны суд.

Цяпер Таццяна Аляхнові, засцерагаючыся новых нервовых зрываў, не ўпэўнена, што будзе асабіста прысутнічаць на наступным паседжанні — мажліва, яе інтарэсы будзе прадстаўляць адвакат.

Нагадаем, Таццяну Аляхновіч вінавацяць у невыкананні ч.ч. 1, 2 арт. 12.17 КаАП — парушэнне правілаў гандлю і рэалізацыя тавараў са скончаным тэрмінам захоўвання. Да такіх тавараў правяраючыя з Міністэрства гандлю залічылі асабістую ссабойку Таццяны Аляхновіч. Па выніках праверкі і закрыцця кавярні жанчына ўжо страціла каля 70 млн. рублёў.

Каментаваць