Сусветны фінансавы крызіс: каталізатар беларускіх рэформаў?

Сусветны фінансавы крызіс адбыўся ў перыяд, калі пачаліся працэсы павольнай інтэрнацыяналізацыі беларускай эканомікі, уваходжання яе ў сусветныя фінансавыя рынкі. Ступень гэтай інтэграцыі даволі слабая, аднак чыннікі, праз якія пературбацыі ў сусветнай эканоміцы адбіваюцца на Беларусі, зусім не падкантрольныя тым, хто прымае рашэнні ў Мінску.



Сусветны фінансавы крызіс адбыўся ў перыяд, калі пачаліся працэсы павольнай інтэрнацыяналізацыі беларускай эканомікі, уваходжання яе ў сусветныя фінансавыя рынкі. Ступень гэтай інтэграцыі даволі слабая, аднак чыннікі, праз якія пературбацыі ў сусветнай эканоміцы адбіваюцца на Беларусі, зусім не падкантрольныя тым, хто прымае рашэнні ў Мінску.

Гэта азначае, што беларускія ўлады і эканамічныя суб’екты не маюць іншага выйсця, акрамя адаптацыі. Беларускім уладам даводзіцца змірыцца з непазбежным: прымаючы пад увагу структурныя і палітычныя чыннікі, такія, напрыклад, як абавязальніцтвы дзяржавы перад грамадствам. Крызіс падштурхоўвае Беларусь да рэформаў, і ў першую чаргу да прыватызацыі. Пра гэта сведчыць і ідэалагічная апрацоўка насельніцтва, якую пачалі беларускія ўлады для легітымізацыі новай эканамічнай мадэлі.

Ці толькі вонкавы крызіс?

Мяккая грашовая палітыка, якую доўгія гады праводзілі ЗША, маючы на мэце забеспячэнне росту ўнутранага попыту і паскарэнне грашовага абароту, завяршылася пэўнымі праблемамі. Гэтыя турботы не закранулі Беларусь адразу і наўпрост, бо нашы фінансавыя дзівосы маюць іншае паходжанне: пашырэнне разрыву ў тэмпах росту крэдытаў, дэпазітаў і вытворчасці на фоне нарастання адмоўнага сальда ў гандлі таварамі з навакольным светам.

Аднак падмурак у розных працэсаў адзіны. Бо і ў Беларусі крэдытныя паводзіны грамадзян і суб’ектаў гаспадарання нарэшце уніфікаваліся з глабальнымі: таго, хто пазычае, больш не лічаць няшчасным, падазроным і ненадзейным. Жыць «у пазыку», у адрозненне ад папярэдніх часоў, у Беларусі стала нармальным. Але пры адсутнасці рынку каштоўных папераў кіраўнік краіны можа карыстацца рыторыкай, што характарызуе праблему крызісу як «знешнюю». Пры гэтым у статыстычных паведамленнях наш знешні гандаль улічваецца ў доларах ЗША. Да таго ж мы маем са знешнім светам агульную мяжу. І праз тую мяжу ў абодва бакі накіроўваюцца рэчы, грошы і інфармацыя. Так што называць крызіс «знешнім» у такіх варунках — гэта тое самае, што дыхаць паветрам і адначасова называць атмасферу «знешнім» чыннікам.

Зірнем на айчынны імпарт і экспарт. Яны, бясспрэчна, растуць цягам апошніх чатырнаццаці гадоў. Тым часам расце і прапускная здольнасць каналу, праз які прыходзяць да нас праблемы ад суседзяў. Адбываецца гэта ў выглядзе скарачэння спажывання нашай экспартнай прадукцыі або зніжэння цэнаў на тое, што мы імпартуем.

З табліцы 1 выразна бачна, як у сярэдзіне перыяду, не без уплыву крызісу 1997–1998 гадоў, адбылася радыкальная змена тэндэнцый: экспарт у Расію стаў меншы за «заходні», а імпарт з Расіі пачаў імкліва расці. Крыніцай пераўтварэнняў былі цэны на сырую нафту і ўгнаенні. Дзеля іх пастаяннага росту стала мяняцца таварная структура экспарту ў краіне і з’явіліся дадатковыя валютныя рэсурсы для вырашэння часткі ўнутраных праблемаў.

Рост валютнай выручкі (табліца 1), прыток наяўных рэсурсаў ад знешніх мігрантаў (сярэднегадавая іх колькасць — у пераліку на занятых поўны працоўны год — апошнія пяць гадоў вагалася каля 250 тысяч чалавек) і рост знешняй запазычанасці дазвалялі ўтрымліваць курс рубля адносна долара і паслядоўна нарошчваць золатавалютныя рэзервы Нацыянальнага банку. Знікненне вышэйназваных чыннікаў пацягне розныя наступствы. Таму асноўнае пытанне крызісу для Беларусі звязана з вызначэннем сумарнага вектару чакаемых змяненняў.

Пачнём з нафты і прадуктаў яе перапрацоўкі, калійных угнаенняў, натуральнага газу і двух апярэджваючых індыкатараў унутранага рынку: попыту на жытло, новыя аўтамабілі і кампутары (табл. 2).

Усе абраныя індыкатары дэманстравалі станоўчую дынаміку. Адзначым устойлівае спажыванне імпартаванай нафты на ўнутраным рынку і дасягненне максімуму ў спажыванні натуральнага газу. Прадукты перапрацоўкі нафты складаюць большую палову нашага экспарту. У выніку крызісу нафта робіцца ўсё больш таннай. Адбываецца скарачэнне цэнаў і аб’ём спажывання прадуктаў яе перапрацоўкі. Краіна будзе імпартаваць менш нафты і экспартаваць менш нафтапрадуктаў (тым часам Расіі будзе даставацца ўсё большая частка ад экспартных мытных збораў).

Ужо відавочна, што тут падзеі пачалі рухацца не на нашу карысць. Тое, што ўслед за нафтай патаннее і газ, палёгкі не прынясе, бо скарачэнне адмоўнага сальда ў знешнім гандлі будзе ісці адначасова са скарачэннем нашай канкурэнтаздольнасці. Гэта прама прапарцыйна розніцы паміж сярэдняй цаной газу ў Еўропе і льготнай цаной на мяжы Беларусі.

Эканамічны стан «Газпраму», які назапасіў каласальную знешнюю запазычанасць пад вартасць сваіх акцыяў, што за апошнія месяцы абясцэніліся ў разы, не абяцае нам далейшай палёгкі — больш таго, цалкам магчыма, што фінансавыя страты «Газпрам», як і іншыя карпарацыі, кампенсуе за кошт бліжэйшых суседзяў, у тым ліку і Беларусі. Раптоўна памяняць структуру паліўна-энергетычнага комплексу таксама не выпадае. Застаецца спадзявацца на захаванне плацежаздольнасці спажыўцоў калійных угнаенняў: Індыі, Кітаю, Бразіліі, ЗША і Польшчы. Аднак плацежаздольнасць гэтых спажыўцоў таксама залежыць ад таго, наколькі хутка сусветная эканоміка, і ў першую чаргу эканомікі ЗША і ЕС, ад экспарту ў якія залежыць і эканамічны рост у названых краінах, выкараскаецца з крызісу. Нарэшце, з-за крызісу пачалося скарачэнне працоўных месцаў ва ўсіх суседніх краінах.

У выніку, напрыклад, у сферы будаўніцтва ў Беларусі апошнім месяцам знік дэфіцыт кадраў. Прыток грошай ад мігрантаў запавольваецца. Што тычыцца так званай «аўтарытарнай мадэрнізацыі», то яна засталася фікцыяй розуму афіцыйнай прапаганды. Ва ўмовах крызісу пашырэнне збыту не вельмі канкурэнтаздольнай прадукцыі нашага машынабудаўнічага комплексу мае перспектыву толькі ў межах былога СССР па бартэрных схемах. Чаканы ў Расіі пуск аналагаў нашых прадпрыемстваў, якія там збудавалі па сучасных заходніх тэхналогіях, вельмі небяспечны для нашага рынку.

Пастка спажывецкага грамадства

Тым часам насельніцтва ўступіла ў фазу масавага спажывання, пачало прызвычайвацца да росту якасці жыцця. Гэта спажыванне актыўна стымулявалася банкаўскім сектарам. Рынак крэдытавання апошнія шэсць гадоў імкліва рос. Асноўную масу карыстальнікаў склалі асобы ва ўзросце 20–50 гадоў, якія да сярэдзіны бягучага года напазычалі больш за 10 трыльёнаў рублёў (прыкладна 9 працэнтаў ВУП 2007 года).

Адначасова расла запазычанасць ураду, камерцыйных банкаў і прадпрыемстваў. Пры вялікай долі апошніх у сукупнай запазычанасці небяспечнай ёсць кароткатэрміновасць абавязацельстваў у вытворчай сферы. Сукупная знешняя запазычанасць складае пад 15 мільярдаў долараў і працягвае расці. Прадэклараваныя намеры пазычыць у Расіі і МВФ яшчэ 4 мільярда долараў, што, дарэчы, адпавядае планаванаму адмоўнаму сальда знешнегандлёвых аперацыяў на канец года.

Варта зазначыць, што змяненне запазычанасці адбываецца паводле добра вядомых заканамернасцяў росту на базе дыскрэтных і абмежаваных рэсурсаў. Іншымі словамі, надышла фаза, калі працэс росту запазычанасці і яе вяртання нельга ўжо разглядаць як лінейны. Падлікі сведчаць, што пры існуючым тэмпе росту з канца наступнага года памер запазычанасці пачне цыклічна вагацца паміж двума ўзроўнямі 17–20 мільярдаў долараў, бо пазычаць нам будуць ужо толькі на рэструктурызацыю той запазычанасці. Далейшы імклівы рост абавязацельстваў істотна павялічвае імавернасць перарастання цыклічных ваганняў у хаатычныя.

Дзяржаўныя і недзяржаўныя заёмшчыкі рэгулююць рост сваіх абавязацельстваў і дысцыпліну разлікаў прапарцыйна прапанове грошай банкамі і адпаведна інфармацыі пра дынаміку тых ці іншых рынкаў. Тэрміновыя меры кіраўніцтва краіны часова стабілізавалі ажыятажны попыт на валюту. Хаця па некаторых сектарах эканомікі попыт перавышае прапанову ў 10 разоў. У гэтай сітуацыі банкі ствараюць «падушку бяспекі» і толькі за верасень скарацілі золатавалютныя рэзервы Нацыянальнага банку на 0,7 мільярда долараў — да 4,9 мільярд долараў.

Што рабіць?

Вернемся, аднак, да палітычнай рыторыкі вакол крызісу. Яна выразна падзяляецца ўжо на ўнутраную — папулісцкую і знешнюю — прагматычную. З прагматычнай можна пагадзіцца. Міністр эканомікі сказаў: «Ці то да шчасця, ці то да жалю, але Беларусь — краіна, якая аказалася, з погляду міжнародных фінансавых інстытутаў, недаразвітай. Акцыі нашых прадпрыемстваў на транснацыянальных пляцоўках не каціраваліся, таму значных прамых страт у нас не будзе. Але, з іншага боку, безумоўна, фінансавы крызіс ускосна паўплывае і на нас: скарачаецца попыт і на расійскім рынку, і на іншых рынках. Таму можна прагназаваць аб’ектыўнае змяншэнне аб’ёмаў продажу нашай прадукцыі. Дадайце да гэтага цяжкасць доступу да крэдытных рэсурсаў або атрыманне крэдытаў па высокіх стаўках. Адсюль можа быць затрымка і ў працэсе мадэрнізацыі, і пры папаўненні абаротных сродкаў». Справядліва. Ёсць і першыя знешнія ацэнкі: агенцтва Standard & Poor’s Ratings Services знізіла нам прагноз у рэйтынгу да «негатыўнага». Гэта значыць, што пры агульным скарачэнні наяўнасці крэдытных сродкаў іх даступнасць і цана для беларускага кіраўніцтва павышаюцца яшчэ больш.

У такіх умовах у кіраўніцтва краіны тым не менш застаюцца прыдатныя і адпаведныя сітуацыі інструменты для паслядоўнага выкарыстання. Напрыклад, дэвальвацыя рубля. Праўда, для нашага кіраўніцтва гэта тэрапія адчаю. Як было паказана ў шматлікіх папярэдніх аналізах BISS і яго партнёраў, стабільнасць абменнага курсу і давер насельніцтва да нацыянальнай валюты — адзін з падмуркаў «сацыяльнага кантракту» паміж уладай і грамадствам. Мікракрызіс у беларуска-расійскіх адносінах у 2006–2007 гадах справакаваў набег на банкі, наступствы якога былі зліквідаваныя толькі тэрміновым крэдытам, за якімі прыйшлося расплаціцца прыватызацыяй мабільнага аператара Velcom. Таму, нават нягледзячы на тое, што пры адмоўным сцэнары развіцця «вонкавых» чыннікаў (кошты на нафту, попыт на расійскім рынку і наяўнасць крэдытных рэсурсаў) дэвальвацыя, верагодна, стане непазбежнай, можна прагназаваць, што да яе беларускія ўлады звернуцца ў апошнюю чаргу.

Яшчэ адзін інструмент барацьбы з крызісам — лібералізацыя эканомікі. Яна ўжо абвешчаная, але яшчэ патрэбна грунтоўная яе легітымізацыя. Працэс дэ-факта пачаўся, маючы пад увагай заявы кіраўніка дзяржавы пра тое, што вольнага рынку «баяцца не варта». Парадаксальна, але такія заявы адбываюцца на тле абрання новага амерыканскага прэзідэнта, які выступае за пераразмеркаванне багацця. У той жа час тэрміновыя меры па скарачэнню імпарту, такія, як увядзенне максімальных надбавак у гандлі імпартаванай прадукцыі, паказваюць, што да паўнавартаснай лібералізацыі яшчэ далёка. Сігналам пра яе надыход  зацікаўленыя асобы пры жаданні могуць лічыць стопрацэнтную гарантыю бяспекі ўсіх банкаўскіх дэпазітаў і выдзяленне Аграпрамбанку мільярда долараў падтрымкі.

Пры скарачэнні доступу да крэдытных рэсурсаў і палітычнай немэтазгоднасці дэвальвацыі прыватызацыя можа стаць галоўным інструментам забеспячэння бяспекі беларускай эканомікі. Аднак варта заўважыць, што прыватызацыя мусіць адбывацца на фоне скарачэння попыту на беларускія актывы і іх кошту. Варыянты развіцця падзеяў вакол сотні з палавінаю прадпрыемстваў, якія ўключаны ў прэзідэнцкі ўказ № 605, а значыць, падлягаюць асаблівай працэдуры акцыянавання і прыватызацыі, чым далей, тым болей цьмяныя, бо ў расіян імпэт знікае. Скандальная адмена беларуска-расійскай нарады на вышэйшым узроўні і рашэнне Пуціна будаваць нафтаправод з Унечы да Санкт-Пецярбургу паніжае імпэт і ў заходніх пакупнікоў.

Для манеўру застаецца ўсё менш пляцовак, напрыклад, аграрная рэформа (каналізацыя сацыяльнай і эканамічнай актыўнасці) або скарачэнне амбіцыйных інвестыцыйных праектаў, якія будзе вельмі цяжка фінансаваць за кошт крэдытаў. Усё паказвае на тое, што Беларусь трапляе ў сітуацыю, якая змушае да рэформаў. Але ўрад рэагуе на тое ростам кантролю і спробамі прапанаваць беспрафіцытны бюджэт. Як той казаў: «Хрэсьбін няма, але падрыхтоўка ідзе».

Каментаваць